/ /

Тэракт у рэдакцыі французскага часопіса Charlie Hebdo прымусіў увесь свет яшчэ раз задумацца аб талерантнасці, а цемнаскуры беларускі мастак і музыка Андрусь Такінданг прысвяціў гэтай страшнай падзеі песню, якая прызывае да ўзаемапаразумення. Мы выправіліся да яго на кухню, каб пагаварыць аб талерантнасці ў межах нашага горада. Суразмоўца расказаў, чаму ён будзе сумаваць па бары ўніверсама "Цэнтральны", пра свае адносіны з РНЕ і пра тое, чаму людзі хочуць быць Сяргеямі Міхалкамі.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

"Ніхто, акрамя мяне самога, не есць маю фірменную страву"

Андрусь нарадзіўся ў сям'і беларускі і жыхара Чада, які прыехаў у БССР на вучобу. Зараз жа Такінданг жыве ў двухпакаёўцы ў пасёлку Сокал пад Мінскам ужо каля трох гадоў. Кажа, што рамонт на кухні паступова зрабілі адразу пасля засялення.

– Гэты гарнітур мы не рабілі пад заказ, а проста набылі ў краме. Тры гады таму ён каштаваў дзесьці мільёнаў сем, аднак зараз заблытаешся лічыць, колькі гэта было на той момант у доларах.

Гарнітур на куні Такінданга - беларускай вытворчасці.
Гарнітур на кухні Такінданга беларускай вытворчасці.

Кухня суразмоўцы даволі вялікая, што дазваляе яму прымаць тут шмат сяброў і знаёмых. Праўда, ніхто з іх асабліва не просіць прыгатаваць Андруся яго фірменную страву – смажаную рыбу.

– Я амаль заўсёды ем яе адзін, бо іншым здаецца, што там занадта прыпраў. Але мне падабаецца менавіта такая ежа.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

"Кожны павінен прайсці перыяд бара ўніверсама "Цэнтральны"

Андрусь кажа, яму падабаецца завітваць у розныя кавярні і рэстараны, але гэта больш тычыцца замежжа, бо ў Мінску ён ходзіць у звыклыя месцы.

– Раней я вадзіў усіх сваіх замежных гасцей у "Васількі", аднак мне расказалі, што пасля хакея там паднялі цэны, і я больш туды не завітваў.

Таксама больш не ходзіць Андрусь і ў легендарны бар універсама "Цэнтральны", дзе раней ён быў частым госцем. Кажа, што ўжо не той узрост, каб тусавацца з нефармаламі.

Я лічу, што кожны павінен прайсці перыяд "Цэнтральнага", але не затрымлівацца там надоўга, бо гэта небяспечна для здароўя і жыццёвых перспектыў.

Андрусь зараз не толькі не ходзіць у "Цэнтральны", але і нават сам пячэ хлеб.
А зараз Андрусь нават сам пячэ хлеб.

Нягледзячы на гэта, суразмоўца шкадуе, што новы ўладальнік крамы вось-вось можа прыкрыць легендарны мінскі бар. Ён кажа, што гэта месца мае свой яркі характар.

Сталінскі ампір, савецкія касіркі і маргіналы ствараюць яго характар як частку аблічча горада. Гэтага аблічча нам не хапае, і мае замежныя сябры заўсёды вельмі цікавяцца гэтым месцам, бо такога больш нідзе няма. Але я ім кажу: "Калі што, хлопцы, без мяне". Пакуль што мне слабо, але, можа, час павернецца так, што пайду і ў "Цэнтральны".

"Толькі ў "Чабурэчнай" можна сустрэць дырэктараў з Оршы, якія п'юць за ВКЛ"

А вось па "Старому Менску", які зараз ператварыўся ў Brew Bar Minsk, Андрусь сумаваць не будзе. Кажа, што там яму падабаліся толькі жывыя выступленні музыкаў на вуліцы, а за падобным інтэр'ерам ён можа завітаць і ў "Лондан".

