опубликовано: 
обновлено: 

Невядомыя здзейснілі напад на Валянціну Быкаву — сястру вядомага беларускага пісьменніка Васіля Быкава. Амаль 90-гадовая жанчына знаходзіцца ў рэанімацыі ва Ушацкай райбальніцы.

Валянціна Быкава на свяце ў вёсцы Бычкі, перад цырымоніяй ўручэння прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава. Фота: Таццяна Мацьвеева

Пра здарэнне паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook журналіст і грамадcкі актывіст Глеб Лабадзенка.

«Патэлефанавала яе (Валянціны Быкавай. — Заўв. TUT.BY) суседка, распавяла жах, у які цяжка паверыць. Учора зранку Валянціна Уладзіміраўна пачула нейкі шум у бакоўцы, выйшла паглядзець, у гэты момант атрымала моцны ўдар. Стала крычаць, нападнік стаў заціскаць ёй рот. У выніку зламаў некалькі рабрынаў і руку. Яна здолела выклікаць хуткую, цяпер яна ў рэанімацыі Вушацкай лякарні. У яе ўжо былі следчыя, міліцыя і кіраўніцтва райвыканкама. Удар быў ззаду, таму яна не пабачыла і не запомніла нападніка. Як сказала суседка, з хаты нічога не прапала — нападніка нешта спужала і ён уцёк. Іншых падрабязнасцяў суседка не паведаміла. Заўтра яна ідзе пераведваць Валянціну Уладзіміраўну, тады занясе ёй тэлефон і будзе магчымасць з ёй пагутарыць. У ліпені Валянціне Уладзіміраўне споўніцца 90 год».

«28 мая Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце прычынення менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў 89-гадовай жыхарцы Ушацкага раёна Валянціне Быкавай. Пацярпелая знаходзіцца ў свядомасці, ёй аказалі медыцынскую дапамогу ў раённай бальніцы. На месца злачынства выязджала следча-аператыўная група, якая правяла агляд месца здарэння. Зараз адпрацоўваюцца розныя версіі, правяраецца кола асоб, якія маглі быць датычныя да здзяйснення злачынства, праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы», — паведаміла TUT.BY прадстаўнік упраўлення СК па рэгіёне Святлана Сахарава.

Валянціна Быкава жыве адна ў сваёй хаце ў вёсцы Ваўчо, гэта прыкладна ў 2 км ад райцэнтра Ушачы. Неглядзячы на паважаны ўзрост, становіцца госцей розных імпрэз, звязаных з нацыянальнай культурай. У прыватнасці, яна штогод прыязджала на цырымонію ўручэння прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава ў вёску Бычкі Ушацкага раёна, дзе прайшло дзяцінства вядомага літаратара.

-21%
-10%
-10%
-20%
-10%
-10%
-50%
-15%
-30%
-10%
-10%