Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Між іншага, падчас сумеснай калегii памежных ведамстваў Беларусi й Расеi, якая адбылася ў Менску, было вырашана выдаткаваць з саюзнага бюджэту 150 мiльёнаў расейскiх рублёў на ўпарадкаваньне беларускае мяжы з Латвiяй і Лiтвою.

На трынаццатым па лiку паседжаньнi калегii Памежнага камiтэту гэтак званай саюзнай дзяржавы, кiраўнiк Дзяржаўнага камiтэту памежных войскаў Беларусi Аляксандар Паўлоўскi й дырэктар Фэдэральнай памежнай службы Расеi Канстанцiн Тоцкi шмат увагi надалi праблеме ўпарадкаваньня беларускай мяжы зь Лiтвою й Латвiяй. У вынiку, генэралы падпiсалi пратакол, згодна зь якiм на ўпарадкаваньне беларускае мяжы з краiнамi Балтыi з саюзнага бюджэту сёлета будзе выдаткавана 150 мiльёнаў расейскiх рублёў. Дакладней, палову гэтай сумы выдаткуе Беларусь, другую палову - Расея. Грошы будуць патрачаны на набыцьцё тэхнiкi, узбраеньня й сучасных сродкаў аховы мяжы. "Калючага дроту на мяжы Беларусi з Латвiяй і Лiтвою ня будзе", - запэўнiў генэрал Паўлоўскi.

Адметна, што падчас прэсавай канфэрэнцыi генэрал Тоцкi прызнаўся: Расеi ня хапае грошай на ўпарадкаваньне межаў з Грузiяй і Азэрбайджанам - з гэтымi краiнамi, як паведамiў генэрал Расеi, не ўдалося пакуль пабудаваць нiводнай памежнай заставы. На Каўказе расейскiя памежнiкi й iх сем'i, са словаў Канстанцiна Тоцкага, змушаны жыць у палатках і вагончыках.

Тым ня менш, генэрал Тоцкi з гонарам адзначыў: на дапамогу беларусам упарадкаваць мяжу з краiнамi Балтыi Расея грошы знайшла. Хоць, здавалася, нашу ўсходнюю суседку павiнна якраз больш турбаваць сытуацыя на Каўказе, дзе шугае чачэнская вайна. А ў Прыбалтыцы, як вядома, зараз жыцьцё спакойна-эўрапейскае. Але занепакоенасьць цяперашніх расейскага й, натуральна, беларускага кiраўнiцтва, вiдочна, тлумачыцца тым, што Лiтва й Латвiя маюць намер стаць чальцамi NATO. Вось і сьпяшаюцца Лукашэнка й ягоныя крамлёўскiя хаўруснiкi ўмацаваць прыбалтыйскую мяжу.

Прычым, гэта не апошняя расейская дапамога на памежныя патрэбы Беларусі. На згаданай калегіі разглядаўся праект мадэльнага закону саюзу "Аб дзяржаўнай мяжы". Падрыхтаваны таксама праект дамовы аб ахове зьнешняй мяжы саюзнай дзяржавы й цэлая праграма забесьпячэньня памежнай бясьпекі Беларусі й Расеі.

Зрэшты, самi лiтоўцы й латышы хочуць як найхутчэй адмежавацца ад беларуска-расейскiх саюзьнiкаў. У паасобку, генэрал Паўлоўскi прызнаўся: толькi дзякуючы настойлiвай просьбе Лiтвы, Эўразьвяз пагадзiўся ўрэшце рэшт выдаткаваць Беларусi 1 мiльён 400 тысяч ЭЎРА на дэмаркацыю беларуска-лiтоўскае мяжы. Праўда, лiтоўцы хадайнiчалi за беларусаў, зыходзячы із сваiх iнтарэсаў: чым спраўней Лiтва ўрэгулюе памежныя спрэчкi зь Беларусьсю, тым хутчэй яе прымуць у Эўразьвяз.



Ян Мікалаеў

Радыё Рацыя
,