Кардынал Крыстаф Шонбарн па выніках сваёй місіі папскага пасланніка у Беларусі распавёў выданню Catholic.by, ці можа наша краіна быць пасярэднікам паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, чым гэта можа быць карысна, а таксама ці варта чакаць візіту Папы Рымскага ў Беларусь.

Нагадаем, кардынал Крыстаф Шонбарн наведаў Беларусь у якасці папскага пасланніка на ўрачыстасці 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якія святкаваліся ў Будславе 1-2 ліпеня.
Журналісты пацікавіліся яго меркаваннем: наколькі магчымая сустрэча Папы Рымскага Францішка з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам у Беларусі - як тое адбывалася у лютым 2016 года у Гаване. Вернікі адзначалі, што наша краіна магла б выступіць такой пляцоўкай.
“Пра сустрэчу ў Гаване я ведаю не больш, чым з паведамленняў СМІ. Як і не ведаю дэталяў сустрэчы вашага прэзідэнта з Пантыфікам. Аднак, мяркуючы па тым, што я ўбачыў тут, Беларусь можа адыгрываць ролю пасрэдніка паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. У сённяшніх умовах вырашальным з’яўляецца і той факт, што Беларусь не ўцягнута ў расійска-ўкраінскі канфлікт. І падобная сустрэча на беларускай зямлі магла б паспрыяць вырашэнню гэтага канфлікту. Але, вядома, сустрэча можа адбыцца толькі тады, калі і іншыя бакі таксама гэтага захочуць”, - распавёў кардынал.
Крыстаф Шонбарн таксама ўзгадаў, што падчас сваёй паездкі ў Беларусь сустракаўся з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеям. Абмяркоўвалі ў тым ліку апошні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан да Папы Францішка - і магчымасць зваротнай сустрэчы.
“Вядома, з аднаго боку гэтага павінен хацець сам Папа Францішак, а па-другое, у краіне для гэтага павінны быць перадумовы”, - адзначыў кардынал.
Што ж датычыцца спадзеваў на гэта з боку вернікаў, то суразмоўца тлумачыць:
“Яна (каталіцкая супольнасць, - TUT.BY) павінна спадзявацца. Надзея ўласціва для нашага жыцця, таму спадзявацца трэба заўсёды. Аднак ацэньваць шансы не так проста, бо ў выпадку з Папам Францішкам ніколі дакладна не ведаеш, што падкажа яму інтуіцыя і Божы Провід. Гэта можа адбыцца вельмі знянацку. Але можа і не адбыцца...».