/ / Фото: Игорь Матвеев

У Віцебску цяжка знайсці чалавека, які не ведае Барыса Хамайду. Кожны працоўны дзень у любое надвор'е з ускрайку горада ён прыязджае ў цэнтр да так званага "сіняга дома" і прадае тут незалежную прэсу. Цягам 18 гадоў. Такога кутка пад бел-чырвона-белымі парасонам і сцяжкамі няма больш, напэўна, у ніводным горадзе Беларусі.

Фото: Игорь Матвеев

За правядзенне несанкцыянаваных пікетаў пенсіянера безліч разоў затрымлівалі, судзілі, штрафавалі... А ён усё адно прыходзіць і прыходзіць на гэта сваё "намоленае" месца, якое ўжо стала адным з сімвалаў Віцебска.

Аднак мала хто з гараджан ведае, што за чалавек гэты Хамайда. Кім былі яго бацькі? Дзе, як і за што ён жыве? Ці ёсць у яго жонка? Дзе працаваў? За якія ідэі змагаецца? Ці доўга яшчэ будзе хадзіць да "сіняга дома"? І навошта яму гэта ўвогуле трэба?

Напярэдадні Дня Волі TUT.BY пабываў у гасцях у самага вядомага віцебскага апазіцыянера і за кавай пачуў адказы на гэтыя і іншыя пытанні.

"Прыемны чалавек" Хамайда

– Мой брат меў у Ізраілі такую размову з доктарам-арабам: "Вы араб?" – "Не, габрэй". – "Не, вы араб". – "Ды не ж, габрэй! А чаму вы так лічыце?" – "Таму што Хамайда – арабскае прозвішча. У перакладзе з нашай мовы азначае "прыемны чалавек".

Фото: Игорь Матвеев

Хто яго ведае, можа, які далёкі продак і быў арабам. Але, наколькі я ведаю, да сёмага калена Хамайды ўсё ж такі габрэі. Дарэчы, за ўсё жыццё я ні разу не сустрэў аднафамільца.

А назвалі мяне ў гонар дзеда Бенеаміна. Барыс – па-руску тое самае, што і Бенеамін.

Дзяцінства ў бараку

– Я нарадзіўся ў Віцебску 8 студзеня 1948 года. Сям'я тады жыла на Маркаўшчыне. Тут, на беразе Дзвіны, быў шпіталь для інвалідаў вайны. А побач, у двухпавярховым бараку, жыў медперсанал. Мой тата працаваў у тым шпіталі цырульнікам, і яму таксама далі ў бараку маленькі пакойчык – 14 квадратных метраў. Памятаю: доўгі калідор і з двух бакоў стаяць керагазы і керасінкі…

У бальніцу жыхары барака не звярталіся: вакол жа былі адны дактары, вельмі прафесійныя! У мяне на ўсё жыццё засталася павага да людзей у белых халатах. У 1959 годзе барак знеслі – ТЭЦ пракладала трасу, якраз праз наш двор. Нам далі аднапакаёвую кватэру на вуліцы Герцэна. Там былі хоць нейкія зручнасці.

Пасля мы пераехалі ў двухпакаёўку на вуліцы Рэпіна. Тут я жыву і зараз. Пасля смерці маці – адзін. А быў час, калі месціліся ўсямёх. У большым пакоі – брат з жонкай ды двума дзецьмі, у меншым – я з бацькамі.

Фото: Игорь Матвеев
У спальні вісіць фотатрыпціх, які зрабіў былы рэдактар газеты "Віцебскі кур'ер" Уладзімір Базан. На гэтых трох здымках Барыс Хамайда піша беларускую дыктоўку пад наглядам супрацоўнікаў міліцыі.

Нарадзіўся ў кашулі

– Падчас родаў маці памірала. Збегліся ўсе дактары і адна з іх кажа: "Рахіль, ты павінна жыць! Ты нарадзіла хлопчыка ў кашулі". І Гасподзь зрабіў так, што я не застаўся сіратой. Паўсюль голад, а ўрачы дзесьці дасталі пячонку і кармілі маю маці. І яна ачуняла.

