Ігар Карней,

Вёска Прылукі пад Мінскам у агляднай будучыні можа скласці канкурэнцыю «Дыснэйлэнду». У гэтым перакананыя аўтары праекту «турыстычнага цуду з экалагічным ухілам».

Фото: svaboda.org
Від на палац Чапскіх, цяпер — інстытут аховы раслін

Гісторыка-культурны фонд «Ляліва», Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў у рамках праекту турыстычнага кластэру «Культурная спадчына краіны — здабытак Свету» выносяць на грамадскае абмеркаванне прапанову па рэгенерацыі тэрыторыі палацава-паркавага комплексу ў вёсцы Прылукі Мінскага раёну.

Адноўленая сядзіба шляхецкай сям'і Гутэн-Чапскіх разам з прылеглымі землямі аграгаспадаркі «Гастэлаўскае» стануць падмуркам для ініцыятывы «Гісторыя і сучаснасць: ад Менску да Парыжа». Праўда, трэба яшчэ пераканаць у бяспройгрышнасці справы ўлады ды зацікавіць інвестараў, каб тыя самі станавіліся ў чаргу з грашыма.

Фото: svaboda.org
Зона высокай энэргаэфэктыўнасьці і экалягічнасьці, Прылукі

Лабараторыя будучыні: у лепшых традыцыях графа-рэфарматара

Як расказаў заснавальнік фонду «Ляліва» (герб шляхецкага роду Чапскіх з дэвізам «Жыццё — Айчыне, гонар — нікому»), віцэ-старшыня прадпрымальніцкага аб’яднання Іван Гардзіеўскі, беспрэцэдэнтная ў сваім ахопе і матэрыялаёмістасці ідэя мае некалькі тэматычных кірункаў.

Фото: svaboda.org
Герб Гутэн-Чапскіх «Ляліва»

Найперш плануецца распрацаваць канцэптуальны праект дэманстрацыйнай зоны высокай энэргаэфэктыўнасці і экалагічнасці з выкарыстаннем мясцовых і аднаўляльных крыніц энэргіі - практычна ўся інфраструктура, якая тут паўстане ў будучым, павінна сілкавацца за кошт энэргіі прыроды.

Фото: svaboda.org
Іван Гардзіеўскі

Дзеля адаптацыі новых тэхналагічных рашэнняў мяркуецца запусціць шматфункцыянальную лабараторыю будучыні - «Вучэбны цэнтр энэргаэфектыўных тэхналогіяў, аграэкатурызму, экалагічнага земляробства, аховы прыроды і мікрафінансавання імя Караля Гутэн-Чапскага»:

«Што тычыцца зоны энэргаэфектыўнасці, Минскі сталічны саюз прадпрымальнікаў выступіў ініцыятарам, каб паставіць тут электрастанцыю на сонечных панэлях і надаць ёй імя Чапскага — у гонар гораданачальніка-рэфарматара, які ў канцы ХІХ стагоддзя ўкараняў у Мінску самыя перадавыя па тым часе тэхналогіі. Плануем стварыць вучэбны цэнтр устойлівага развіцця — без перабольшвання, гэта будзе суперлабараторыя. Прычым просім дапамагчы нам у гэтай справе нямецкі Дортмундскі цэнтр: некалі яны марылі збудаваць у Мінску „Майстэрню будучыні“, але тады рэалізаваць планы не ўдалося. Ну, а цяпер прапануем узвесці „Лабараторыю будучыні“.

Фото: svaboda.org
Праект аднаўлення палацава-паркавага комплексу ў Прылуках

Таксама хочам усталяваць ветрагенератары, цеплавыя і паветраныя помпы, будуць працаваць сонечныя калектары і біягазавая ўстаноўка. Адным словам, усё, што ёсць у свеце аднаўляльных крыніц энэргіі, будзе прадстаўлена на нашай дэманстрацыйнай пляцоўцы. А фермерская гаспадарка разам з навакольнымі тэрыторыямі стануць пляцдармам, дзе мы пачнём рэалізоўваць свае задумы».

