Клуб аматараў беларускамоўнай камунікацыі "Мова TUT" распачынае новы сезон. Першая сустрэча запланаваная на аўторак, 29 верасня. Тэма сустрэчы - Беларуская Атлантыда. Месца сустрэчы ранейшае - Галерэя TUT.BY. Уваход па-ранейшаму вольны.

Трымаючыся прынцыпу Клуба "Вывучаем мову праз мастацтва", вырашана актыўней абапірацца і на літаратуру, а не толькі на выяўленчае мастацтва. Таму госцем першай сустрэчы стане аўтар кнігі "Беларуская Атлантыда", кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў, які распавядзе пра невядомыя бакі жыцця Заходняй Беларусі ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. Доўгі час лічылася, што ў пачатку Другой Сусветнай вайны на тэрыторыі Заходняй Беларусі не адбывалася бітваў паміж Войска Польскім і часткамі вермахта, а таксама (пасля 17 верасня 1939) Чырвонай Арміяй. Аднак гэта далёка не так. Як жылі палешукі ў Еўропе тых часоў, чым адрозніваўся іх побыт ад штодзённага жыцця беларусаў з усходу, - пра ўсё гэта на першай сустрэчы клуба "Мова TUT".

Другім госцем спаткання стане супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ў Нясвіжы, дзе каралеўскі палац хавае і па-сёння шмат цікавостак. Іх дасканала вывучаюць і адкрываюць для наведнікаў.

А каб працягнуць літаратурную повязь сярод удзельнікаў Клуба і аматараў беларускамоўнай літаратуры ў Галерэі TUT.BY з'явіцца паліца для буккросінгу.

Усё гэта і ня толькі - на першай сустрэчы Клуба "Мова TUT" ужо ў аўторак, 29 верасня а 19-й гадзіне ў Галерэі TUT.BY (ст.м. Міхалова, праспект Дзяржынскага, 57, 9 паверх).

А ўжо 10 кастрычніка партнёры Клуба каманда праекта "Знайдзі сваіх" запросіць удзельнікаў Клуба на гарадскі квест па прыгожым восеньскім Мінску. Усе падрабязнасці можна будзе атрымаць на сустрэчы альбо праз афіцыйную старонку Клуба ў сацыяльнай сетцы Facebook. Далучайцеся!

У новым сезоне сустрэчы "Мовы TUT" будуць адбывацца па аўторках. Расклад да новага года такі: 29 верасня, 13 і 27 кастрычніка, 17 і 24 лістапада, 8 і 22 снежня. Свой першы дзень нараджэння Клуб адзначыць касцюміраванай імпрэзай 17 лістапада. Сачыце за абнаўленнямі, дасылайце заяўкі на ўдзел і пытанні на адрас mova@tutby.com і да сустрэчы!

-25%
-20%
-15%
-10%
-50%
-50%
-15%
-40%
-30%
-10%
0070970