Ігар Мельнікаў,

Летам-восенню 1940 года брытанскія ВПС мужна змагаліся з пераўзыходзячымі сіламі люфтвафэ. Свой уклад у адбіцці агрэсіі нацыстаў унеслі шматлікія польскія пілоты, сярод якіх былі і беларусы.

Выматаць праціўніка

У перыяд з 9 ліпеня па 30 кастрычніка 1940 года брытанскія каралеўскія вайскова-паветраныя сілы (Royal Airforce) гераічна супрацьстаялі нацысцкай авіяцыі. Гэты эпізод Другой Сусветнай вайны ўвайшоў у гісторыю як «Бітва за Брытанію». Дарэчы, упершыню гэтую назву выкарыстаў прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі сэр Уінстан Чэрчыль, назваўшы так спробу Трэцяга Рэйха заваяваць панаванне ў паветры над поўднем Англіі і падарваць баявы дух брытанскага народа.

Адольф Гітлер
Адольф Гітлер

Варта разумець, што Бітва за Брытанію была першай у сусветнай гісторыі ваеннай кампаніяй, у якой удзельнічалі выключна ВПС і сілы супрацьпаветранай абароны. Паводле германскага плана, люфтвафэ павінна было захапіць ініцыятыву ў паветры і ў кравапралітных баях знішчыць брытанскую авіяцыю. Пасля гэтага Адольф Гітлер планаваў ажыццявіць дэсантную аперацыю з мэтай захопу Брытанскіх астравоў.

Брытанскі плакат
Брытанскі плакат

З ліпеня 1940 года асноўнымі мэтамі нямецкіх бамбардзіровак з’яўляліся англійскія канвоі і марскія базы, але ўжо праз месяц самалёты люфтвафэ пераключыліся на англійскія аэрадромы. Пазней новымі цэлямі для нямецкай авіяцыі сталі авіяцыйныя заводы і аб’екты наземнай інфраструктуры. Такім чынам, Герман Герынг імкнуўся уцягнуць брытанцаў у зацяжныя баі і аслабіць паветраную абарону каралеўства.

Германскія пілоты абмяркоўваюць план дзеяння
Германскія пілоты абмяркоўваюць план дзеяння

Вялікабрытанія пад бомбамі Гітлера

8 жніўня 1940 года немцы нанеслі моцныя ўдары па гарадах Кардыф, Хал, Ліверпуль, Бірмінгем і інш. Праз тры дні «Мессершмідты 109» бамбілі партовыя гарады Вемут і Портлэнд. Пазней цяжкім бамбёжкам падвергся порт у Саутгэмптане, аэрадромы ў Андоўэры, Рочэстары, Мэнстане. 24 жніўня немцы ўпершыню бамбілі Лондан.

Немцы рыхтуюцца да вылету
Немцы рыхтуюцца да вылету
Нямецкі борт-стралок
Нямецкі борт-стралок

Бамбавікі люфтвафэ ў небе
Бамбавікі люфтвафэ ў небе

29 жніўня люфтвафэ знішчылі аэрадром у Істчэрге. 4 верасня нацысты разбамбілі завод «Уікерс Велмінгтан» у Бруклэндс. У сярэдзіне верасня германская авіяцыя сканцэнтравала свае ўдары на сталіцы брытанскай імперыі - Лондане. У кастрычніку 1940 года ў бамбардзіроўках Англіі ўдзельнічала і італьянская авіяцыя.

Нямецкія «Штукі» ідуць на цэль
Нямецкія «Штукі» ідуць на цэль

Польскія пілоты ратуюць брытанскія астравы

З першых дзён Бітвы за Брытанію англійскаму вайсковаму камандаванню стала зразумела, што ім прыйдзецца звярнуцца па дапамогу замежных пілотаў, таму было прынята рашэнне стварыць польскія, чэхаславацкія і канадскія знішчальныя авіадывізіёны.

Польскія пілоты ў Вялікабрытаніі
Польскія пілоты ў Вялікабрытаніі

Усяго, у паветранай абароне Брытанскіх атравоў удзельнічала 4 польскія паветраныя дывізіёны (два бамбардзіровачных: 300 і 301) і два знішчальных (302 і 303), у складзе якіх ваявала 145 польскіх пілотаў (загінула 28). Дывізіён 301 імя «Паморскай зямлі» быў сфармаваны ў канцы ліпеня 1940 года ў Брэмкоўт. У яго склад першапачаткова ўваходзіла 24 экіпажы пілотаў і 180 чалавек тэхперсанала. У жніўні ён быў пераведзены на аэрадром Суіндэрбі і ўключаны ў склад 1-й бамбардзіровачнай групы RAF.