Прылуцкі палігон: прыярытэт высокатэхналагічнай вёскі

Іншы напрамак, працягвае спадар Гардзіеўскі, мае больш практычны характар і арыентаваны на ўцягванне ў актыўны адпачынак як турыстаў, так і мясцовых жыхароў. Дзеля гэтага мяркуецца рэалізаваць пілотны праект экалагічнага транспарту — запусціць «зялёны аўтобус» па маршруце Мінск — Прылукі, тым самым наблізіўшы горад да «высокатэхналагічнай вёскі». Астатнія задумы будуць рэалізоўвацца непасрэдна на месцы, іх назвы збольшага гавораць самі за сябе: зона адпачынку «Прылуцкiя крынiцы», турыстычны лягер «Прылуцкi валацуга», экавёска «Прылуцкі падворак», водны маршрут «Прылуцкi вясляр», «Прылуцкая сцежка» ды шмат іншых:

«Калі працягваць экалагічную тэму, мы распачынаем праект пад назвай „Прылуцкія крыніцы“. З гэтага ж шэрагу экалагічная дарожка, яна будзе ісці ад сядзібнага парку ўздоўж Пцічы і атрымае назву „Прылуцкая сцежка“. Ужо намецілі маршрут, але спачатку спатрэбіцца прывесці да ладу пойму ракі - яна цяпер жахліва зарослая, і тут яўна не да праменадаў. На базе мясцовай фермерскай гаспадаркі ствараем клуб экалагічнага земляробства „Прылуцкая экаежа“. Акрамя таго, хочам арганізаваць сплаў па Пцічы на байдарках „Прылуцкі вясляр“, бо побач з Мінскам такой магчымасці няма.

Будзе закладзена велатраса „Прылуцкі ровар“: прыяжджалі зацікаўленыя хлопцы, каб зрабіць тут трасу для экстрэмалаў і для аматараў роварных прагулак. У комплексе атрымаецца „Прылуцкае асяроддзе“. Разам з таварыствам „Ахова птушак Бацькаўшчыны“ паклапоцімся пра спрыяльныя ўмовы для гнездавання птушак, мяркуем закласці дэндрапарк — штосьці пасадзім, штосьці акультурым. Уздоўж сцежкі ўсталюем шчыты з апісаннем беларускай флоры і фаўны. Прынамсі пад Мінскам нічога падобнага пакуль няма».

Статуснае Станькава: да новага — праз прыкра забытае старое

Прылукі калісьці належалі ўплывовай сям'і Чапскіх і небеспадстаўна лічыліся адным з самых прыгожых куткоў у ваколіцах Мінску. Цяпер ад былой раскошы застаўся хіба ўспамін: у велічным палацы працуюць лабараторыі Інстытуту абароны раслін Акадэміі навук, а колішнія гаспадарчыя пабудовы пустуюць ці «замарозіліся» на стадыі перапрафілявання ў гатэлі.

Фото: svaboda.org
Спадарожнікавы здымак: тэрыторыя пад комплекс «Беларусь праз вякі»

Між тым нават у такім стане палацава-паркавы комплекс застаецца ці не адзіным у Беларусі, дзе да нашых дзён у прымальным стане захавалася пяць будынкаў ХІХ стагоддзя і сяк-так адноўлены палац.

Фото: svaboda.org
Эскізны праект капліцы над крыптай у Станькаве

Як кажа Іван Гардзіеўскі, праект аднаўлення разам з Прылукамі ахоплівае і маёнтак у вёсцы Станькава за тры дзясяткі кіламетраў ад Мінску. Там захаваўся вялікі парк, гаспадарчыя пабудовы, скарбніца, збудаваная галавой сямейства, заўзятым калекцыянерам Эмэрыкам Гутэн-Чапскім (калекцыя кніг, зброі, узнагародаў, грошай, слуцкіх паясоў, іншых рарытэтаў захоўваецца цяпер у польскім Кракаве). Макет сядзібы распрацаваны архітэктарам, навуковым кіраўніком комплексу Алегам Масліевым, які сам родам са Станькава; ёсць і эскізны праект аднаўлення на родавай крыпце капліцы, разбуранай на пачатку 1960-х.