Таксама нядаўна я адкрыў для сябе кафэ "Стары горад" у Траецкім. Там вельмі смачная беларуская ежа з цікавымі назвамі, напрыклад "Каханка як маланка", "Вечарэла душу грэла"... І табе прыносяць патэльню ўсяго-ўсяго па вельмі дэмакратычнай цане. Да таго ж там і піва таннае.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

Яшчэ адно месца з танным півам, пра якое расказвае Андрусь, гэта "Чабурэчная" на рагу праспекта Незалежнасці і Валадарскага. Там, кажа суразмоўца, у адрозненне ад "Лондана" ці "Старога Менска", можна сустрэць абсалютна розную публіку.

Аднойчы я зайшоў туды з'есці чабурэк с куфалем піва, а за суседнім сталом пілі гарэлку мужчыны з вусамі ў гарнітурах. І калі я сабраўся сыходзіць, то яны мяне падазвалі і кажуць: "О, ты же тот чувак из телевизора, давай с нами!" (Такінданг нейкі час быў вядучым перадачы пра  беларускую мову на тэлебачанні. TUT.BY). Бяруць яшчэ пузыр гарэлкі, ад якой я адмаўляюся, і расказваюць, што яны дырэктары нейкіх там камбінатаў з Оршы.

Пакуль Андрусь адмаўляўся ад чаркі, мужчыны расказвалі яму пра вучобу, пра тое, як добра было ў СССР і чаму капіталісты такія дрэнныя.

Я ўжо сябе ледзь стрымліваў, і тут яны падымаюць келіхі і кажуць: "Ну, давайце вып'ем за нашу агульную радзіму, за ВКЛ!" Я, шчыра кажучы, быў у культурным шоку, але менавіта такія размовы могуць узнікаць толькі ў "Чабурэчнай".

Нейкіх сваіх нелюбімых кафэ ў Мінску Такінданг назваць не можа. Кажа толькі тое, што ўсе нашы кавярні саступаюць украінскім, польскім ды літоўскім па суадносінах "кошт якасць".

Але, як мне казалі людзі, якія займаюцца рэстаранным бізнэсам, калі у нас рабіць усё па законе, тады сабе нічога не застанецца. Не будзе тады прыбытку ад бізнэсу. Таму я стаўлюся да гэтага з разуменнем.

Андрусь даволі часта бывае за мяжой як са сваім гуртом Гаротніца, так і з выставамі сваіх карцін.
Андрусь даволі часта бывае за мяжой як са сваім гуртом "Гаротніца", так і з выставамі сваіх карцін.


"РНЕшнікі крычалі, каб "ехал в свою страну", а куды ж я паеду?"

А вось разумеюць Андруся далёка не ва ўсіх мінскіх кавярнях: хоць гэтага становіцца менш, аднак і сёння дзе-нідзе трэба тлумачыць афіцыянту, што такое "рахунак".

Але ўвогуле я не адчуваю нейкага непаразумення ў горадзе, таму што, напэўна, усе мае знаёмыя добра ведаюць беларускую мову.

З непаразуменнем у Мінску Такінданг часцей сутыкаўся раней, і яно пралягала зусім не ў моўнай прасторы. Колер скуры суразмоўцы ў 90-я яшчэ выклікаў пытанні на вуліцах горада.

Я памятаю, што каля кіёскаў стаялі людзі, якія адбіралі грошы, а наводдаль іх кантралявалі "смотрящие" гадоў сарака. Дык вось, грошы ў мяне ніхто не адбіраў, бо я малы быў, а за колер скуры прэсануць маглі. Падыходзілі са словамі: "Эй, ты что, черный, что ли?" - і нá табе!

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

Узгадвае ён таксама, як тады ў Мінску даволі актыўна сябе паводзіла РНЕ. Асабліва яно квітнела, па словах Андруся, ва Уруччы.

Ідзеш, а табе крычаць: "Едь в свою страну!", а ты думаеш: а куды ж мне ехаць, калі гэта мая краіна?..

"Аднойчы ад бойкі ўратавала беларуская мова"

Андрусь кажа, што не толькі каля дома на Усходзе, але і "на Кастрычніцкай можна было атрымаць у галаву": "РНЕшнікі працавалі заўсёды па адным сцэнарыі і ў цэнтры".

