Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У якасьці ілюстрацыі БХК называе 86 Маладэчанскую акругу, адкуль у часе восеньскіх выбараў былі пададзены два розных пратаколы. Пра спробы стварыць судовы прэцэдэнт паведамляе менскі карэспандэнт Рацыі.

5 красавіка а 12-й гадзіне ў Маскоўскім судзе Менску судзьдзя Юры Шастакоў распачне справу, якая мае ўсе шанцы ўвайсьці ў гісторыю беларускага парлямэнтарызму. Судзьдзя Шастакоў павінен альбо пацьвердзіць, альбо аспрэчыць заявы Беларускага Хэльсынскага камітэту, які на фактах даводзіць, што восеньскія выбары былі сфальшаваны, прынамсі, у акрузе нумар 86 г. Маладэчна.

Гэта першы выпадак, калі суд прыняў да вытворчасьці справу аб выбарчых фальсыфікацыях. Юрысты БХК спадзяюцца, што гэты судовы працэс запачаткуе сыстэму судовага абскарджаньня выбарчых фальсыфікацыяў, якая дапаможа правесьці сумленныя й законныя выбары прэзыдэнта Беларусі сёлета ўвосень. Вядома, што фальсыфікацыі й парушэньні, якія паўплывалі на вынікі выбараў, адзначаны ці не ва ўсіх выбарчых акругах. З падрабязнасьцямі - адзін з кіраўнікоў БХК Алег Гулак.

РР: - Алег, на чым базуюцца Вашыя патрабаваньні да ЦВК?

Алег Гулак: - Нашыя патрабаваньні базуюцца на матэрыялах, пададзеных нашымі назіральнікамі. Зь іх вынікае, што ў выбарах удзельнічала менш за 50% выбарцаў, і выбары не адбыліся. Апрача таго, ёсьць факт крымінальных дзеяньняў, злачынства, якое выявілася ў фальсыфікацыях дакумэнтаў выбарчымі камісіямі Маладэчанскай акругі № 86.

РР: - А чаму менавіта 86-я акруга сталася аб'ектам вашае ўвагі?

А.Г.: - У нас ёсьць матэрыялы па сямі акругах. Аднак нельга ахапіць неахопнае. 86-ю акругу мы выбралі таму, што там здабыты найбольш важкія сьведчаньні. Ёсьць 2 розныя пратаколы выбарчай камісіі, зьвесткі ў якіх адрозныя. Вось на такім узроўні ішла фальсыфікацыя.

РР: - Чаму суд адбываецца толькі цяпер, ледзь не празь 5 месяцаў пасьля выбараў?

А.Г.: - Ну, справа ў тым, што позва была пададзена ў студзені. Увесь гэты час суд вырашаў, што яму рабіць. Канечне, у нас няма эўфарыі з нагоды працы нашых судоў. І ў гэтым выпадку мы цьвяроза глядзім на сытуацыю. Калі мы будзем незадаволены вынікамі працэсу, мы будзем ісьці далей, уключаючы й наднацыянальныя судовыя мэханізмы. Наша мэта - ня столькі скасаваць вынікі мінулых выбараў, колькі паўплываць на прэзыдэнцкія выбары, каб яны рабіліся бяз гэткіх фальсыфікацый. Мы зьбіраемся выпрацаваць сыстэму судовага кантролю над законнасьцю выбараў - і на будучыню таксама.

Прагназуючы вынікі судовага разьбіральніцтва БХК й Цэнтравыбаркаму, трэба ўзяць пад увагу постаць судзьдзі, які пасьпеў ужо засьведчыць на гэтым тыдні свае прыхільнасьці. 4 красавіка Юры Шастакоў адмовіў сябрам АГП у іхных патрабаваньнях прызнаць за незаконныя пастановы Менгарвыканкаму аб пераносе масавых акцыяў у бязьлюдныя месцы. Зрэшты, якое б рашэньне ні вынес суд, важным для БХК ёсьць сам факт судовага разьбіральніцтва.



Сьвятлана Курс

Радыё Рацыя
,