Фото: svaboda.org
Безыменнае месца спачыну Гутэн-Чапскіх у Станькаве

Цяпер на гэтым месцы бугор, пад якім ляжаць парэшткі прадстаўнікоў выбітнага роду, уключна з Янам Каралем Гутэн-Чапскім — кіраўніком гарадской управы Мінску ў 1890−1901 гадах. Акурат на гэты перыяд прыпадаюць карэнныя рэформы гаспадаркі і культуры горада. Менавіта яму, старэйшаму сыну, адпісаў у тастамэнце больш статуснае Станькава граф Эмэрык Чапскі. Малодшаму Ежы, які быў апошнім маршалкам шляхты («предводителем дворянства») Мінскай губерні, адышлі сціплейшыя Прылукі.

Фото: svaboda.org
Да 155-гадовага юбілею Караля Чапскага ў Станькаве ўсталяваны крыж

Агульнабеларускі брэнд: аднойчы пабачыць і хацець зноў вярнуцца

Іван Гардзіеўскі кажа, што ў часе працы над канцэпцыяй пераўтварэння некалькіх гектараў зямлі пад Мінскам у «лакальны рай» зыходзіў найперш з унікальнасці прапановы, якую можа зрабіць гэты край.

«Чым здзівіць замежнага турыста, каб яму захацелася вярнуцца ў Беларусь яшчэ раз? Каб ён расказаў родным і сябрам, што ў цэнтры Еўропы існуе сапраўдны цуд?» — задаецца рытарычным пытаннем суразмоўца і сам жа адказвае: такім «цудам» і агульнанацыянальным брэндам павінен стаць народны турыстычны комплекс «Беларусь праз вякі» на тэрыторыі акцыянэрнага таварыства «Гастэлаўскае».

Фото: svaboda.org
Сябры Саюзу прадпрымальнікаў на месцы народнага комплексу «Беларусь праз вякі»

«Паставіць там самы вялікі амфітэатр у свеце, зрабіць падводны рэстаран з надводным купалам — „замах“ менавіта такога парадку. Дарэчы, я аб’ездзіў усё і вакол Мінску — няма нідзе такіх чысцюткіх азёраў. Гэта будзе проста казка, паверце. Дзеля гэтага мы будзем размяшчаць праект на ўсіх магчымых пляцоўках краіны, каб самі грамадзяне маглі прапаноўваць, што яны самі хацелі б тут убачыць».

Фото: svaboda.org
Адзін з занядбаных будынкаў палацавага комплексу

Пасля гэтага ўвасобім яго ў 3D-фармат, пашлём прэзідэнту і скажам: жыхары краіны хочуць бачыць пад Мінскам такі вось цуд. І тады на гэты цуд паедуць глядзець еўрапейцы! А вось гэтая ўскраіна вёскі Каханаўшчына і той пункт, дзе лес, — самы высокі ў Мінскім раёне, 242 метры над узроўнем мора. Уявіце, які адтуль будзе адкрывацца від на ўсю тую веліч! З іншага боку будуць стаяць гатэлі, з якіх таксама будзе ўсё відаць як на далоні. Я ўжо гадоў пяць аб’яжджаю гэтую тэрыторыю і ўсё больш пераконваюся: няма лепшага месца для стварэння агульнабеларускага брэнда".

