Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Галоўная задача новага ўтварэньня - аказваць дробным бізнэсоўцам кансультатыўную дапамогу па пытаньнях вядзеньня бізнэсу. Сяброўства ў Палаце індывідуальных прадпрымальнікаў - раскоша даволі дарагая: адзін мінімальны заробак у месяц. Але прэзыдэнт Менскага саюзу Ўладзімер Карагін лічыць, што толькі тут бізнэсоўцы могуць вырашыць свае шматлікія праблемы.

Новае ўтварэньне - Палата індывідуальных прадпрымальнікаў пры Менскім сталічным саюзе прадпрымальнікаў і працадаўцаў - будзе займацца пераважна практычнай работай: аказаньнем кансультацыйнай ды прававой падтрымкі дробным бізнэсоўцам. Паводле словаў прэзыдэнта Сталічнага саюзу Ўладзімера Карагіна, вельмі важна, каб інтарэсы гэтай катэгорыі прадпрымальнікаў былі абаронены.

У.К.: - Сур'ёзнай дапамогі індывідуальным прадпрымальнікам не аказвае ніводная грамадзкая структура, ніводзін прадпрымальніцкі саюз. Існуюць толькі прафсаюзы прадпрымальнікаў, але прафсаюзы ня могуць замяніць уласна прафэсійную працу, якую робяць галіновыя асацыяцыі. Мы правялі паседжаньне Савету, на якім разгледзелі гэта пытаньне ды заснавалі Палату індывідуальных прадпрымальнікаў.

Плянуецца, што кожны тыдзень па панядзелках для індывідуальных прадпрымальнікаў будуць ладзіцца кансультацыі. Штомесяц бізнэсоўцы змогуць наведваць бясплатныя сэмінары. Таксама спадар Карагін абяцае сябрам Палаты шматлікія цікавыя праграмы, накіраваныя на падтрымку дробнага прадпрымальніцтва. На сёньняшні дзень адмыслоўцы Сталічнага саюзу прадпрымальнікаў могуць абслужыць каля тысячы бізнэсоўцаў.

За тое, каб мець магчымасьць атрымліваць кансультацыі па вядзеньні бізнэсу, кожны сябар Палаты індывідуальных прадпрымальнікаў мусіць плаціць па адным мінімальным заробку штомесяц. Грошы, якія Сталічны саюз прадпрымальнікаў атрымае ў выглядзе сяброўскіх унёскаў, пойдуць на аплату працы кансультантаў ды закупку неабходнай аргтэхнікі. Таму Ўладзімер Карагін мяркуе, што памер сяброўскага ўнёску ня надта высокі.

Як адзначаюць у Менскім сталічным саюзе прадпрымальнікаў і працадаўцаў, дробныя бізнэсоўцы цяпер адчуваюць найбольш складанасьцяў у зьвязку з тым, што хуткім часам гарадзкія ўлады могуць зноў падвысіць падаткі, пра што Рацыя паведамляла ў адной са сваіх папярэдніх праграмаў. Сталічны саюз прадпрымальнікаў ужо адрэагаваў на гэта, і ягоны прэзыдэнт спадар Карагін мае намер выступіць на сэсіі гарсавету са сваімі прапановамі.

У.К.: - Дзесяць гадоў я быў дэпутатам ды старшынём бюджэтнай камісіі Менскага гарсавету. І кожны год, канечне ж, Падаткавы камітэт намагаўся ўнесьці пытаньне, каб павялічыць падаткі. І кожны год дэпутаты на гэта не ішлі, разумеючы: на індывідуальных прадпрымальніках трэба не зарабляць, але ўлічваць, што гэтыя людзі стварылі працоўныя месцы, што яны плацяць падаткі, - і гэтым робяць вельмі вялікі ўнёсак у разьвіцьцё нашага гораду. На жаль, заўсёды знаходзяцца нейкія органы, якія хочуць яшчэ больш сабраць грошай.

Спадар Карагін кажа, што ідэя ўзьняць падаткі для індывідуальных прадпрымальнікаў сыходзіць, перадусім, ад тых дэпутатаў гарсавету, якія лябіруюць інтарэсы пэўных фірмаў. І Менскі саюз прадпрымальнікаў хоча дапамагчы дробным бізнэсоўцам адстаяць свае правы.



Юлія Шарова

Радыё Рацыя
0058045