Збіраць журавіны на мільёны долараў, вырабляць дэрматалагічныя лекі, касіць чарот для экалагічных матэрыялаў ды ладзіць экскурсіі па драўляных насцілах. Усё гэта можна рабіць на балотах замест таго, каб асушаць іх дзеля вырабу торфабрыкету.

У Чэрвеньскім раёне пачаўся чарговы праект па аднаўленні парушаных балотаў. Тут плануюць аднавіць гідралагічны рэжым на тарфяніку ў 6 тысяч га, які цяпер выкарыстоўваецца неэфэктыўна.

Як Беларусь выйшла ў рэкардсмены па колькасці адноўленых балотаў і якія ўнікальныя экасістэмы застаюцца пад пагрозай, высвятляла выданне "Радыё Свабода".

Фото: svaboda.org

Развал СССР уратаваў балоты

Актыўна здабываць торф у Беларусі перасталі яшчэ ў 1980-я гады, калі пачалася газіфікацыя краіны. Але нават двух дзесяцігоддзяў інтэнсіўнай здабычы -1960-1970-я гады - хапіла, каб плошча балотаў зменшылася амаль удвая. Калі раней балоты складалі 14% нашай тэрыторыі, дык цяпер - толькі 9%.

Фото: svaboda.org
Нават пасля маштабнай меліярацыі Беларусь застаецца ў ліку краінаў з найбольшай колькасцю балотаў

З аднаго боку, за кошт асушаных балотаў павялічылі тэрыторыю земляў для сельскай гаспадаркі. Аднак у месцах, дзе мэліярацыя была непрадуманая, у вяскоўцаў знікла вада з калодзежаў. Больш суворымі сталі і паводкі, якія раней стрымліваліся балотамі.

У часы пікавай меліярацыі і вытворчасці торфу ў нас здабывалі да 45 мільёнаў тон гэтага карыснага выкапню на год. Але пераход на газ у 1980-я гады і эканамічны крызіс 1990-х натуральным шляхам спынілі меліярацыю. Сёння штогод на тарфяніках здабываюць усяго 3 мільёны тон.

"Эканамічныя праблемы Савецкага Саюзу ўратавалі балоты,
- расказаў "Свабодзе" Аляксандар Казулін, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-практычнага цэнтру па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук. - Грошай на новую меліярацыю, як і на падтрыманне старых меліярацыйных каналаў, ужо не выдзялялі".

На чарзе на меліярацыю стаяла, напрыклад, балота Званец - самае буйное нізіннае балота Еўропы. На яго месцы планавалі стварыць саўгас "Ясная Паляна".

Спачатку аднавілі, а потым вырашылі пусціць на паліва

Праз тое, што старыя меліярацыйныя каналы зарасталі, шмат якія балоты пачалі самастойна аднаўляцца.

Фото: svaboda.org
Балота Ражное ў Бярэзінскім біясфэрным запаведніку

"На Палессі меліярацыя была вельмі хуткая і вельмі моцная, - расказаў Віктар Фянчук, прадстаўнік ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны". - Але шмат на якіх асушаных тэрыторыях, якія выкарыстоўваліся неэфектыўна і былі закінутыя, за 15-20 год пайшлі працэсы забалочвання".

Больш за тое, эколагі і арнітолагі дамагліся таго, што ў сярэдзіне 2000-х гадоў пачаўся праект Праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду "Тарфянікі 1". З 2006 па 2010 год у межах праекту быў адноўлены гідралагічны рэжым на тэрыторыі 28 тысяч га. За гэтым праектам пайшлі іншыя. На сёння, паводле падлікаў эколагаў, агульная тэрыторыя адноўленых балотаў дасягае 50 тысяч гектараў - гэта плошча амаль цэлага раёна.

Аднак ужо літаральна праз год пасля сканчэння гэтага праекту свет пабачыла пастанова Савета Міністраў № 794. Яна прадугледжвала змяншэнне плошчаў васьмі балотаў, якія ахоўваюцца або запланаваныя пад ахову (яны ўваходзяць у спіс прыродных тэрыторый пад асаблівай аховай) дзеля здабычы торфу.

Нашы торфапрадпрыемствы - гэта Англія віктарыянскіх часоў

Большасьць тэрыторый, якія трапілі пад дзеянне пастановы, удалося абараніць ад новых асушэнняў, але гэта ня ставіць крыж на магчымых асушэннях у будучым, лічыць Віктар Фянчук.

