Глеб Лабадзенка, спецыяльна для TUT.BY

Знаная польская даследчыца прачытае 13 лістапада ў Мінску публічную лекцыю "Чатыры ўрады БНР у 1918 - 1920 гг.". Лекцыя адбудзецца а 18.30 у Галерэі "Ў" у межах цыкла "Urbi et Orbi", які ладзяць Лятучы Універсітэт і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі. Дарота Міхалюк у лекцыі раскрые невядомыя раней шырокай публіцы падрабязнасці стварэння ды існавання Беларускай Народнай Рэспублікі. Якія краіны прызналі маладую беларускую дзяржаву? Хто вылучыў БНР крэдыт і на што ён пайшоў? Чаму супрацоўніцтва з немцамі нельга адназначна лічыць калабарацыяй? Якая, урэшце, сувязь між існаваннем БНР і стварэннем БССР? Пра гэта ўсё - на лекцыі. А пакуль - гутарка напярэдадні.

"Я прытрымліваюся думкі, што гістарычныя даследаванні павінны быць вольныя ад якой-небудзь ідэалогіі"

- Пані Дарота, што падштурхнула Вас, польскую даследчыцу, гэтак шчыльна заняцца вывучэннем БНР?

- Для гэтага было некалькі прычын. Адная з найважнейшых - вывучэнне кніг Яўгена Мірановіча "Беларусь" і "Дакументы БНР", выдадзеныя ў двух тамах Сяргеем Шупам. Дакументы паказваюць вялікія няспраўджаныя спадзяванні герояў, на першы погляд даволі рамантычныя. Мяне зацікавіла: чаму іх планы не спраўдзіліся? І так пачалося маё колькігадовае вывучэнне вытокаў БНР.

- Інтэпрэтацыі БНР у сённяшняй Беларусі розняцца ў залежнасці ад палітычных перакананняў людзей: дэмакратычная інтэлігенцыя лічыць БНР калыскай сучаснай беларускай дзяржаўнасці, праўладныя ідэолагі называюць БНР "прадажнай структурай", якая толькі і шукала, "пад каго б легчы" - Нямеччыну, Польшчу, Расію ці яшчэ каго. Як вы фармулююце - што такое для Беларусі БНР?

- Я прытрымліваюся думкі, што гістарычныя даследаванні павінны быць вольныя ад якой-небудзь ідэалогіі. Калі ж казаць пра Беларускую Народную Рэспубліку, я мяркую, што гэта была натуральная спроба стварэння ўласнай незалежнай дзяржаўнасці, адзінае што - малаэфектыўная. А пошук хаўруснікаў на міжнароднай арэне, сярод іншых дзяржаў быў даволі натуральным працэсам.

- Ці можна гэта назваць здрадай ці калабаранцтвам (як любіць афіцыйная прапаганда) - што многія прадстаўнікі БНР былі гатовыя супрацоўнічаць з "агрэсарам" - Нямеччынай? Або з дзвюх бедаў - Нямеччыны і Расіі - варта было абавязкова выбраць нейкую?

- Па-першае, варта спытацца: для каго Нямеччына была агрэсарам?

На момант акупацыі немцамі беларускіх земляў у жніўні 1915 года беларускай дзяржавы не існавала. І калі мы ўжо пра гэта гаворым, то напрыклад, расійскі ўрад Леніна не меў ніякіх згрызот сумлення, каб супрацоўнічаць з немцамі насуперак легальнаму расійскаму ўраду, які вёў вайну. Таксама варта ўспомніць, што частка насельніцтва на літоўска-беларускіх і ўкраінскіх землях ўспрымала Расію як драпежніцкую дзяржаву, якая ў XVIII стагоддзі без аніякіх ваганняў разарвала Рэч Паспалітую, далучыла да свае тэрыторыі Вялікае Княства Літоўскае і частку ўкраінскіх земляў. Дастаткова ўспомніць погляды на Расію хоць бы Кастуся Каліноўскага. Відавочна, шмат асобаў былі гатовыя і да вайны з немцамі ў шэрагах расейскага войска - выконваць такім чынам свой абавязак перад дзяржаваю, грамадзянамі якой былі. Але потым пачаліся хаос, грамадязнская вайна, анархія, дзяржава прыйшла ў заняпад. Гэта была магчымасць для зменаў. У тым часе занепадалі і іншыя шматнацыянальныя манархіі. На іх руінах паўставалі новыя дзяржаўныя ўтварэнні.

