Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Беларускiя мужчыны адпачываюць у суткi ў сярэднiм на 1 гадзiну больш, чым жанчыны, i пры гэтым «моцны пол» на 1 гадзiну менш займаецца з дзецьмi. Гэтыя даныя прыведзены ў аналiтычнай справаздачы аб становiшчы жанчын у Беларусi «Да гендэрна збалансаванага грамадства».

З панядзелка па пятнiцу беларускiя мужчыны, якiя знаходзяцца ў эканамiчна актыўным узросце, у суткi ў сярэднiм адпачываюць 2 гадзiны 3 хвiлiны, у працуючых жанчын гэты паказчык практычна на гадзiну меншы. У працоўныя днi тыдня сярэднестатыстычны беларускi мужчына адводзiць на сон 7 гадзiн 36 хвiлiн, што на 1 хвiлiну больш, чым сярэднестатыстычная жанчына. На заняткi з дзецьмi беларускiя мужчыны ў працоўныя днi тыдня «выдаткоўваюць» 39 хвiлiн, жанчыны — 1 гадзiну 31 хвiлiну. На хобi ў мужчын адводзiцца 1 гадзiна 17 хвiлiн у суткi, у жанчын — 52 хвiлiны. Затое на догляд за сваёй знешнасцю ў буднi i мужчыны, i жанчыны адводзяць практычна аднолькавую колькасць часу — 38 i 45 хвiлiн у суткi адпаведна.

У выхадныя днi беларускiя мужчыны ў эканамiчна актыўным узросце ў сярэднiм спяць 8 гадзiн 49 хвiлiн, жанчыны — 8 гадзiн 35 хвiлiн. На прыгатаванне ежы ў суботу-нядзелю мужчыны трацяць 34 хвiлiны, жанчыны — 2 гадзiны 6 хвiлiн. На ўборку i мыццё бялiзны ў гэтыя днi мужчыны адводзяць 38 хвiлiн, жанчыны — 2 гадзiны 1 хвiлiну. На хобi ў выхадныя беларускiя мужчыны трацяць больш за 2 гадзiны, жанчыны — удвая менш. А вось на догляд за знешнасцю ў суботу i нядзелю ў мужчын i жанчын адводзiцца аднолькавы адрэзак часу — прыкладна 1 гадзiна. Менш за ўсё сярэднестатыстычныя беларускiя мужчыны i жанчыны ў выхадныя днi трацяць часу на спорт — 31 хвiлiна ў мужчын i 7 хвiлiн у жанчын.

Iна АРЭХАВА