Фото: svaboda.org
Часам беларускія балоты - самыя сапраўдныя джунглі. Рэспубліканскі біялагічны заказнік "Спораўскі" - адзін з самых вялікіх масіваў нізінных балотаў Палесся

"Рухавік сістэмы торфаздабычы вельмі моцны, ён інэрцыяй будзе накочваць на новыя балоты, - кажа Фянчук. - Мы цяпер на тым этапе, калі ўсе пачынаюць разумець, што торфаздабыча нясе страты і знішчае каштоўныя тэрыторыі. Але пакуль не можам ад гэтага адмовіцца".

Па словах арнітолага, у нас шмат месцаў, дзе можна здабываць торф са значна меншай пагрозай для навакольнага асяроддзя - у першую чаргу на дэградаваных тарфянішчах.

"Тарфяная сістэма не змянілася з савецкіх часоў. Мы неяк вазілі міжнародную працоўную групу па захаванні балотаў на торфазавод пад Ганцавічамі. Англічанка, калі гэта пабачыла, усклікнула, што гэта ёй нагадвае Англію віктарыянскіх часоў".

Замест торфабрыкетаў можна зарабляць на журавінах і экатурызме

Навукоўцы прызнаюць, што стаўленне да балотаў змянілася і ў дзяржаўных органах. Раней у балотах бачылі толькі крыніцу паліва. Сёння на іх глядзяць ужо іншымі вачыма.

Фото: svaboda.org
На балоты ўжо не глядзяць толькі як на крыніцу паліва

"Усе разумеюць, што далей ужо няма куды, - кажа Казулін. - Трэба перастаць асушаць натуральныя балоты".

Па словах навукоўца, менавіта балоты падтрымліваюць чыстую грунтавую ваду ў вышэйшых слаях глебы. Не будзе балотаў - вада сыйдзе ў ніжэйшыя слаі, і здабываць яе стане даражэй.

"Торф ачышчае атмасферныя ападкі, балоты стрымліваюць вялікія паводкі і сілкуюць рэкі. Гэта ўжо ўсе зразумелі і намагаюцца перапрафіляваць торфапрадпрыемствы, каб здабываць менш торфу і з большай карысцю яго выкарыстоўваць".

Напрыклад, у Лідзе, дзе месціцца апошняе верхавое балота Гродзенскай вобласці - Дакудава, - торфапрадпрыемства хацела "адарваць" 500 га ад біалягічнага заказніка Дакудаўскага. Атрымаўшы толькі чвэрць ад запатрабаванага, тут пачалі вырабляць так званыя пэлеты - паліўныя гранулы, змешваючы торф з біямасай. Гэта патрабуе нашмат менш торфу, чым торфабрыкеты.

Фото: svaboda.org
Шмат у якіх раёнах людзі залежаць ад збору журавінаў

На балоце Марачна пераходзяць на здабычу так званага кіпаванага торфу паводле чэшскай тэхналогіі. З яго можна вырабляць тарфагрунты, на якія ёсць попыт за мяжой. З такім падыходам 100 га балота хопіць на 20-30 год працы. А "пад брыкет" яго б выкапалі за пару гадоў.

Без аніякіх інвестыцыяў традыцыйны прыбытак з балотаў маюць збіральнікі журавінаў. Прыбытак ад збірання журавінаў на адным балоце Ельня ў Міёрскім раёне ацэньваецца ў некалькі мільёнаў долараў за сезон.

"Усе разумеюць, што працаваць з такім падыходам, як раней, больш не будуць", - кажа Казулін.

А вось экалагічны турызм на балотах, такі папулярны ў Еўропе, у нас пакуль застаецца неасвоены. Напрыклад, у Белавежскай пушчы турыстам маглі б ладзіць экскурсіі па ўнікальных балотах, але замест іх прапануюць глядзець вальеры з жывёламі.

Фото: svaboda.org
Каб спрасціць турыстам доступ да балотаў, па версе пракладаюць драўляныя насцілы

"Да нас у нацпаркі прыязджаюць еўрапейскія даследчыкі, а там ім нічога не могуць прапанаваць, - расказала Вольга Каскевіч, старшыня грамадскай арганізацыі "Багна". - Ім ня так цікава наведваць масавыя турыстычныя месцы".

Па словах Каскевіч, для такіх турыстаў патрэбныя навукова-папулярныя экскурсіі, падчас якіх турыстам паказвалі б балотныя расліны і жывёлаў у жывой прыродзе.

"Як стварыць такія маршруты і пры гэтым не нанесці шкоды прыродзе - пра гэта варта клапаціцца не толькі нацпаркам, але і заказнікам".