Фото: Игорь Матвеев
На шафе – партрэт маці. Каля яго – букет сухіх мімоз. Кожны год на свята 8 сакавіка Барыс Ханонавіч ставіць да партрэта свежы букет. І штогод у Вербную нядзелю мяняе букецік вербы пад бел-чырвона-белым сцягам.

У маленстве мама мне часта казала: "Ты не такі, як усе дзеці, бо нарадзіўся ў кашулі". Тады я не разумеў, што да чаго, а зараз калі дзе пашанцуе, бывае, думаю: мо, і сапраўды мяне Бог беражэ?".


Маці выратаваў настаўнік

– Сям'я маці жыла ў Калышках, габрэйскім мястэчку непадалёк ад Віцебска. Дзед Бенеамін меў гектар зямлі і каня, быў дробным гандляром – развозіў па вёсках запалкі, соль. Калі пачалася вайна, маме было каля 17 гадоў. Немцы стварылі ў Калышках гета. Яно існавала з ліпеня 1941-га па 17 сакавіка 1942-га. У гэты дзень карнікі акружылі вёску і сагналі ўсіх габрэяў на плошчу. Сярод іх былі і мае родныя.

Маці закрычыла: "Мы не габрэі! Мы проста эвакуіраваныя". Тут да немцаў падыйшоў беларус, мясцовы настаўнік Аляксандр Васільевіч Кароткі. І кажа: "Гэта сапраўды так". Можна толькі ўявіць, як ён рызыкаваў! Але ніхто з людзей "не здаў". Маці і бабулю выштурхнулі з калоны, а астатніх – амаль 500 чалавек – пагналі на расстрэл.

А дзеда немцы забілі – прыкладам аўтамата па галаве. Хату, дзе жылі мае сваякі, спалілі. Пасля мне паказалі месца, дзе яна стаяла. Я ўзяў там трошкі пяску і паклаў яго маці ў труну – каб з ёй была зямелька з радзімы.

Мама ў мяне пыталася: "Адкуль ты такім рэвалюцыянерам стаў?" – "Дык ты ж сама мяне такім выхавала". Яна мне, малому, замест казак пастаянна расказвала гэту гісторыю – пра настаўніка, які выратаваў яе і бабулю. І я часта разважаў над учынкам гэтага чалавека. Калі б не ён, то і мяне не было б… І ён быў беларусам – адна з прычын, чаму я так палюбіў беларускую мову.

Бацька сябраваў з лётчыкам-героем

– Бацька, Ханон Айзікавіч, нарадзіўся ў Латвіі, у горадзе Мітава (зараз Елгава). Падчас Першай сусветнай туды прышлі немцы, і ягоная сям'я вымушана была з'ехаць. Бабуля перацягнула ўсіх ў Віцебск – у яе тут былі карані. Некалькі месяцаў жылі ў сінагозе на вуліцы Ільінскай (цяпер Рэвалюцыйная – TUT.BY). Затым арэндавалі кватэру на Пескаваціках.

Фото: Игорь Матвеев
Партрэты маці і бацькі і іхнія ўзнагароды – на сцяне ў спальні.

У дзяцінстве тата прадаваў газету "Віцебскі пралетарый" – так тады называўся "Віцебскі рабочы". Калі памёр Ленін, бацьку было 16 гадоў. Ён расказваў, што быў люты мароз, а жыхары горада ўсю ноч стаялі на мітынгу на плошчы, дзе зараз помнік правадыру. Памятаў Маякоўскага – паэт выступаў у былым клубе металістаў. Бацька сябраваў з Якавам Смушкевічам – генералам-лейтэнантам авіяцыі, двойчы Героем Савецкага Союза, які некаторы час жыў у Віцебску.

