Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


«Белая смерць» атакуе Беларусь. Колькасць асоб, якiя дапускаюць немедыцынскае ўжыванне наркотыкаў, год ад году павялiчваецца. Напрыклад, як паведамiў падчас сустрэчы з журналiстамi галоўны нарколаг Мiнiстэрства аховы здароўя краiны Уладзiмiр Максiмчук, калi ў 2000 годзе ў Беларусi было зарэгiстравана 4 тысячы 545 наркаманаў, то зараз на дыспансэрным улiку знаходзяцца 6 тысяч 129 такiх асоб. Гэтым людзям афiцыйна пастаўлены дыягназ «наркаманiя». Яшчэ каля 4,5 тысячы нашых суграмадзян эпiзадычна ўжываюць наркотыкi. Такiм чынам, у Беларусi толькi па афiцыйных звестках амаль 11 тысяч наркаманаў.

Насамрэч, як адзначыў Уладзiмiр Максiмчук, колькасць такiх асоб значна большая, бо гэтая страшная хвароба мае скрыты характар. У медыцынскiя ўстановы па дапамогу звяртаюцца толькi ад 5 да 7 працэнтаў наркаманаў, астатнiя «не афiшуюць» сваё захворванне. А намеснiк начальнiка ўпраўлення па процiдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў i злачынствам у сферы маралi МУС Беларусi Мiкалай Луканаў дадаў, што за год адзiн наркаман у сярэднiм «вярбуе» ў свае шэрагi каля 10 чалавек. Зыходзячы з гэтага можна зрабiць выснову, што рэальная колькасць наркаманаў прыкладна ў 10 разоў большая, чым афiцыйная лiчба.

Адметна, што 84,5 працэнта наркаманаў — гэта асобы ва ўзросце да 35 гадоў. Прычым амаль 3 працэнты наркаманаў увогуле маюць узрост да 15 гадоў. Уладзiмiр Максiмчук падкрэслiў, што сярэдняя працягласць жыцця чалавека з таго моманту, як ён пачаў ужываць наркотыкi, складае ад 8 да 10 гадоў.

У мiнулым годзе ад перадазiроўкi памерлi 180 наркаманаў. Ахвяр «кайфу» магло б быць значна больш, калi б не актыўныя дзеяннi па спыненню наркатычнай навалы з боку беларускай мiлiцыi. У мiнулым годзе, паводле слоў Мiкалая Луканава, супрацоўнiкамi органаў унутраных спраў канфiскавана 1,2 тоны макавай саломкi, 266 кiлаграмаў марыхуаны i больш за 265 кiлаграмаў iншых наркотыкаў, а таксама 90 кiлаграмаў псiхатропных рэчываў. Спецыялiсты падлiчылi, што ўсёй колькасцi памянёных рэчываў хапiла б для прыгатавання 8,8 мiльёна наркатычных доз.

Мiкола ДЗЯБЁЛА