Яны абступалі цябе паўколам, а на размову засылалі самага малога і кволага, якога ты, па ідэі, мусіш ударыць. А калі ты гэта зробіш, то астатнія бягуць яго бараніць і цябе ўкатваюць. Але заўсёды мы з імі неяк разыходзіліся мірам, а аднойчы я зацягнуў гутарку да таго моманту, пакуль не падышоў патруль і не забраў гэтых хлопцаў.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

А аднойчы ад бойкі Андруся ўратавала беларуская мова. Гэта было на алеі па вуліцы Леніна ўздоўж Нацбанка, дзе Такінданг вечарам сядзеў у кампаніі дзяўчынак.

Але там былі ўжо не РНЕшнікі, а проста нейкія фашысты, якія пачалі гучна абмяркоўваць, як яны мяне будуць забіваць: нажы там, усе справы. І калі да меня прыйшоў іх рэпрэзентант, то я загаварыў на мове, і ён кажа: "О, ты по-белорусски говоришь. Я вот тоже в рыцарском клубе занимаюсь, так люблю рыцарей, мне так стыдно".

"У 90-я здавалася, што мы вось-вось дасягнем свабоды"

Андрусь кажа, што калі не баяцца, то ўсё можна было вырашыць словамі. Тым больш у 90-я ў Мінску было і шмат пазітыўнага.

Былі дазволеныя канцэрты N.R.M. на вуліцы, дзе сабіраліся тысячы чалавек. Ды і ўвогуле ў горадзе віравала кантрастнае рокерскае жыццё. У той час вокліч "Жыве Беларусь" не быў банальным, як зараз, а здавалася, што вось-вось мы дасягнем свабоды.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

Па словах Такінданга, тады не толькі ён быў юнаком, але і ўсё грамадства было юным. Зараз жа, кажа суразмоўца, усе пасталелі.

Тады ўсё было па-рокерску, а зараз усё больш модна. Вы паглядзіце на гэтых людзей з бародамі, з прычоскамі. Мінчукі зараз ужо больш замежнікі па выглядзе, чым самі замежнікі.

"Я напісаў песню пра "Шарлі", бо спужаўся цывілізацыйнай вайны іслама і хрысціянства"

Натуральна, што зараз ужо ніхто не мае пытанняў да колеру скуры Андруся, бо Беларусь становіцца больш цывілізаванай і талерантнай. Яшчэ ж раз задумацца пра талерантнасць увесь свет падштурхнуў тэракт у рэдакцыі французскага часопіса Charlie Hebdo, які маляваў карыкатуры на прарока Мухамеда.

Гэтаму жахліваму выпадку Андрусь прысвяціў невялічкую песеньку, якая заканчваецца словамі: "Мы да зорак ляцім, што ж сварыцца дарма. Толькі кулі ніколі не вернеш назад..."

Я напісаў яе таму, што спалохаўся цывілізацыйнага супрацьстаяння ісламу і хрысціянскага свету. Гэта страшна, калі ў Еўропе адбываецца такое жорсткае забойства з-за рэлігійных цёрак, і хочацца сказаць: "Людзі, не спяшайцеся забіваць адзін аднаго". І калі я спяваў пра "Шарлі", то заўсёды думаў і пра Украіну.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

Адносна сітуацыі ў Францыі Такінданг кажа, што хоць яму і не падабаюцца тыя карыкатуры, ён выступае за рэлігійныя дыспуты, а не за вайну. Аднак паколькі редакцыя часопіса не прадстаўляла ніякай рэлігіі, то ўсе пытанні, упэўнены суразмоўца, можна вырашыць у судзе.

Можна было б звярнуцца і да больш прафесійнага мастака, які б зрабіў карыкатуру на "Шарлі", а не звяртацца да аўтамата Калашнікава. А ўвогуле, праблема ў тым, што людзі маюць нізкую рэлігійную адукацыю. Рэлігія гэта ж цэлы свет філасофіі, але замест таго, каб размаўляць з Богам і адукоўвацца, людзі чамусьці бяруцца за камень.

"Трэба больш укладваць у духоўнае яно не дэвальвуецца"

Андрусь піша кароткія сацыяльныя песенькі і пра беларускія падзеі. Кажа, ніколі не думаў, што будзе такім займацца, але зараз у нас амаль кожны тыдзень з'яўляецца навіна, якая хвалюе. Напрыклад, Такінданг спеў і пра сітуацыю з валютай, якая суправаджалася чэргамі за тэлевізарамі і іншай тэхнікай.