«Мара ідыёта»: дагнаць і перагнаць імпэрыю «Дыснэйлэнд»

І хоць свае амбітныя пляны спадар Гардзіеўскі самакрытычна называе «марай ідыёта», але пры гэтым перакананы, што пры сур’ёзным падыходзе можна ўцерці нос нават імперыі забаваў - «Дыснэйлэнду». Адна са стрыжневых ідэяў праекту — размясціць на адной пляцоўцы знакавыя гістарычныя будынкі, якія маюць гісторыка-культурнае значэнне, у зменшаным маштабе: замкі, палацы, храмы і г. д. Дзеля рэалізацыі задумы пад патранатам Міністэрства культуры прапануецца стварыць экспертную раду з аўтарытэтных гісторыкаў, архітэктараў, культуролагаў. Грамадзянам Беларусі на абмеркаваньне прапануюць «топ-100» знакавых аб’ектаў, якія варта «кланаваць» у мініяцюры:

Фото: svaboda.org
Зменшаныя копіі аб’ектаў: «Замкі Беларусі» (20 аб’ектаў)

«Увесь сэнс у чым? Еўрапейцы зяжджаюцца ў „цэнтральны брэнд“ па трасах са сваіх напрамкаў - Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны — і ўжо адсюль могуць наведваць іншыя мясціны Беларусі. Будзе арганізаваны трансфэр: легкавы, аўтобусны, а дазваляюць грошы — сеў у верталёт, паляцеў на Браслаўскія азёры, ацэніш з вышыні птушынага палёту. Пабачыў нейкую царкву ў мініяцюры, уразіўся — паехаў глядзець у арыгінале. Толькі так мы можам прыцягнуць турыстаў.

Фото: svaboda.org
Макет бюста Караля Чапскага, які хочуць паставіць на месцы гарадской управы

Сёньня кажуць, што брэнд краіны складаецца з брэндаў тэрыторый. Так, яны таксама карысныя. Але масава прыцягнуць брэндамі тэрыторый замежнікаў немагчыма. Таму трэба зрабіць хоць бы адну пляцоўку на ўсю краіну, каб людзі маглі сюды прыехаць і пабачыць вось гэты цуд. Натуральна, яны павінны забаўляцца. Адпаведна, усё павінна быць зроблена суперкласна, лепш за „Дыснэйлэнд“, хоць там і свая спецыфіка. Практычна ўсё будзе звязана ў адзіны маршрут: прыехаўшы ў Прылукі і прайшоўшы па сцежцы, наведнікі выйдуць на гэтую казку: заходзяць сюды, паветраныя шары іх уздымаюць, яны ў захапленні. Вось вам мара ідыёта…»

Карпаратыўны кластэр: супольная праца на агульны імідж

Іван Гардзіеўскі тлумачыць сэнс «кластэрнага» падыходу да рэалізацыі амбітнай задумы. Пад кластэрам тут маецца на ўвазе супольнасць кампаніяў і шчыльна звязаных галінаў, якія ўзаемна дапаўняюць адна адну ды спрыяюць карпаратыўнай канкурэнтаздольнасці.

Фото: svaboda.org
Палац стане адпраўным пунктам для падарожнікаў

Суразмоўца ўпэўнены, што турыста (па аналогіі са спартоўцам) трэба пачынаць «разаграваць» яшчэ ад Гродна ці Брэста, як ён толькі ступіў на беларускую зямлю — здзіўляць адноўленымі помнікамі, стылізаванымі аграсядзібамі, захаванымі паркамі. А гэта азначае, што праца павінна весціся комплексна, у няспынным кантакце па ўсім геаграфічным ланцужку — як адзіная адладжаная арганізацыйная структура, што працуе на імідж усёй краіны.

Менавіта таму ва ўсім свеце ўсё большае развіццё атрымліваюць менавіта кластэрныя формы дзейнасці. Уязны турызм — не выключэнне. Тым больш, што згодна з перспектыўнымі планамі беларускага ўраду, да 2030 году Рэспубліка Беларусь абавязваецца ўвайсці ў лік 50 вядучых краінаў паводле ўзроўню развіцця турызму.

-10%
-30%
-40%
-30%
-30%
-10%
0070970