Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


ВЕРСІІ

Iснуе легенда пра тое, што калiсьцi нашы продкi маглi трапiць з Полацка ў Вiцебск i наадварот пад зямлёй па спецыяльным ходзе. Хаця версiя пакуль не пацвердзiлася, але энтузiясты ўпэўнены, што падземныя хады ёсць i пад Вiцебскам, i пад Полацкам. Разам з iмi падземныя «вулiцы» шукаў i ўласны карэспандэнт «Звязды».

Сенсацыйнымi можна лiчыць вынiкi даследаванняў дыгераў з Санкт-Пецярбурга. Нягледзячы на тое, што яны пакуль не знайшлi падземны Полацк (для пошукаў было няшмат часу), шукальнiкi лiчаць, што на ўскраiне старажытнага Полацка абавязкова ёсць падземныя хады. Пiцерцы ўпэўненыя, што палачане хавалi багацце свайго горада падчас розных войнаў i нашэсцяў захопнiкаў менавiта там.

Афiцыйныя асобы, да якiх я звяртаўся па каментарый, адмахвалiся: маўляў, на зямлi клопату хапае, а вы тут з нейкiмi падземнымi хадамi…

Мiж iншым, многiя гараджане заўважаюць, што каля будынка Вiцебскага гарвыканкама на плошчы Свабоды пад цяжарам грузавiкоў, аўтобусаў i тралейбусаў у гадзiну «пiк» зямля ў лiтаральным сэнсе слова трасецца. Чаму?

Пра падземныя хады Вiцебска мне неаднаразова расказвалi вiцябляне: маладыя, якiя нават, па iх словах, ужо некалькi кiламетраў пад Вiцебскам прайшлi, i людзii паважанага ўзросту, якiя нiбыта ў гады маладосцi з плошчы Свабоды, дзе раней знаходзiўся храм, праходзiлi пад зямлёй да берага Заходняй Дзвiны…

Ужо некалькi апошнiх гадоў на Успенскай горцы ў Вiцебску аднаўляюць разбураны ў 1930-я гады праваслаўны Свята-Успенскi сабор. На пачатку ён належаў манахам-базыльянам, якiя яго i пабудавалi ў ХVIII стагоддзi. Калi манахi праводзiлi земляныя работы пад фундамент, яны знайшлi ў катлаване грунтовыя воды. Каб вырашыць гэтую праблему, базыльяне зрабiлi водаадвод пад зямлёй. Такiм чынам з’явiлiся тунэлi вышынёй у чалавечы рост, якiя потым умацавалi цэглай. Дыгеры лiчаць, што пад былым саборам ёсць падземныя хады, якiя вядуць у Полацк. Старыя ўспамiнаюць, што калiсьцi з вышынi Свята-Успенскага сабора ў сонечныя днi можна было ўбачыць знакамiты полацкi Сафiйскi сабор i менавiта туды вялi хады пад зямлёй…

Ёсць яшчэ адна версiя аб iснаваннi падземнага хода, якi вядзе ад месца, дзе зараз знаходзiцца будынак Вiцебскага аблвыканкама, да той жа Заходняй Дзвiны. Адмiнiстрацыйны будынак займае плошчу былой Духаўскай царквы. Скептыкi гавораць аб тым, што будаўнiцтву падземнага хода перашкаджаў бы ручай, якi мае назву Дунай. «Ды i наогул, у Вiцебску гарыстая мясцовасць, што не спрыяе будаўнiцтву падземных хадоў», — гавораць археолагi. Спецыялiсты нагадваюць, што яшчэ ў ХIХ стагоддзi вядомы краязнаўца Аляксей Сапуноў даследваў тэрыторыю былых вiцебскiх Верхняга i Нiжняга замкаў i адпаведных звестак аб падземных хадах у яго дакладзе няма. Ды i ў 1970-х навукоўцы працавалi ў гэтых раёнах Вiцебска i таксама нiчога нечаканага не знайшлi.

Але ж нiхто са спецыялiстаў i не ставiў перад сабой мэту знайсцi падземныя хады. Вядома, што яны iснуюць у многiх гарадах. Добра вядомыя маскоўскiя падземныя хады, створаныя ў розныя стагоддзi. Будзем спадзявацца, што iнiцыятывы энтузiястаў знайсцi адказ на пытанне, цi ёсць падземныя хады пад Полацкам i Вiцебскам, калi-небудзь знойдуць падтрымку ўладаў. Тым больш, што вялiкiх грошай для гэтага не патрабуецца: проста неабходна запрашаць дыгераў падчас земляных работ i больш дэталёва вывучыць архiўныя паперы. А можа, знайсцi падземныя хады дапаможа яго вялiкасць выпадак? Безумоўна, падземныя гарады будуць вельмi прывабнымi не толькi для турыстаў, але ж i для мясцовых жыхароў… Калi хто з чытачоў «Звязды» можа дапамагчы адкрыць падземную тайну, тэлефануйце ў вiцебскi карпункт.

Аляксандр ПУКШАНСКI
,