/

Мікалай Каспяровіч — вядомы беларускі краязнаўца і навуковец — на старонках часопіса «Наш край» у 1929 годзе расказаў пра распрацаваныя ім экскурсійныя маршруты па Мінску. З імі чытачы TUT.BY могуць азнаёміцца тут, тут і тут. Акрамя экскурсій па сталіцы, краязнаўца склаў азнаямляльны маршрут па Віцебску. Каспяровіч працаваў тут некалькі гадоў інспектарам аддзелаў народнай асветы і добра вывучыў гісторыю і асаблівасці Віцебскага краю.

TUT.BY запрашае ў экскурсію па вуліцах старажытнага Віцебска. Маршрут пройдзе праз увесь гістарычны цэнтр і пакажа горад такім, якім ён быў 1929 годзе.

Мова і арфаграфія тэкста Мікалая Каспяровіча захаваныя.

Маршрут экскурсіі «вакзал — Вэтінстытут — вакзал» на плане Віцебска 1922 года
Маршрут экскурсіі «вакзал — вэтінстытут — вакзал» на плане Віцебска 1922 года

З вакзалу па вузенькай Вакзальнай вуліцы, пакідаючы па бакох былыя вуліцы цэхавых організацый XVI-XVII стагоддзя, …

Вакзальная вуліца на здымку 1930-х гадоў. У 1934 годзе была перайменавана ў вуліцу Кірава. Згодна пасляваеннага генеральнага плана Віцебска, вуліца Кірава павінна была ператварыцца ў шырокі бульвар з тыповай сталінскай архітэктурай. Таму ў перыяд 1947−1958 гадоў старая забудова на вуліцы была зруйнаваная, а сама вуліца пашырана з 12 да 66 метраў. На сённяшні дзень бульвар Кірава разам з Прывакзальнай плошчай утвараюць адзіны архітэктурны ансамбль.
Вакзальная вуліца на здымку 1930-х гадоў. У 1934 годзе перайменавана ў вуліцу Кірава. Згодна пасляваеннага генеральнага плана Віцебска, вуліца Кірава павінна была ператварыцца ў шырокі бульвар з тыповай сталінскай архітэктурай. Таму ў перыяд 1947−1958 гадоў старая забудова на вуліцы была зруйнаваная, а сама вуліца пашырана з 12 да 66 метраў. На сённяшні дзень бульвар Кірава разам з Прывакзальнай плошчай утвараюць адзіны архітэктурны ансамбль.

…экскурсант выходзіць на мост цераз Дзьвіну — галоўную артэрыю гораду.

Мост праз Дзвіну на паштоўцы пачатку ХХ стагодзя. Дзвінскі мост быў пабудаваны ў 1867 годзе. У Другую сусветную вайну стары мост моцна пацярпеў, у пасляваенны час на яго месцы быў пабудаваны новы Кіраўскі мост.
Мост праз Дзвіну на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя. Дзвінскі мост пабудаваны ў 1867 годзе. У Другую сусветную вайну стары мост моцна пацярпеў, у пасляваенны час на яго месцы быў пабудаваны новы Кіраўскі мост.

На другім беразе пачынаецца тэрыторыя былога Верхняга замку, на якой, зьвярнуўшы налева з Вакзальнай на Пушкінскую, трэба аглядзець панчошную фабрыку, якая працуе ў складзе 8 аддзяленьняў.

Панчошна-трыкатажная фабрыка імя К. Цэткін працавала з 1919 па 1941 гады ў будынку былога віцебскага губернскага дваранскага збору (будынак на паштоўцы пачатку ХХ ст.). У пачатку вайны фабрыка была эвакуявана на усход. Будынак былога збору быў моцна пашкоджаны падчас акупацыі. У пасляваенны час руіны былі знесены, а на месцы фабрыкі ўзведзены будынак драматычнага тэатру.

