Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Пастанова пра ладжаньне гэтага агульнанацыянальнага форуму была прынята Малою радаю Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына". Папярэднія зьезды адбыліся ў Менску ў 1993 і 1997 гадох.

Трэці Зьезд беларусаў сьвету, як спадзяюцца яго арганізатары, мае "разьвязаць найбалючэйшыя праблемы грамадзтва, задзіночыць нацыю вакол высокіх ідэяў нацыянальнага адраджэньня, дзяржаўнасьці й незалежнасьці". Аднак, калі так не было зроблена дагэтуль, няўжо будзе зьдзейсьнена за адзін раз?

Цяпер Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" перабывае ня лепшыя часы. Старшыня арганізацыі Ганна Сурмач эмігравала ў Прагу. Ейныя абавязкі выконвае цяпер Валеры Герасімаў. Страта пазыцыяў "Бацькаўшчыны" адбылася пераважна ў краёх г.зв. "блізкага замежжа", дзе створаны праўрадавыя суполкі беларускае дыяспары, што фундуюцца зь дзяржаўнага бюджэту Рэспублікі Беларусі. Арганізацыі, задзіночаныя вакол "Бацькаўшчыны", самастойна шукаюць сродкаў на існаваньне й сваю дзейнасьць. Што ж змушае нашых суайчыньнікаў за мяжою станавіцца пад крыло дзяржавы? Тлумачыць Алена Макоўская, старшыня Рабочае групы па рыхтаваньні Трэцяга Зьезду беларусаў сьвету.

А.М.: - Мы - грамадзкая арганізацыя, таму ня можам падтрымліваць беларускае дыяспары гэтак, як можа падтрымліваць дзяржава.

Штогод усё болей людзей выяжджае зь Беларусі на сталае жыхарства ў іншыя краі. Гэта пераважна эканамічная эміграцыя. Новыя беларускія эмігранты неахвотна ўлучаюцца ў нацыянальныя суполкі за мяжою. Гэткае становішча з нацыянальнаю сьведамасьцяю беларусаў за мяжою адпавядае таму, што склалася на бацькаўшчыне. Працягвае Алена Макоўская.

А.М.: - У Аўстраліі за апошнія пяць гадоў толькі адзін чалавек далучыўся да тамтэйшае беларускае суполкі. Большая частка эміграцыі ў Аўстралію эканамічная: людзі рупяцца пра ўсталяваньне свайго жыцьця на новым месцы, не шукаючы беларускіх асяродкаў. У ЗША эмігранты больш актыўна прымыкаюць да беларускіх асяродкаў, ствараюць свае новыя арганізацыі.

Тым часам арганізатары Зьезду баяцца правакацыяў. Яны не называюць канкрэтных структур і асобаў, што могуць замінаць кангрэсу, аднак ня ўпэўненыя, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ім ня будуць створаны перашкоды. Аднак, дата правядзеньня Зьезду, паводле словаў Алены Макоўскае, аніякім чынам не зьвязаная з будучымі выбарамі.

Зьезд беларусаў сьвету мае паказаць, ці здольная беларуская дыяспара ўплываць на падзеі ў краіне, або яна будзе надалей абмяжоўвацца толькі гучнымі дэклярацыямі.



Віктар Мухін

Радыё Рацыя