Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Правілы набыцьця жытла ў сталіцы Беларусі зьмяняліся ўжо неаднаразова. У сярэдзіне 1990-х гг. Вярхоўны Савет 13-га скліканьня дазволіў купляць кватэры ў Менску ўсім, хто пажадае. Аднак сталічныя ўлады гэтае рашэньне праігнаравалі. Тады ў справу ўмяшаўся Канстытуцыйны суд, які прызнаў, што забарона на набыцьцё жытла "іншагароднімі" парушае іхныя правы.

У 1997 г. Нацыянальны Сход пацьвердзіў, што ўсе грамадзяне маюць права жыць там, дзе яны жадаюць, аднак з агаворкай, што Менск можа мець адмысловы статус. Гарвыканкам скарыстаўся гэтым і прыняў новае рашэньне, згодна зь якім набываць жытло ў сталіцы маглі толькі яе жыхары. Праўда, гэтае рашэньне празь некалькі месяцаў адмянілі.

У выніку, у правілах набыцьця й абмену жытла іншагароднімі захавалася толькі адзінае абмежаваньне - гэтым асобам без дазволу мэрыі забаранялася набываць кватэры ў будынках, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасьці. Такім чынам рашэньне Канстытуцыйнага суду выканалі толькі часткова. Сёньня ж, праз тры гады, гарадзкія ўлады ізноў паспрабавалі зрабіць Менск закрытым горадам.

На мінулым тыдні дэпутаты гарсавету разгледзелі пытаньне аб куплі-продажы й абмене жылых памяшканьняў у Менску й прынялі адпаведнае рашэньне. Згодна зь ім, іншагароднія беларусы, неграмадзяне Рэспублікі Беларусь і асобы бяз грамадзянства могуць набываць жытло ў Менску толькі з дазволу мэрыі. Гэта тычыцца будынкаў усіх формаў уласнасьці.

Акрамя таго набыць жытло можна толькі ў выпадку, калі на кожнага грамадзяніна прыпадае ня менш за 15 м жыльлёвае плошчы. Да таго ж пакупнік павінен дадаткова заплаціць гораду за разьвіцьцё інфраструктуры. Памер гэтых плацяжоў пакуль ня вызначаны.

Такім чынам Менгарвыканкам ізноў цалкам бярэ пад кантроль міграцыйныя працэсы ў сталіцы. Праўда, мэта рашэньня яўна не апраўдвае сродкаў. Законапаслухмяныя грамадзяне, каб пасяліцца ў Менску, будуць вымушаныя праходзіць стамляльную бюракратычную працэдуру, вынікам якой можа стаць адмова. Крымінальныя ж элемэнты й таму падобныя асобы лёгка знойдуць абыходныя шляхі. Галоўнае - былі б грошы: урэшце існуюць такія простыя спосабы, як фіктыўны шлюб альбо хабар патрэбнаму чыноўніку.



Марына Маладзевіч

Радыё Рацыя