Насупраць — Беларускі пэдагогічны інстытут, на дварэ якога яшчэ захаваліся невялічкія рэшткі замкавай горкі, з якой усё-ж можна аглядаць тэрыторыю былога Верхняга замку.

Педагагічны інстытут на здымку 1950-х гадоў. Інстытут размясціўся ў будынку былой мужчынскай гімназіі 1880 года пабудовы. У 1975 годзе гэты помнік архітэктуры быў зруйнаваны для рэканструкцыі і пашырэння Замкавай вуліцы

Адсюль, міма старэнькага доміку з мэморыяльнаю дошкаю аб яго значэньні ў справе гісторыі профруху Віцебшчыны, цераз мосьцік на Віцьбе, каля шчаціннай фабрыкі…

Калона дэманстрантаў на драўляным мосце праз Віцьбу, 1917 год. На месцы старога драўлянага маста ў 1961 годзе пабудаваны жалезабетонны Пушкінскі мост. Узгаданая Каспяровічам шчацінная фабрыка размяшчалася ў будынку, паказаным у левай часцы здымка. Зараз тут знаходзіцца Свята-Духаўскі жаночы манастыр

…па самым беразе Дзьвіны — былой сьцяне Ўзгорскага замку XVII стагоддзя, экскурсант падымаецца на так званую Ўсьпенскую горку з прыгожым будынкам Усьпенскага сабору на ёй, будаванага італьлянцам Фонтані.

Успенская горка і Успенскі сабор на паштоўцы пачатку ХХ стагодзя. Сабор быў узарваны савецкімі ўладамі ў 1936 годзе. Пасля вайны на Успенскай горцы пабудавалі цэх завода заточных станкоў, які стаўся закінуты ў канцы 1980-х і знесены ў 1998. У 2011 годзе Успенскі сабор быў адбудаваны на старым месцы
Успенская горка і Успенскі сабор на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя. Сабор быў узарваны савецкімі ўладамі ў 1936 годзе. Пасля вайны на Успенскай горцы пабудавалі цэх завода заточных станкоў, які стаўся закінуты ў канцы 1980-х і знесены ў 1998. У 2011 годзе Успенскі сабор быў адбудаваны на старым месцы

З горкі відаць уся зарэчная частка Віцебску…

Віцебскае задзвінне на паштоўцы пачатку ХХ стагодзя
Віцебскае задзвінне на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя

…з Ільлінскаю каменнаю царквою, што паўтарае формы драўлянага будаўніцтва беларускага доілідзтва XVI-XVII стагоддзя, направа…

Ільінская царква да пажару 1904 года, пасля якога на месцы драўлянага храма быў пабудаваны падобны мураваны. У вайну царква моцна пацярпела і была разбурана ў пасляваенныя гады
Ільінская царква да пажару 1904 года, пасля якога на месцы драўлянага храма быў пабудаваны падобны мураваны. У вайну царква моцна пацярпела і была разбурана ў пасляваенныя гады

… і з адзінаю тутака дзьвёхвежаваю базылікальнаю Петрапаўлаўскаю царквою бяз купалу налева.

Петрапаўлаўская (першапачаткова уніяцкая) царква ў гады акупацыі. У пасляваенныя гады храм быў зруйнаваны
Петрапаўлаўская (першапачаткова уніяцкая) царква ў гады акупацыі. У пасляваенныя гады храм быў зруйнаваны

З горкі па вул. Крылова выходзіш на вул. Валадарскага (цяпер вуліца Суворава — У.С.) і, зьвярнуўшы налева, спатыкаеш на рагу Беларускі мастацкі тэхнікум, дзе варта азнаёміцца з падрыхтоўкаю маладых беларускіх мастакоў і некаторымі дасягненьнямі сучаснага беларускага мастацтва.