Тата ўдзельнічаў у фінскай і Вялікай Айчыннай войнах. Падчас апошняй усе ягоныя родныя – бацькі, першая жонка і трое дзяцей – загінулі ў гета. Ён нічога не ведаў, вёз дачкам і сыну цацкі з Берліна. Страшную навіну пачуў ад суседзяў... Але трэба было жыць. У 39 гадоў ажаніўся з маёй маці. Яна была на 16 гадоў маладзейшая. Разам яны пражылі амаль паўстагоддзя.

І хоць бацька меў толькі 7 класаў адукацыі, быў сапраўдным інтэлігентам. Я ніколі не бачыў яго п'яным, ён не паліў і не лаяўся.

"Прылічны хуліган"

– Я быў прылічным хуліганам! То з кімсьці паб'юся, то ў суседскі сад залезу за яблыкамі. Маці заўсёды хадзіла за мной з вяроўкай для бялізны. Але часцей выхоўвала словам, прывучала да працы. Цэлы месяц чысціў снег у праваслаўнага святара. Ён мне заплаціў 5 рублёў. Вялізныя грошы па тых часах! Я аддаў іх маці, а яна выдавала мне на кіно.

Дапамагаў і бацьку ў цырульні: падмятаў, падносіў прылады. Хто рубель дасць, хто капейкі… Сябры мае гулялі на вуліцы, а я ішоў у цырульню. Так і ўмацоўвалася воля…

Скончыў 8 класаў у СШ №9, потым вучыўся ў вячэрняй. І працаваў на станкабудаўнічым заводзе імя Кірава. Пайшоў у войска. Служыў у дывізіі, якая дыслацыравалася ў Вільні. Я тады быў вельмі далёкі ад беларушчыны і ўвогуле не ведаў нашу гісторыю. Але адчуваў, што ў цэнтры Вільні нейкая незвычайная аўра. Потым даведаўся, што гэта была старажытная сталіца ВКЛ.

Працаваў у аблвыканкаме

– Заўсёды марыў быць юрыстам. Пасля арміі паступіў на юрфак БДУ і ўладкаваўся ў народны суд Чыгуначнага раёна судовым выканаўцам. Напрыканцы вучобы патэлефанавалі з упраўлення юстыцыі аблвыканкама: "Хочам вас забраць да сябе". І я некалькі гадоў працаваў там кансультантам па прававой прапагандзе. Агульны стаж працы ў юрыдычных органах у мяне каля 15 гадоў.

Фото: Игорь Матвеев

А ў 1986 годзе з'ехаў у Сібір – на заробкі. Тры гады працаваў на станцыі Цюмень. Плацілі 500 рублёў у месяц. Дадому прывёз 7,5 тысячы. Па тых часах гэта былі машына і ўзнос на кватэру. Але грошы з'ела паўлаўская рэформа 1991 года. Паспеў толькі зарэгістраваць газету "Выбар". Аддаў на гэта 2 тысячы рублёў.

Клуб "За дэмакратычныя выбары"

– Мяне ўвесь час цягнула ў палітыку. Хоць у мяне была самая звычайная савецкая сям'я. Бацькі ніколі не расказвалі палітычных анекдотаў, не слухалі "Голас Амерыкі". А я чытаў усё, што толькі можна было дастаць у той час.

Добра памятаю, як 18 студзеня 1990 года мы стварылі гарадскі клуб выбаршчыкаў "За дэмакратычныя выбары". Гэта была першая афіцыйна зарэгістраваная грамадская арганізацыя ў Віцебску. На сходзе ў Палацы чыгуначнікаў прысутнічала 69 чалавек. Абралі кіраўніцтва клуба. Я быў адным з трох сустаршынь. Пачалі дзейнічаць. Тады ж была магчымасць кантраляваць выбары. У 1990 годзе добра папрацавалі, дапамагалі дэмакратычным кандыдатам.

