Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Менск — эўрапейская сталіца. Гэтая фраза ўсё часьцей і часьцей гучыць з вуснаў афіцыёзу. Які сэнс укладаюць у гэтую фразу чыноўнікі, здагадацца няцяжка. Плён іхнага разуменьня бачыць кожны жыхар і госьць сталіцы. Гэта чысьціня вайсковага пляцу і падсьвечаныя фасады. Але эўрапейскіх сталіц не бывае бяз бруду. Яркага і прынаднага. Бруду сэкс-шопаў, гей-клюбаў, піп-шоў і бардэляў. Бруду Соха і пляца Пігаль.

У паваенным манумэнтальным Менску ёсьць месца для жытла, для працы, для шпацыру, але толькі не для плоцевага адпачынку. Цікава, што сказалі б архітэктары-дойліды 50-х, калі б даведаліся, што самая знакамітая стаянка прастытутак месьціцца ля падножжа манумэнта Перамогі? Гэтая група дзяўчат часам нагадвае несанкцыянаваны ўладамі пікет, які, аднак, ніхто не зьбіраецца разганяць. А дзе ж у Менску можа быць квартал чырвоных ліхтароў?

Валянцін Акудовіч, філёзаф: Ня цэнтар Менску. Гэта не для нашай мэнтальнасьці. Хіба дзе-небудзь на ўскраіне. Я б гэта бачыў дзе-небудзь у аддаленьні ад Менску. Ну, скажам, у раёне Цьнянкі. Квартал аднапавярховых домікаў ці вёска чырвоных ліхтароў.

Міхал Анемпадыстаў, мастак: Традыцыйна квартал чырвоных ліхтароў быў на вуліцы Чырвонай. Яна таму так і называецца. Гэта старая, дарэвалюцыйная назва. Таму на новае месца пераводзіць я ня бачу сэнсу.

Алесь Аніцпенка, філёзаф: На вуліцы Чырваназорнай. Назва такая і дужа спакойны такі, прывабны, рамантычны закуток гораду.

Лявон Вольскі, музыка: На праспэкце Машэрава, у раёне "Юбілейкі". Бо гэта вядомая стомэтроўка.

Адам Глёбус, пісьменьнік: Па-першае, дзе ў нас што ёсьць? Калі ў нас у рэстарацыях дзеўкі танцуюць, то тут узьнікае пытаньне — дзе мы можам гэта сканцэнтраваць. Хутчэй за ўсё, гэта вуліца Карла Маркса. Гэта вуліца павінна быць у цэнтры, каб да яе можна было пешкі дайсьці. І не на праспэкце. А хто папрэцца на Машэрава? Можна, вядома, наагул зрабіць рэзэрвацыю ў раёне кінатэатру "Аўрора". Але гэта не вырашае праблемы. Усё роўна ўсе дзеўкі стаяць у мяне на плошчы Перамогі.

Леанід Дранько-Майсюк, паэт: На беразе Сьвіслачы, з тыльнага боку цырку. Вельмі ўтульная мясьціна.

Алег Дашкевіч, кінарэжысэр: Не на цэнтральнай магістралі сталіцы, а ў тых раёнах, дзе шмат беспрацоўных паненак. Напрыклад, у раёне камвольнага камбінату. Гэта дало б ім нейкі дадатковы легальны заробак.

Артур Клінаў, мастак: Такое месца мусіць быць збудаванае нанава. Бо такі квартал чырвоных ліхтароў, на мой погляд, ня ўпісваецца ў тое, што ёсьць цяпер. Я ня вядаю, куды яго можна ўціснуць у існуючую структуру. Гэта мусіў бы паўстаць такі спэцыяльны сэкс-забаўляльны комплекс. Спэцыяльна збудаваны пад гэтую сэкс-індустрыю. Ён мусіць быць, натуральна, недзе ў цэнтры. Такі комплекс мог бы заняць прастору аднаго са шматлікіх менскіх пустыроў. Я думаю, што такім месцам магло б быць месца за гатэлем "Беларусь". Дзе была старая фабрыка. Ці ў раёне вуліцы Кастрычніцкая.

Кірыла Насаеў, кіраўнік хору "Унія": Калі б гэта было яшчэ да будаўніцтваў апошніх дзесяцігодзьдзяў, самае такое кляснае месца існавала гадоў дваццаць таму — гэта Татарскія агароды. Калі старыя дамкі стаялі за Нямігай. Гэты кавалачак. Быццам бы цэнтар, але ён закрыты з праспэкту Машэрава. І яшчэ гадоў 15 таму там былі такія вулачкі дзіўныя, старыя дамы, яшчэ драўляныя, двух-трохпавярховыя. Гэта раён вуліцы Шпалернай…