Падрыхтоўка да вылету
Падрыхтоўка да вылету
Брытанскі самалёт «Hawker Harricane». На такіх, у тым ліку, ваявалі польскія пілоты
Брытанскі самалёт «Hawker Harricane». На такіх, у тым ліку, ваявалі польскія пілоты

У верасні 1940 года самалёты дывізіёна бамбілі порт Балонь, Кале і Астэнд. Бамбардзіровачны дывізіён 300 імя «Мазавецкай зямлі» быў гатовы да баявых дзеянняў у верасні 1940 года і дзейнічаў разам з 301-м. 302 «Познаньскі» знішчальны дывізіён быў сфарміраваны ў ліпені 1940 года і ваяваў на самалётах «Харікэйн». 303 «Варшаўскі» дывізіён імя Тадэвуша Касцюшкі ўжо ў канцы жніўня 1940 года удзельнічаў у баях з самалётамі люфтвафэ. Па розных дадзеных пілоты 303-га ў жніўні-кастрычніку 1940 года збілі 126 нямецкіх самалётаў. Усяго ж, падчас Бітвы за Брытанію польскія авіятары знішчылі 170 нямецкіх самалётаў.

Імя герояў

Сярод тых, хто ў складзе польскіх экіпажаў абараняў брытанскае неба, былі і беларусы. Па дадзеных польскага камандавання ў лістападзе 1942 года ў RAF ваявала каля 47 жаўнераў праваслаўнага веравызнання. Але беларусы былі і сярод каталікоў. Варта таксама разумець, што шматлікія жаўнеры беларускага паходжання запісваліся «палякамі». Чаму? Адказ на гэтае пытанне дае гісторык Юры Грыбоўскі, які цытуе ўраджэнца Пастаў, пілота Казіміра Яновіча: «Польская нацыянальнасць тады атаясамлівалася з польскім грамадзянствам. Калі нехта да вайны жыў у Польшчы, то гэта азначала, што ён быў палякам. Так рабіла шмат „тутэйшых“».

Пілотка афіцэра брытанскіх каралеўскіх ВПС часоў Другой Сусветнай вайны
Пілотка афіцэра брытанскіх каралеўскіх ВПС часоў Другой Сусветнай вайны

Сярод беларусаў, якія ваявалі з нацыстамі ў складзе брытанскай авіяцыі варта назваць капітана Казіміра Бакаўца, радыёаператара Міхаіла Ляўдара, пілота Паўла Хаванскага, бортмеханіка 301-га знішчальнага дывізіёна Юзафа Амельяновіча (нарадзіўся ў 1915 г. у вёске Гнойна на Слонімшчыне).

Радыёаператар RAF, беларус Міхаіл Ляўдар
Радыёаператар RAF, беларус Міхаіл Ляўдар
Польскія пілоты рыхтуюцца да вылету
Польскія пілоты рыхтуюцца да вылету

Акрамя гэтага, у брытанскіх ВПС служыла і шмат ураджэнцаў Беларусі, пры чым не толькі заходняй, але і ўсходняй яе часткі. Сярод іх варта ўзгадаць ураджэнца Пінска (1924 г.) капрала Мікалая Шыяновіча; берасцейца Эдварда Анцута (1914 г.), лідчаніна Уладзіслава Антановіча (1911 г.), слонімчаніна Самуэля Байрашэўскага (1896 г.), ляхаўчаніна пілота Станіслава Бецьку (1915 г.), сяржанта-пілота Зянона Змітровіча (нарадзіўся ў 1922 г. у Лідзе); капрала-пілота 301-га знішчальнага дывізіёна Здзіслава Чапскага (нарадзіўся ў 1919 г. у Берасці); узводнага Канстанціна Відзернікава (нарадзіўся ў 1918 г. у Горадне); старэйшага сяржанта-пілота 300-га дывізіёна Івана Данялюка (нарадзіўся ў 1913 г. у Альбярціне ля Слоніма).

Харунжы Казімір Яновіч
Харунжы Казімір Яновіч
Казімір Яновіч атрымлівае Крыж Мужных
Казімір Яновіч атрымлівае Крыж Мужных

У складзе брытанскай авіяцыі з нацыстамі ваявалі ўраджэнец Мінска (1914 г.), старэйшы сержант, радыёаператар Мікалай Паўлючык; капрал Павел Аўсейчык (нарадзіўся ў 1914 годзе ў Негарэлым); сяржант-пілот Генрых Дыгала (нарадзіўся ў 1919 годзе ў Бабруйску); сяржант Юрый Чунікін-Красавецкі (нарадзіўся ў 1919 г. у Слуцку) і інш.

Фуражка польскага афіцэра-пілота RAF часоў Другой Сусветнай вайны
Фуражка польскага афіцэра-пілота RAF часоў Другой Сусветнай вайны

Па падліках сучасных даследчыкаў у ходзе бітвы за Брытанію пілотам RAF удалося знішчыць 1733 самалётаў ворага. Пры гэтым брытанцы страцілі 1087 машын.

Кожны год 15 верасня ў Вялікабрытаніі адзначаецца «Дзень Бітвы за Брытанію». Паводле меркавання англічан, страты, панесеныя нямецкімі ВПС у гэты дзень у 1940 годзе, прымусілі германскае камандаванне адмовіцца ад наземнай фазы ўварвання на Брытанскія астравы. Тую перамогу кавалі прадстаўнікі шматлікіх нацый. Прыемна, што свой уклад у абарону Вялікабрытаніі ў 1940 годзе ўнеслі і сыны Беларусі.

-50%
-35%
-20%
-17%
-10%
-20%
-20%
-21%