Шмат чаго ў палітычным досведзе я ўзяў ад Валодзі Плешчанкі (старшыня Віцебскай рады БНФ, пасля распаду партыі – кіраўнік абласной арганізацыі КХП БНФ, памёр у 2006 годзе – TUT.BY). Мы пазнаёміліся ў 1990-м і хутка сталі сябрамі і паплечнікамі.

Газета "Выбар"

– "Газета "Выбар" выдавалася з 1991 па 2005 гады. Яе заснавальнікам з'яўляўся клуб "За дэмакратычныя выбары", а я практычна з самага пачатку быў галоўным рэдактарам. Гэта было другое дэмакратычнае выданне ў горадзе – пасля "Витебского курьера", які рэдагаваў Уладзімір Базан.

У нас не было памяшкання. Я ўзяў першы нумар і пайшоў да тагачаснага старшыні аблвыканкама Уладзіміра Кулакова. Прэзентаваў яму газету і кажу: "Нам няма дзе сядзець, а ў рэдакцыі "Віцебскага рабочага" ёсць два вольныя кабінеты". Кулакоў адказвае: "Ну и сидите там". Як селі, дык 6 гадоў сядзелі, не плацілі ні за святло, ні за ацяпленне. Аднак, калі Кулакоў перастаў быць старшынёй, нас адтуль выселілі праз суд.

"Выбар" адразу быў дзвюхмоўным, потым выходзіў на беларускай. Наклад – 2,5 тысячы асобнікаў. А адзін нумар выпусцілі накладам больш за 60 тысяч! Да вясны 1994 года, пакуль была афіцыйная рэгістрацыя, газета выходзіла штотыднёва, друкавалася ў дзяржаўных друкарнях. Напачатку журналісты працавалі за заробак, потым у рэдакцыю прыходзілі валанцёры. Яны рабілі газету за ідэю, і такіх людзей было шмат.

У 1994-м гарвыканкам не перарэгістраваў статут клуба "За дэмакратычныя выбары", і Міністэрства інфармацыі скасавала пасведчанне аб рэгістрацыі газеты. І да 2005 года "Выбар" выходзіў ужо радзей і паўпадпольна. У выходных дадзеных мы, напрыклад, пісалі: "Друкарня – Крапівенскае поле пад Оршай".

Супрацьстаянне каля "сіняга дома"

– Я такі чалавек, што без свабоды не магу. Каля "сіняга дома" стаю з пачатку сакавіка 1997 года. Месца гэта вельмі добрае. Яго абраў Валодзя Плешчанка. Да 2006 года, пакуль ён быў жывы, мы стаялі  ўдвух. А бывала, і ўтрох – да нас далучаўся аднадумца Аляксандр Салаўян. Апошнія 9 гадоў я адзін стаю…

З Валодзем, канешне, было прасцей. Мы страхавалі адзін аднаго. Там жа не было дня, каб штосьці не адбылося! Людзі лезлі ў бойку, штурхалі нас на вітрыну, рвалі плакаты, газеты. Што толькі ні казалі, як ні пракліналі, мяне ў Тэль-Авіў пасылалі. Аднойчы нейкі мужык кінуў Валодзю ў твар флакон адэкалону, а мяне сустрэлі каля дома і збілі. Быў дужа цяжкі час. Госпадзі…

Фото: Игорь Матвеев

Жорсткі напад адбыўся і ў мінулым годзе: мяне павалілі на зямлю, прыціснулі, не было чым дыхаць… А Салаўяну далі нагой у твар, як толькі зубы не выбілі.

Многія ўпэўнены, што мне за гэта грошы плацяць. Я раней тлумачыў, а зараз кажу: "Пастой побач. Можа, хто прынясе торбу, і ты паглядзіш, колькі мне заплацяць". Людзі не могуць зразумець, што ёсць ідэя – і чалавек за яе змагаецца. Яны ж думаюць: як гэта ён проста так тут стаіць?!".