Наш чалавек ужо не спадзяецца на стабільнасць свайго рубля, на абяцанкі ўлады, а спадзяецца толькі на хуткасць сваіх ног. Так нас выхавалі абставіны, што калі мы не паспеем, нас развядуць. І гэта абсалютна нармальная якасць, толькі не варта адзін аднаго душыць у чэргах.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

Сам жа Такінданг кажа, што не такі мудры, як суайчыннікі, бо пакуль ён дабраўся да "Карона-Тэхна", то паліцы былі ўжо напалову пустыя.

Аднак трэба разумець, што ўсяго не купіш і ўсё роўна не абдурыш ні крызісы гэтыя, ні дзяржаву. Нам трэба, можа, крышку больш укладваць у духоўнае, а не матэрыяльнае. Духоўнае яно не дэвальвуецца.

"Шмат мінчукоў клянуць сваю працу і хочуць стаць Сяргеем Міхалком"

Андрусь нагадвае, што ўсе гэтыя чэргі ўзяліся ў тым ліку з-за недаверу да ўлады. Аднак, па словах суразмоўцы, у нас даволі шмат людзей, якія маўчаць. Пра іх ён таксама напісаў песню з назвай "Быць Сяргеем Міхалком быць сапраўдным мужыком".

Я маю шмат знаёмых, якія спачуваюць, але на сваёй працы не могуць раскрыцца як беларусы, не могуць гаварыць на мове. Ёсць і такія знаёмыя службоўцы, якія клянуць сваю працу, хочуць быць рокерамі, Сяргеямі Міхалкамі, але яны не могуць імі стаць з-за абставін.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

І гэтыя абставіны, па словах Андруся, зусім не абавязкова звязаныя з палітыкай: ён кажа як пра прыніжэнне з боку кіраўніка, так і пра бессэнсоўнасць працы.

Мне знаёмы выкладчык з iнстытута культуры расказаў, што ў іх увялі прапускную сістэму, як на заводзе, з карткамі, якія фіксуюць час прыхода і адыхода з працы. Ды толькі лекцыі ў іх ідуць крыху меней, чым звычайны працоўны дзень, і каб не атрымаць вымову, яны проста там прасіжваюць месца. А калі вымова  то адразу звальненне з воўчым білетам... Канешне, у такой сітуацыі будзе хацецца стаць рокерам.

Сам Андрусь займаецца тым, што падабаецца: грае у гуртах "Рэха" і "Гаротніца", а таксама малюе карціны. Праўда, яго выстава зараз праходзіць у польскім Вроцлаве, а не родным Мінску, бо "ў нас для гэтага трэба значна больш намаганняў". Але ад гэтага Такінданг не стаў любіць свой горад меней.

Я да гэтага горада прырос і адчуваю рэзананс з ім. Толькі ў гэтым горадзе я магу выйсці на шпацыр і сустрэць безліч знаёмых.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

4 мінскіх пытанні Андрусю Такіндангу

- Якое збудаванне ў Мінску вы б знеслі ў першую чаргу?

- Гасцініцу каля цырка. Яна псуе архітэктурныя абрысы нашага праспекта, яго агульны план.

- Каму б вы паставілі ў Мінску помнік?

- Караткевічу. Я люблю гэтага аўтара, бо ён мне вельмі блізкі і зразумелы. Таксама нам патрэбен і помнік Каліноўскаму, але я разумею, што ён узнікне толькі тады, калі ў Беларусі адбудуцца перамены.

- Каго вы лічыце самым значным мінчуком?

- Лявона Вольскага. Ён вельмі адпавядае тэрміну "месціч", "мінчук". Гэта інтэлігентны і разумны чалавек, які стварыў культурны пласт, на якім я вырас.

- Куды вы ў першую чаргу вядзеце ў Мінску замежных гасцей?

- На праспект. Я ім паказваю і "Цэнтральны", але кажу: "Калі хочаце - то ідзіце, толькі без мяне".
{banner_819}{banner_825}
-30%
-14%
-30%
-26%
-10%
-50%
-10%
-20%