Мне падаецца, што ў гэтай справе прабіваюцца не толькі погляды савецкай гістарыяграфіі на БНР, але таксама беларускі досвед у Другой сусветнай вайне. Гэта негістарычнае мысленне, бо нямецкая акупацыя ў часе Першай сусветнай вайны насіла зусім іншы характар і не мела на ўвазе вынішчэнне грамадзянскага насельніцтва. Нямецкія войскі занялі тэрыторыю Беларусі ў 1915 годзе і знаходзіліся там у некаторых раёнах ажно да 1919 года. Доўгі час здавалася, што Берлін будзе ствараць новую палітычную мапу Усходняй Еўропы. Таму, калі з"явіўся шанец на стварэнне ўласнай дзяржавы, гэта было натуральна - лічыцца з Нямеччынай, якая гаспадарыла на гэтых тэрыторыях. Гэтак жа рабілі літоўцы, латышы, украінцы і палякі. У гэтым жа кірунку дзейнічалі і беларускія актывісты. У 1915 годзе браты Луцкевічы сфармавалі ў Вільні канцэпцыю стварэння Вялікага Княства Літоўскага на літоўскіх і беларускіх землях, занятых нямецкімі войскамі. А ў 1916 годзе прапанавалі хаўрус дзяржаваў - Літвы, Латвіі, Беларусі і Украіны - прывязаны да нямецкай ідэі Цэнтральнай Еўропы (Mitteleuropa). Язэп Варонка и Раман Скірмунт, якія стаялі на чале ўраду БНР, таксама паспрабавалі зацікавіць нямецкую адміністрацыю Обер-Осту і ў Берліне ўздымалі беларускае пытанне, дамагаліся прызнання БНР, але безвынікова. Немцы былі гатовыя падтрымліваць толькі нацыянальную культуру і адукацыю беларусаў. Яны пагадзіліся нават на функцыянаванне Народнага Сакратарыяту БНР, але выключна як беларускае нацыянальнае, а не дзяржаўнае прадстаўніцтва.

Пра супрацоўніцтва БНР з Нямеччынай насуперак бальшавісцкай Расіі не можа быць і гаворкі, хаця б таму, што немцы прафінансавалі бальшавісцкі пераварот і падтрымалі дзеянні Леніна мільёнамі марак. 3 сакавіка 1918 года, то бок яшчэ перад абвяшчэннем БНР, Нямеччына абавязалася перад Савецкай Расіяй, што не дапусцяць ніводнай новай дзяржавы на абшарах, занятымі нямецкімі войскамі. У жніўні 1918 года яны заключылі з бальшавікамі так званае дадатковае пагадненне да брэсцкага, паводле якога аддавалі бальшавікам землі на ўсход ад Бярэзіны. Пагроза была агромністая, бо выглядала, што вывад адтуль нямецкіх войскаў значыць наплыў з усходу Чырвонай Арміі. А Савецкая Расія ніякім бокам не была зацікаўленая ў існаванні незалежнага ад яе беларускага дзяржаўнага ўтварэння. Намаганні Івана Серады, каб нягледзячы на гэтую пагрозу атрымаць згоду ад немцаў на стварэнне беларускіх вайсковых атрадаў, не знайшлі водгуку. Нямеччына пагадзілася толькі ўтварыць беларускія вайсковыя фармацыі ў Гродна, але пад камандаваннем літоўцаў. Таксама беларускія вайсковыя атрады паўсталі пазней пад камандаваннем палякаў.

Нікога не павінна здзіўляць, што беларусы палітычна хінуліся да Берліна, які доўгі час вызначаў правілы гульні ва Усходняй Еўропе - і прасілі яго прыняць беларускую дзяржаўнасць. Таксама немцаў сваімі дзяржаўніцкімі планамі спрабавалі зацікавіць украінцы, літоўцы, латышы. У Варшаве паўстала Рада Рэгентаў Каралеўства Польскага, якая супрацоўнічала з нямецкай адміністрацыяй.