Беларускі мастацкі тэхнікум на здымку 1932 года. Тэхнікум размяшчаўся ў дарэвалюцыйным будынку, які захаваўся дагэтуль. Зараз у ім знаходзіцца Дзіцячая мастацкая школа № 1
Беларускі мастацкі тэхнікум на здымку 1932 года. Тэхнікум размяшчаўся ў дарэвалюцыйным будынку, які захаваўся дагэтуль. Зараз у ім знаходзіцца Дзіцячая мастацкая школа № 1

Некалькі крокаў назад, на вул. Валадарскага знаходзяцца з аднаго боку будынак Культурна-гістарычнага музэю пад вежаю былой ратушы і з другога боку, крышку наперад — прыгажэйшы ва ўсходняй Беларусі будынак Рынкава-васкрасенскай царквы пабудовы віцебляніна Смыка XVIІI веку. Насупраць яе, але ўжо на вул. Леніна, у якую ўліваецца вул. Валадарскага, — зусім супроцьлеглага характару магутны важкі будынак касьцёлу Антона таго-ж часу.

Рынкавая плошча на здымку другой паловы ХІХ стагодзя. Ратуша (у цэнтры) перажыла ўсе ліхалецці і захавалася да нашага часу амаль у нязмененым выглядзе. У ёй дагэтуль з 1924 года размяшчаецца краязнаўчы музей. Васкрасенская царква (злева) была ўзарваная ў 1936 і адноўленая на старым месцы толькі ў 2009 годзе. Касцёл святога Антонія (справа) перажыў 1930-я і ў вайну пацярпеў нязначна, але ўсё роўна быў разабраны ў 1961 годзе пры пашырэнні вуліцы Леніна
Рынкавая плошча на здымку другой паловы ХІХ стагоддзя. Ратуша (у цэнтры) перажыла ўсе ліхалецці і захавалася да нашага часу амаль у нязмененым выглядзе. У ёй дагэтуль з 1924 года размяшчаецца краязнаўчы музей. Васкрасенская царква (злева) была ўзарваная ў 1936 і адноўленая на старым месцы толькі ў 2009 годзе. Касцёл святога Антонія (справа) перажыў 1930-я і ў вайну пацярпеў нязначна, але ўсё роўна быў разабраны ў 1961 годзе пры пашырэнні вуліцы Леніна

Аглядзеушы музэй, экскурсант па вул. Леніна знаёміцца з надзвычайна цікавым, адным з рэдкіх у СССР, Вэтэрынарна-зоолёгічным музэем. Далей адсюль зьвярнуўшы на першых ростанках налева па Савецкай вул., на першым рагу — вялізны жылы будынак пабудовы 1928 году,…

Жылы дом 1928 году пабудаваны ў стылі канструктывізма. Захаваўся да нашага часу
Жылы дом 1928 году пабудаваны ў стылі канструктывізма. Захаваўся да нашага часу

…а на другім — садзік з вельмі прыгожай колёнай — помнікам 1812 г. Насупраць помніка з левага боку стаіць цікавы будынак Акрвыканкому (акруговага выканаўчага камітэту — У.С.) — былы губарнатарскі палац.

Губернатарскі палац і сквер перад ім на паштоўцы пачатку ХХ стагодзя. Палац згарэў у вайну але пасля быў адноўлены, з таго часу у будынку размяшчаецца абласное кіраванне КДБ
Губернатарскі палац і сквер перад ім на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя. Палац згарэў у вайну але пасля быў адноўлены, з таго часу у будынку размяшчаецца абласное кіраванне КДБ

Нацешыўшыся яшчэ раз новымі зарэчнымі краявідамі ўжо з гэтага месца берагу Дзьвіны,…

Від у бок Дзвінскага маста на фота 1944 года
Від у бок Дзвінскага маста на фота 1944 года

…экскурсант варочаецца назад па Савецкай. Ад вул. Валадарскага направа, цераз Смаленскі базар можа азнаёміцца з вельмі цікавымі праявамі ўсходня-беларускага быту, каля сваеасаблівага тэатру на гэтым плацу, па вул. Вароўскага экскурсант прыходзіць у багаты ботанічны сад.

