опубликовано: 
обновлено: 
Мікола Бянько, / Алена Германович,

У гомельскім бары "Рэд Паб" наведнікам прапаноўвалі кактэйль пад назвай "Халакост". Каштаваў гэты напой з міксу лікёраў, самбукі і тэкілы каля 120 тысяч беларускіх рублёў. Гамяльчанка Ксенія Чындарава была шакаваная, калі ўбачыла ў карце алкагольных напояў кактэйль пад такой назвай, паведаміла "Радыё Рацыя"

фото Ксении

"Як такая назва магла некаму прыйсці ў галаву?!" - абураецца Ксенія. Дзяўчына сцвярджае, што ніколі б не пайшла ў гэтую кавярню, калі б не інтэлектуальнае шоў для гомельскай моладзі "Мазгабойня", якое стала ладзіцца ў памяшканнях "Рэд Паба". Паводле Ксеніі, раней яна ставілася да "Рэд Паба" даволі прыязна, бо там адна з лепшых кухняў у горадзе і добрае абслугоўванне. Аднак пасля гэтага здарэння кавярня рызыкуе страціць сама меней адну пастаянную кліентку.

Гомельскі грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак некалькі разоў удзельнічаў у разнастайных праектах, звязаных з гістарычнай памяццю пра габрэйскую абшчыну. Ён мяркуе, што гісторыю габрэяў немагчыма аддзяліць ад беларускай, паколькі гэты народ некалькі стагоддзяў жыў у Беларусі. У некаторыя перыяды каля паловы насельніцтва Гомеля складалі менавіта габрэі. Падзеі ХХ стагоддзя нанеслі катастрафічны ўдар па габрэйскай абшчыне. Цяпер у Гомелі пражывае ўсяго каля 2 тысяч прадстаўнікоў габрэйскага народа.

"Самі габрэі практычна не выкарыстоўваюць слова "халакост". У іх ёсць свой лексічны адпаведнік. "Шоа" - гэтае слова азначае ў літаральным сэнсе катастрофу. І гэта недалёка ад праўды. Справа ў тым, што нацысты фактычна знішчылі габрэйскую цывілізацыю як арганічную частку еўрапейскай культуры. Пасля ІІ Сусветнай вайны можна казаць хіба што пра спробу рэканструкцыі габрэйскай ідэнтычнасці ў новапаўсталай дзяржаве Ізраіль",
- адзначае Андрэй Стрыжак.

Гісторык Марыя Булавінская заўважае, што ў гады ІІ Сусветнай вайны на тэрыторыі Гомеля акупанты стварылі чатыры гета, дзе масава знішчалася габрэйскае насельніцтва. Дагэтуль даследчыкі не вызначылі агульную колькасць забітых габрэяў. "Паводле перапісу 1939 года ў Гомелі было зарэгістравана каля 41 тысячы габрэяў, што складала прыблізна 30% ад колькасці насельніцтва. Падчас вайны на вуліцах Быхаўскай і Нова-Любенскай, у Навабеліцы і ў прадмесці Манастырок былі створаныя абнесеныя калючым дротам пасяленні для габрэяў. У гэтых месцах магло загінуць каля 10 тысяч жанчын, дзяцей і старых. Некаторых расстрэльвалі, а хтосьці паміраў ад жахлівых умоваў пражывання", - распавядае Марыя Булавінская.

Валанцёр Андрэй Стрыжак хоча спадзявацца, што з'яўленне кактэйля з недарэчнай назвай "Халакост" - гэта праява нізкага ўзроўню адукацыі, а не знакі антысемітызму. "Я ўвогуле не люблю кактэйлі, а напоі з такой назвай зусім не пойдуць у горла. Ад "Халакоста" да тэматычнага кактэйля "Хатынь" - усяго крок. Маю надзею, што ўладальнікі кавярні прыбяруць гэты кактэйль з меню і прынясуць прабачэнні габрэйскай грамадзе", - падкрэслівае Андрэй Стрыжак.

"Я не думаю, што гэта правакацыя. Хутчэй за ўсё ў людзей, якія прыдумалі назву "Халакост" для алкагольнага кактэйля, праблемы з пачуццём гумару. Яны не разумеюць, што ёсць рэчы, над якімі ўвогуле нельга жартаваць"
, - падсумоўвае Ксенія Чындарава.

Гомельскі "Рэд Паб" - даволі папулярнае сярод гараджан месца для альтэрнатыўнага адпачынку. Перыядычна на сцэне бара выступаюць нават некаторыя беларускамоўныя гурты. У пачатку красавіка ў гэтым месцы праходзіла вечарына пад назвай "Русский дух", падчас якой дыджэі апраналіся ў расійскія нацыянальныя касцюмы, моладзь фатаграфавалася побач з гіганцкай матрошкай, наведнікі выпівалі гарэлку і закусвалі салёным гурком пад гукі папсы.

Адміністрацыя рэстарана "Рэд Паб" ужо назвала з'яўленне ў меню кактэйлю "Халакост" "дурной памылкай і прыкрым непаразуменнем", паведамляе агенцтва БелаПАН.

Мужчына, які прадставіўся дырэктарам, Дзмітрыем Скаромным, заявіў карэспандэнту: "Адбылася дурная памылка, яна будзе выпраўлена неадкладна, гэта мой недагляд як кіраўніка".

Мужчына дадаў, што не ведаў пра існаванне ў меню кактэйлю з такой назвай. Паводле яго слоў, меню складаюць "розныя сегменты - розныя падраздзяленні". Ён запэўніў, што літаральна зараз жа меню будзе перадрукавана і "гэтая пазіцыя будзе выдаленая".

"Такога быць не павінна, у мяне самога няма слоў, я ведаю, што значыць гэтае слова, вінаватыя будуць пакараныя", - паабяцаў Дзмітрый Скаромны.
-20%
-7%
-10%
-50%
-15%
-6%
-15%
-40%
-12%
-20%
-20%