"Беларускія палітыкі дзейнічалі лагічна"

- Вось гэты момант - што розныя Урады ўвесь час шукалі, да каго б далучыцца, з кім у пары будаваць дзяржаву - а ці магло, уласна кажучы, быць іначай? Ці можна было паспрабаваць будаваць незалежную Беларусь без саюзаў з Нямеччынай, Польшчай або Расіяй?

- Ніводнае новае дзяржаўнае ўтварэнне не паўстае ў пустэчы і мусіць лічыцца не толькі з суседзямі, але і з тымі дзяржавамі, якія маюць у міжнароднай палітыцы ў гэты час найважнейшы голас. Беларускія палітыкі дзейнічалі лагічна. Малавядомым момантам застаецца пошук палітыкамі БНР падтрымкі Вялікабрытаніі ў момант, калі перавага ў вайне была на баку хаўруснікаў. І гэтыя планы не ўдаліся, бо беларускія землі знаходзіліся ў сферы ўплыву Францыі, якая бачыла іх часткаю Расіі.

- У сваіх даследаваннях вы падрабязна апісваеце шматлікія спробы розных урадаў БНР дамагчыся міжнароднага прызнання. А як была справа з ўнутраным прызнаннем - ці ўсе беларусы ўвогуле ведалі, што яны "грамадзяне БНР", ці прызнавалі гэтую новую дзяржаву?

- У гэтым канкрэтным выпадку з пазіцыі даследавання гісторыка на гэтае пытанне вельмі цяжка адказаць, хоць яно адно з асноўных, калі казаць пра разбудову дзяржавы. Нанова створаны ўрад мусіць мець перадусім падтрымку людзей на тэрыторыі, да якой ён імкнецца. Аднак ані рэферэндум, ані галасаванне ў такіх варунках хаосу, вайны, рэвалюцыі не былі магчымыя. Як сёння гэта даследаваць? Я таксама задавала сабе такія пытанні і спрабавала знайсці хоць які пункт зачэпкі. Звярнула ўвагу на пасведчанні, выдадзеныя ў адказ на лісты, якія прыходзілі ў Народны Сакратарыят БНР ураду Язэпа Варонкі з просьбай дапамагчы з магчымасцю пераезду з аднаго месца на другое. Лісты прыходзілі з розных бакоў: з Наваградскага, Віленскага, Кобрынскага, Беластоцкага, Пінскага, Бельскага, Ваўкавыскага, Пружанскага, Лепельскага, Слуцкага, Мінскага паветаў. Асобы гэтыя атрымлівалі пасведчанні, што яны беларусы ў разуменні грамадзянства. Зразумела, што грамадзянінам БНР ёсць кожная асоба, якая ад 1914 года жыла на гэтай тэрыторыі, якая вызначалася межамі БНР, і да гэтага часу карысталася расійскім грамадзянствам.

Захавалася таксама нататка, датаваная чэрвенем 1918 года - "Межы ўплыву Народнага Сакратарыяту", у якой падкрэслівалася, што Народны Сакратарыят наведалі дэлегацыі з Магілёўскай і Віцебскай губерні, з Гомельшчыны, з Вілейскага павету, з Палесся з просьбаю, каб у гэтых раёнах арганізаваць рады, якія б падпарадкоўваліся Радзе БНР. Былі вызначаныя асобы, адказныя за стварэнне такіх структур, і нават вядомыя прозвішчы некаторых з іх. Але таксама ёсць праўдай, што ў часе стварэння гэтыя структуры сустрэлі вялікую нядобразычлівасць сялян, а таксама супрацьдзеянне з боку польскiх землеўладальнікаў.

Іншай цікавай крыніцай ёсць спісы асобаў, якія склалі прашэнне аб атрыманні пашпарта БНР у дыпламатычнай місіі ў Рызе. Пашпарт складаўся з дванаццаці старонак, на вокладцы быў бачны герб "Пагоня".



