Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Кошт будаўнiцтва аднаго квадратнага метра жылля ў Мiнску складае зараз 240—260 долараў ЗША. Аб гэтым паведамiў начальнiк упраўлення капiтальнага будаўнiцтва Мiнгарвыканкама Iван Тураў.

За мiнулы год упраўленнем было пабудавана каля 280 тысяч квадратных метраў жылля. Гэта складае прыкладна 3,5 тысячы кватэр. Сёлета плануецца пабудаваць столькi ж. Дарэчы, у гэтым годзе больш як палова кватэр будуецца праз ЖБК, у той час як летась праз ЖБК было пабудавана менш за 1 тысячу кватэр.

Па словах Iвана Турава, у блiжэйшы час жыллё будзе ўзводзiцца ў асноўным у Лошыцы, будзе працягвацца будаўнiцтва памiж мiкрараёнамi Сухарава-6 i Сухарава-2. Таксама працягнецца ўзвядзенне жылых дамоў на вулiцах Гамарнiка i Новаўфiмскай. Плануецца завяршыць будаўнiцтва жылога дома насупраць Камароўскага рынку. Акрамя таго, на працягу сёлетняга года будзе весцiся будаўнiцтва дзвюх школ — у Лошыцы i Малiнаўцы-9, а таксама шэрагу магазiнаў у Малiнаўцы, Чырвоным Бары, Сухараве.

Iван Тураў паведамiў, што зараз iснуюць планы цалкам рэканструяваць плошчу перад чыгуначным вакзалам сталiцы. Акрамя таго, сёлета будзе завершана будаўнiцтва Палаца Рэспублiкi на Кастрычнiцкай плошчы. У прыватнасцi, у iм плануецца зрабiць галерэю, дзе з цягам часу будуць экспанавацца карцiны, падораныя прэзiдэнту Беларусi.

I яшчэ. Гаворачы пра перспектывы рэканструкцыi плошчы Незалежнасцi ў Мiнску, начальнiк упраўлення капiтальнага будаўнiцтва гарвыканкама адзначыў, што да рэалiзацыi гэтых планаў яшчэ далёка: "усё пакуль толькi ў марах архiтэктараў".

Сяргей КУЗНЯЦОЎ

Звязда
,