"Сустрэнемся "каля Хамайды"

– Зараз уражанне, што людзі мяняюцца. Найбольш адыёзныя, бачна, адыйшлі, яны ж былі ва ўзросце. Шмат каго з тых, хто ў бойку лез, зараз не бачу. Цяпер самая частая абраза – "бандэравец".

Па-мойму, людзі да мяне прывыклі. Быццам бы я і павінен быць на гэтым месцы. Асабліва не заўважаюць. Хто падыходзіць, з тым размаўляю. Ёсць пастаянныя пакупнікі газет і часопісаў. Ёсць людзі, якія змянілі свае погляды дзякуючы мне, яны самі так кажуць.

Я прыходжу да "сіняга дома" ў 10.00-10.30. І стаю дзесьці 3,5-4 гадзіны. Дык людзі гэта ўжо ведаюць і прызначаюць тут спатканні: "Сустрэнемся "каля Хамайды". Мяне гэта весяліць: ёсць кавярня "У ратуши", а ёсць месца "каля Хамайды".

Фото: Игорь Матвеев

Адзін дзед ходзіць і пастаянна кажа: "Ну, дакладна тут павесяць памятную шыльду ў твой гонар". Ён мяне толькі раздражняе гэтым.

А калі сур'ёзна, то, каб зараз зноў усё гэта пачаць, я б не здолеў. 18 гадоў таму было і сіл болей, і балячак меней. Стаміўся. Хоць гэта зіма выдалася лёгкая: не было вялікіх халадоў. А то, бывае, выйдзеш ранкам на вуліцу – мароз! Ці дождж. Але ты кожны раз пераадольваеш сябе і ідзеш. Гэта ўжо ўвайшло ў прывычку. Тут няма ніякай героікі.

Гэта як чамадан без ручкі: і цяжка насіць, і шкада выкінуць. Думаеш увесь час: можа, нешта зменіцца, дык пайду на пенсію. Але гады ідуць, а нічога не мяняецца…

Пакуль ногі гнуцца, трэба прыходзіць сюды. У Бібліі ёсць моцны выраз: "Калі ўсё вытрымаеш – уратуешся". Трэба пацярпець. Прыдзе час – усё зменіцца".

Затрыманні, штрафы, суткі

– Напачатку я іх лічыў, а потым махнуў рукой. Адна газета напісала, што сума маіх адміністрацыйных штрафаў ужо больш за 100 мільёнаў рублёў. Так гэта ці не, не ведаю.

Што тычыцца арыштаў, то адседзеў больш за 100 сутак. Апошні раз трое сутак – летась.

У ізалятары я правы не качаю. Прынеслі паесці – паеў. Дазваляюць прагулку – іду. Біблію там чытаў. Аднойчы сядзелі там з Салаўянам, дык нам прынеслі шашкі: "Ну, дзяды, пагуляйце".

Быў час, што забіралі ў міліцыю кожны дзень і па нейкіх дробязях.

Аднойчы я сышоў з хаты, а да майго балкона прыбілі дзяржаўны сцяг. Гэта ж трэба было машыну прыгнаць, каб зрабіць гэта на вышыні! Некалькі разоў засоўвалі запалкі ў замочную шчыліну.

Аднак да міліцыі ў мяне сапраўдных прэтэнзій няма. Колькі ні затрымлівалі, у пастарунках да мяне ніколі не прымянялі сілу. Больш шкоды было ад мінакоў, бо іхнія паводзіны непрагназуемыя.

Чаму не ажаніўся

– Да 42 гадоў, пакуль не пайшоў у палітыку, ажаніцца не атрымалася. Была жанчына, але лёс не склаўся. А потым гэта пытанне знялася. Хоць шмат знаёмых было, і яны мне падабаліся. Але я маўчаў, і ўсё. Бо я чалавек абавязку. А як бы я адказваў за жонку, калі я не працую, калі мяне цягаюць па пастарунках, калі я перажыў столькі стрэсаў?..

