Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Паседжаньне Міжбанкаўскага валютнага савету адбываюцца ўжо больш за год. Кіраўнік Расейскага банку Віктар Герашчанка лічыць, што такія сустрэчы трэба працягваць і ў будучым, бо праблемы стварэньня адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай валюты, заўсёды й паўсюдна вельмі няпростыя.

Сёньня чакаюць разгляду некаторыя пытаньні правядзеньня ўзгодненай крэдытна-грашовай палітыкі й уніфікацыі банкаўскага заканадаўства дзьвюх краінаў. Чакаецца, што важнае для Беларусі пытаньне атрыманьня расейскіх крэдытаў для стабілізацыі нашай эканомікі, таксама абавязкова будзе закранацца.

Раніцай Віктар Герашчанка сустрэўся з губэрнатарам Магілёўскай вобласьці Барысам Батурам, дзе абмяркоўваліся некаторыя праблемы рэгіёну. Спачатку плянавалася, што паседжаньне Савету будзе доўжыцца два дні й за гэты час галоўны банкір Расеі, "госьць вобласьці", пазнаёміцца з Магілёвам, Шкловам і Клімавічамі.

Рэч у тым, што карані сям'і Герашчанкі - у Клімавіцкім раёне. Тут у адной зь вёсак у 1856 годзе нарадзіўся дзед Віктара Герашчанкі Сяргей. Бацька цяперашняга кіраўніка Цэнтральнага Банку Расеі пачаў свой жыцьцёвы шлях у самім райцэнтры й здолеў даслужыцца з шэраговага рахункавода да аднаго з кіраўнікоў Дзяржаўнага Банку Савецкага Саюзу. Праўда, магілу дзеда Віктара Герашчанкі ў Клімавіцкім раёне шукалі ды, пакуль, не знайшлі. Ён па некаторых зьвестках ажаніўся з папоўскай дачкой, а такіх грамадзянаў у савецкія часіны ня надта шанавалі.

На жаль, сказаў Віктар Герашчанка, гэтым разам у яго не атрымаецца пабываць на радзіме дзеда й бацькі. Хатнія абставіны патрабуюць ягонай прысутнасьці заўтра ў Маскве, а таму й паседжаньне Міжбанкаўскага валютнага савету прыйдзецца правесьці ў Магілёве за адзін дзень.



Ганна Юрчанкова

Радыё Рацыя
,