Смаленскі базар у 1950-я
Смаленскі базар у 1950-я

Пасьля агляду саду, па дошках цераз Віцьбу, можна прайсьці ў Дзяржауны вэтэрынарны інстытут, які зьмяшчаецца ў орыгінальным рускага стылю будынку былога сялянскага банку. У Інстытуце трэба азнаёміцца з найбагатшымі колекцыямі (14 000 відаў эўропейскіх і азіяцкіх жукоў і матылькоў і 8 000 мясцовых) Энтомолёгічнага музэю, якія пакідаюць незапомнае ўражаньне непаўторным спалучэньнем колераў гэтага мора жукоў і матылькоў. Таксама варта агледзець віварыўм, габінэты расьлінагадоўлі і эпізотолёгіі і іншыя ўстановы.

Віцебскі ветэрынарны інстытут на здымку 1932 года. У гэтым будынку і цяпер размяшчаецца адзін з карпусоў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны
Віцебскі ветэрынарны інстытут на здымку 1932 года. У гэтым будынку і цяпер размяшчаецца адзін з карпусоў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны

Адсюль па Вэтэрынарнай вул., цераз мосьцік на Віцьбе, насустрэч наймаляўнічым краявідам гэтай часткі гораду, міма будынку касьцёла Антона выхад на вул. Леніна і па ёй налева зноў цераз мосьцік на выкручастай Віцьбе на тэрыторыю былога Дольняга замку, з сучасным Пляцам Волі на ёй — вузлом трамвайнага руху.

Дэманстрацыя на плошчы Свабоды (былая Саборная) у 1935 годзе. На заднім плане можна пабачыць як вядуцца дэмантажныя работы на Васкрасенскай царкве, што папярэднічалі яе падрыву
Дэманстрацыя на плошчы Свабоды (былая Саборная) у 1935 годзе. На заднім плане можна пабачыць як вядуцца дэмантажныя работы на Васкрасенскай царкве, што папярэднічалі яе падрыву

На пляцу з аднаго боку цікавы будынак Катэдральнага сабору, значна папсаваны спробамі мясцовых біскупаў справаславіць і русіфікаваць яго, а з другога боку будынак Акрпрофсавету з помнікам К. Маркса каля яго.

Трамвай перад Мікалаеўскім кафедральным саборам, пераробленым з былога іезуіцкага касцёла святога Юзэфа. Храм моцна пацярпеў у вайну, у пасляваеннае дзесяцігодзе выкарыстоўваўся як склад, а ў 1957 годзе быў узарваны

З пляцу па Гогалеўскай вул., цераз мосьцік на Ручаі, дзе канчаецца тэрыторыя былога Дольняга замку, экскурсант выкодзіць на высокі Магілеўскі базар, больш багаты мяшчанскім бытам, які разам з тым адчыняе новыя маляўнічыя краявіды гарыстага Віцебску.

Магілёўскі базар знаходзіўся ў раёне цяперашняй плошчы Перамогі. Гэтая частка Віцебска была амаль цалкам разбурана ў вайну (на фота). На месцы руін у пасляваенныя гады паўстала самая вялікая плошча горада і краіны

З базару — завулкам да Дзьвіны з далёкаю пэрспэктываю абрамаванаю драўлянымі домікамі. Направа на Наберажнай вул. застаецца цікавы будынак сынагогі…

Будынак галоўнай харальнай сінагогі на ўзбярэжжы Дзвіны, здымак пачатку ХХ стагодзя. Да нашага часу сінагога не захавалася
Будынак галоўнай харальнай сінагогі на ўзбярэжжы Дзвіны, здымак пачатку ХХ стагоддзя. Да нашага часу сінагога не захавалася

…і экскурсант апынецца на Замкавай вул., две па левым баку стаіць вельмі рэдкі і цікавы помнік беларускай аркітэктуры ХІІ стагоддзя — вядомая Добравешчанская Царква на тэрыторыі былога Дольняга замку.