Фото: Игорь Матвеев

Хопіць таго, што з-за мяне пакутвала маці. Мне падаецца, я скараціў ёй жыццё гадоў, можа, на 20.

Але калі б заўтра сітуацыя змянілася, я, можа, і падумаў бы, што трэба, каб побач быў чалавек. Бо калі хварэю, няма каму шклянку вады падаць…

Адпачынак – пілігрымка з грэка-католікамі

– Мой прадзед Пейсах быў равінам. Бабуля па лініі маці ўвогуле была артадаксальная габрэйка. Бацькі хадзілі ў падпольную сінагогу. Шанавалі рэлігійныя святы.

А я напачатку хадзіў да пратэстантаў. Там і хрост прыняў. Але адчуваў: не маё гэта асяроддзе. А не хапала мне там беларускай мовы. Даведаўся, што ў нас ёсць грэка-каталіцкая царква. Раз там пабыў і зразумеў: гэта мая хата. Служба – па-беларуску, святар і вернікі – прыемныя людзі. Трэці год наведваю гэты храм.

Два гады запар у ліпені хадзіў у пілігрымкі ў Полацк. 100 км пешшу. Так у мяне звычайна суставы баляць, а ў хрэсным ходзе – не баляць! Гэтыя чатыры дні я адпачываю, зусім перастаю думаць пра палітыку. І сёлета планую ісці. Гэта пілігрымка для мяне – як для кагосьці водпуск на моры.

Штораніцы ў будні ў мяне ранішнія прагулкі – па 5 кіламетраў. Устаю, раблю невялікую зарадку. І іду да шаўковага камбіната і назад. Звару кашу, паем – і еду да "сіняга дома".

Людзі прыносяць прадукты і грошы

– Быт заядае. Калі была жывая маці, я не ведаў гора. А зараз бруд не люблю, але не люблю і ўборку (смяецца). Аднак кватэру прыбіраю, посуд мыю.

Я ўжо 7 гадоў на пенсіі, але яе не аформіў. Давядзецца, бачна, усё-ткі гэта зрабіць. Бо грошы, якія засталіся пасля смерці маці, скончыліся. А трэба ж плаціць за кватэру – гэта мой асноўны расход.

Жыву аскетычна. Хапае таго, што нагандлюю каля "сіняга дома", і таго, чым людзі дапамагаюць. Добразычліўцаў шмат. Хто прадукты прынясе, хто грошы. Аднойчы вырашыў падлічыць, колькі мне трэба, каб пражыць месяц. Збіраў квіткі. Выявілася: каля 500 тысяч.

"Няма злобы і жадання помсты"

– Былі часы, калі я лез на ражон. Зараз ужо не. Прэзідэнта на сваіх плакатах не ўзгадваю. Калі пачынаецца "Славянскі базар", на месца, дзе я знаходжуся, адмыслова ставяць сталы з лаўкамі. Прыходзяць міліцыянты і просяць: "Вы павінны адсюль сысці". А ў апошнія два гады пачатак фестывалю супадае з маёй пілігрымкай. Я вяртаюся ў Віцебск, калі тут усё ўжо заканчваецца.

Фото: Игорь Матвеев

Я не шкадую пра 25 гадоў у апазіцыі. Інакш бы я пражыў толькі ранейшы перыяд жыцця – той, што выпаў на савецкі час.

У мяне няма ні на каго ні злобы, ні жадання помсты. І каб нават змянілася сітуацыя, я б не шукаў людей, якія рабілі мне дрэнна. Яшчэ ў маладосці пачытаў у Дантэ: "Ідзі сваёй дарогай, і хай людзі кажуць што заўгодна". Гэта галоўнае правіла майго жыцця.
{banner_819}{banner_825}
-50%
-10%
-10%
-20%
-15%
-50%
-50%
-40%