Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Асноўную трасу гарналыжнага комплексу «Лагойск» удасканалiлi

У перспектыве - пабудова прыватных стайняў i сноўбордпарку

За апошнiя паўгода iнфраструктура гарналыжнага спартыўна-аздараўленчага комплексу «Лагойск» папоўнiлася вялiкай колькасцю новых аб’ектаў. Тут з’явiлася гасцiнiца, пабудаваны гасцявыя домiкi, рэстаран…

Як паведамiла падчас семiнара для расiйскiх i беларускiх журналiстаў «Вопыт развiцця iнфраструктуры сталiцы: горад Мiнск» намеснiк дырэктара комплексу Марыя Цiхвiнская, гасцiнiца, якая была пабудавана сёлета, разлiчана на 50 месцаў. Драўляныя гасцявыя домiкi разлiчаны на 1 i 2 сям’i. Рэстаран мае 250 месцаў. Ёсць тут сёння драўляная лазня, завяршаецца будаўнiцтва трох крытых тэнiсных кортаў.

У мiжсезонне ўдасканалена асноўная гарналыжная траса, дзе знаходзiцца канатная дарога. Сёння перапад вышынь на асноўным схiле складае 82 метры. Ёсць вучэбны схiл для пачаткоўцаў (яго даўжыня 250 метраў, у той час як даўжыня асноўнай трасы - 800 метраў). Ёсць тут i «лыжныя яслi» - спецыяльная агароджаная тэрыторыя для дзяцей 3-5 гадоў, дзе з iмi праводзяцца спецыяльныя заняткi.

У перспектыве на тэрыторыi комплексу могуць з’явiцца прыватныя стайні. А ўжо гэтым летам, як адзначыла Марыя Цiхвiнская, наведвальнiкам прапаноўвалiся паездкi на конных павозках вакол азёр. «Будуць арганiзаваны дадатковыя гарналыжныя трасы, сноўбордпарк - спецыяльнае месца з комплексам трамплiнаў для тых, хто катаецца на сноўбордах». Таксама, як адзначыла намеснiк дырэктара, ёсць iдэя ў будучым зрабiць на тэрыторыi комплексу «горад майстроў».

У гэтым сезоне, паводле слоў намеснiка дырэктара, комплекс «Лагойск» гатовы прымаць ад 3 да 5 тыс. наведвальнiкаў штодзённа. «У пятнiцу, суботу i нядзелю ўжо звычайна няма свабодных месцаў нi ў гасцiнiцы, нi ў рэстаране, нi ў гасцявых домiках».

Праект, паводле слоў Марыi Цiхвiнскай, павiнен акупiцца не раней чым праз 6-7 гадоў.

Як адзначыла намеснiк старшынi Лагойскага райвыканкама Алена Локцiк, за 10 месяцаў комплекс «Лагойск» прынёс у бюджэт раёна ў выглядзе падаткаў больш за 110 млн. рублёў. «I гэта з улiкам таго, што прадпрыемства яшчэ толькi будуецца», - сказала яна. Пры гэтым яна дадала, што комплекс не зарэгiстраваны як суб’ект гаспадарання ў Лагойскiм раёне. «А наша падатковае заканадаўства прадугледжвае ўплату падаткаў па месцы рэгiстрацыi. Аднак Прэзiдэнт Беларусi дакладна сказаў: падаткi павiнны паступаць у бюджэт раёна. I яны паступаюць».

Алена Локцiк адзначыла, што бюджэт раёна з’яўляецца датацыйным прыкладна на 55 працэнтаў. «Аднак, калi ў нас будзе больш адчыняцца такiх комплексаў, такiх прадпрыемстваў, то будзе больш iнвестыцый паступаць у раён, i мы менш будзем стаяць з працягнутай рукой, просячы сродкi на свае патрэбы».

Сёння ў комплексе «Лагойск» працуе ўжо каля 100 жыхароў раённага цэнтра. Яшчэ каля 200 чалавек - у Рэспублiканскiм гарналыжным цэнтры «Сiлiчы», якi знаходзiцца непадалёку. I ў гэтым, як адзначыла Алена Локцiк, ёсць як плюсы, так i мiнусы. З аднаго боку, там жыхары Лагойска маюць магчымасць зарабiць значна больш, чым у раённым цэнтры. З другога - працаваць у комплексе «Лагойск» i цэнтры «Сiлiчы» iдуць высокаквалiфiкаваныя спецыялiсты з прамысловых прадпрыемстваў. «Людзi кiдаюць станкi i сыходзяць. Бо заработная плата там, канешне, большая».

Сяргей КУЗНЯЦОЎ
0058045