Нашы поспехі — гэта нашы перагібы ў мінулым

Аляксандар Казулін расказвае шмат добрых рэчаў пра дасягненні ў ахове балотаў. Так, торфапрадпрыемствы цяпер самі забалочваюць адпрацаваныя ўчасткі, распрацоўваецца рэспубліканская схема выкарыстання ўсіх тарфянікаў, пачаўся праект "Тарфянікі 2" ГЭФ/ПРААН па аднаўленьні гідралагічнага рэжыму на парушаных балотах.

Фото: svaboda.org
Пакуль грамадскасць бараніла балоты, у небяспеку трапілі вільготныя лясы


"Раней праблемных пытанняў насамрэч было шмат. А цяпер ёсць закон, і проста так ніхто не можа асушыць балота - павінна быць абмеркаванне і з энэргетыкамі, і з эколагамі, і з навукоўцамі, і з грамадскасьцю. І ўвогуле асушальная меліярацыя амаль не вядзецца - толькі аднаўляюцца старыя каналы".

Пра прагрэс у ахове балотаў кажа і Віктар Фянчук. Беларуская дэлегацыя нядаўна вярнулася з канфэрэнцыі краінаў-удзельніц Рамсарскай канвенцыі па захаванні водна-балотных прыдобаў міжнароднай значнасці, што праходзіла ва Уругваі. На ёй прадстаўнікі Беларусі зрабілі некалькі выступаў пра тое, як у краіне захоўваюцца і аднаўляюцца балоты.

"Тое, як Беларусь актыўна займаецца аднаўленнем балотаў, уразіла шмат каго з удзельнікаў, - кажа Фянчук. - Было шмат станоўчых водгукаў - як добра, што Беларусь у Еўропе на першых месцах па маштабе і якасці захаваных балотаў і па колькасці адноўленых".

У той жа час, тлумачыць арнітолаг, нашы поспехі абумоўленыя і перагібамі мінулых дзесяцігоддзяў. Тады былі асушаны і кінуты тысячы гектараў балотаў, і цікавасці да іх не было амаль ні ў каго. Цяпер канфлікт інтарэсаў больш выразны, таму знайсці і ўзгадніць тэрыторыі для аднаўлення становіцца складаней.

"Нам проста ёсць шмат чаго аднаўляць, - кажа Фянчук. - Але нельга казаць, што ў нас усё выдатна. Застаюцца значныя плошчы асушаных балотаў. Застаюцца праблемы з торфаздабычай".

Грамадства не ўключаюць у дыскусію

Пакуль у рамках праекту ПРААН ідзе аднаўленне парушаных раней балотаў, Міністэрства лясной гаспадаркі высякае пойменныя лясы, якія растуць на тарфяніках. Да такіх лясоў дабрацца цяжка, там жывуць уразлівыя віды птушак. А калі ў гэтае асяроддзе ўрываецца чалавек, цэлыя папуляцыі мізарнеюць і нават знікаюць.

Фото: svaboda.org
Для прыцягнення ўвагі да балотаў ГА "Багна" зняла дакументальны фільм "Подых балот"

"Цяпер мы назіраем, як будуецца шмат лясных дарог для праходу тэхнікі, - кажа Фянчук. - А хутка будзем назіраць яшчэ больш, як прыродныя прытулкі для рэдкіх відаў птушак стануць дасяжнымі для чалавека".

Напрыклад, сёння актыўна будуюцца дарогі ў Прыпяцкім нацыянальным парку, каля Альманскіх балотаў.

"Калі гэта адбываецца на тэрыторыях, важных для птушак, у нацпарках, куды мы ўважліва глядзім, - значыць, адбываецца гэта і ва ўсіх іншых месцах, якія ў грамадскай арганізацыі фізічна не хапае магчымасцяў ахапіць сваёй увагай".

Праблема з вільготнымі лясамі - гэта новая праблема нашых балотаў, пра якую яшчэ няшмат гавораць. Калі высякаюць вільготныя лясы, торф захоўваецца, але над ім гінуць расліны і жывёлы.

Каб пазбегнуць такіх схаваных праблемаў, лічыць Фянчук, дзяржаве варта ўключыць у абмеркаванне грамадзкасьць. Напрыклад, сёння распрацоўваецца Стратэгія па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні тарфянікаў. Але грамадскія арганізацыі да дыскусіі не прыцягнутыя.

"Мы ж бачым, што грамадства неабыякавае да асушэння балотаў - людзі вельмі актыўна рэагуюць на іх. На мой погляд, збалансаваныя рашэнні могуць быць толькі тады, калі грамадства ўключана ў абмеркаванне".
{banner_819}{banner_825}
-40%
-45%
-20%
-25%
-20%
-20%
-80%
-30%
-35%