Спаленая ў вайну Дабравешчанская царква на здымку 1950-х гадоў (за царквой былы фарны касцёл, які да нашага часу не захаваўся). Будынак ХІІ стагодзя быў зруйнаваны ў 1961 годзе. Пазней руіны помніка былі ўзятыя пад ахову, а ў 1990-я царква была адбудаваная на старых падмурках у сваім першапачатковым выглядзе
Спаленая ў вайну Дабравешчанская царква на здымку 1950-х гадоў (за царквой былы фарны касцёл, які да нашага часу не захаваўся). Будынак ХІІ стагоддзя быў зруйнаваны ў 1961 годзе. Пазней руіны помніка былі ўзятыя пад ахову, а ў 1990-я царква была адбудаваная на старых падмурках у сваім першапачатковым выглядзе

Адсюль — пяхотам або трамваем па Вакзальнай да Канатнай вул. (у 1933 годзе перайменавана ў вуліцу Дзімітрава — У.С.) цераз Дзьвінскі мост, па якім прышлі на гэты бок. На Канатнай вул., былым асяродку канатнага цэху ў XVI-XVII стагоддзі, — аўтобусная станцыя, ад якой аўтобусам або пяхотам да фабрыкі «Дзьвіна».

Канатная вуліца на паштоўцы пачатку ХХ стагодзя
Канатная вуліца на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя

Лёнапрадзільная фабрыка «Дзьвіна» зьяўляецца адным з буйнейшых беларускіх прадпрыемстваў і разам з Высачанскаю лёнапрадзільнай фабрыкай (3 клм. ад станцыі Крынкі) апрацоўвае сырэц лёнаводных раёнаў Віцебшчыны і прымежнай РСФСР.

Льнопрадзільная фабрыка паўстана ў віцебскім прадмесці Маркаўшчына яшчэ ў 1900 годзе. У 1918 фабрыка была нацыяналізавана і праіснавала ў такім фармаце да пачатку вайны. У 1946 годзе на базе фабрыкі «Дзвіна» быў арганізаваны Віцебскі дывановы камбінат

Каля фабрыкі, у былым кляштары — надзвычайна цікавая драўланая Троіцкая царква XVIІI стагоддзя, уся размаляваная, якая зьяўляецца вельмі рэдкім помнікам беларускага драўлянага доілідзтва і росьпісу тае пары. Тут-жа ёсьць вялізны кнігасхоў былога Маркавага кляштару.

Троіцкая царква на здымку пачатку ХХ стагодзя. Была знішчаная ў пачатку 1930-х гадоў
Троіцкая царква на здымку пачатку ХХ стагоддзя. Была знішчаная ў пачатку 1930-х гадоў

Пасьля агляду фабрыкі і кляштару экскурсант можа накіравацца па тэй самай Канатнай вул. непасрэдна на вакзал.

Віцебскі вакзал ў пачатку ХХ стагодзя. Пасля рэканструкцыі 1912 года і да пачатку 1940-х будынак вакзалу меў такі выгляд як на здымку. На месцы разбуранага ў вайну старога вакзалу ў 1952 годзе паўстаў новы будынак
Віцебскі вакзал ў пачатку ХХ стагоддзя. Пасля рэканструкцыі 1912 года і да пачатку 1940-х будынак вакзалу меў такі выгляд як на здымку. На месцы разбуранага ў вайну старога вакзалу ў 1952 годзе паўстаў новы будынак

Тэкст: «Куды і як вадзіць экскурсіі», М. Каспяровіч, часопіс «Наш край», № 4, Менск 1929;
Фота: evitebsk.com, pastvu.com, osenenko.livejournal.com

-15%
-15%
-20%
-10%
-10%