"Беларускі нацыянальны рух відавочна не меў вялікай падтрымкі ані ад праваслаўнай царквы, ані ад каталіцкага касцёла"

- Вы сказалі пра дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Рызе. Якія яшчэ прызнакі дзяржавы паспелі з"явіцца пры БНР? Кантроль тэрыторыі? Уласныя грошы? Органы заканадаўчай і выканаўчай улады? Суд? Дыпламатычныя прадстаўніцтвы?

- Беларускія атрады толькі кароткі час кантралявалі абшар Слуцкага павету пасля Слуцкага збройнага чыну. У прамежку часу, які я даследавала, Народныя Сакратарыяты БНР намагаліся пабудаваць структуру адміністрацыйнай улады, але гэта была цяжкая задача, зважаючы на тое, што тэрыторыя ў асноўным заставалася пад кантролем то нямецкіх, то польскіх войскаў, а Усходняя Беларусь кантралявалася бальшавісцкімі атрадамі, які падпарадкоўваліся ўраду Леніна. Паралельна ўрады БНР імкнуліся арганізоўваць знешнюю палітыку, шукаць міжнароднае прызнанне. Дайшло нават да абмену консуламі паміж Мінскам і Кіевам. Былі закладзеныя Дапламатычныя Місіі БНР ў Літве, Латвіі, у Берліне і Варшаве. Была спроба стварэння беларускіх узброеных сіл. Дэлегацыя БНР выправілася ў Парыж, каб там на Мірнай Канферэнцыі дамагчыся прызнання. Натуральна, яна не брала ўдзел у паседжаннях, але на падставе пункта 12 рэгламенту мела права агучыць свае петыцыі ў справе прызнання БНР асобнай дзяржавай. БНР выдавала пашпарты і займела нават паштовыя маркі - я бачыла нават пагашаныя паштовым штэмпелем, а значыцца, яны былі ў хадзе. На жаль, усе прыкметы адметнасці былі недастатковыя і дзейнасць урадаў аказалася малаэфектыўнай.

- Адвечнае пытанне: хто вінаваты? Гэта нашыя прашчуры не змаглі даць рады з утварэннем уласнай дзяржавы - або вінаватыя суседзі, якія разглядалі нас як частку сваіх тэрыторый (Расія, Польшча, Літва). Або іншыя еўрапейскія краіны, якія не захацелі прызнаваць БНР?

- Прычыны няўдачы былі вельмі разнастайныя. Сышліся разам шмат чыннікаў, якія часта сягалі ў мінулае, перапляталіся між сабой і вынікалі адзін з другога. Цяжка пералічыць іх тут, бо кожны вымагае доўгага аповеду. Я апісваю іх у працы - і кожны можа знайсці свой уласны адказ. Нават у кнізе не даю адназначнага падсумавання. Магчыма, самае галоўнае, што беларусы змагаліся за ўласную незалежнасць нароўні з іншымі народамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Беларусы імкнуліся не адставаць, і гэта хіба і ёсць самае важна. Што тычыцца пытання пра суседзяў. Варта звярнуць увагу на тое, што кожны заўсёды думаў пра сябе, было цяжка думаць пра поспех іншага народа, калі іх інтарэсы перасякаліся, а лёс кожнай наноў паўсталай дзяржавы быў вельмі цьмяны. Устяляваны мір у Еўропе і ўклад межаў аказаліся даволі падманлівымі…

- Вы пішаце ў анатацыі да лекцыі, што "абедзьве царквы не былі ўвогуле зацікаўленыя ў беларускай дзяржаўнасці". Выходзіць, не такая вялікая памылка тых, хто лічыць касцёл "польскім", а царкву "рускай"?..

- Беларускі нацыянальны рух відавочна не меў вялікай падтрымкі ані ад праваслаўнай царквы, ані ад каталіцкага касцёла, хоць былі асобныя выняткі. У пачатку ХХ стагоддзя нарадзілася беларуская хрысціянская дэмакратыя, але яе ідэі не маглі быць прынятыя праваслаўнай большасцю. З сярэдзіны ХХ стагоддзя праваслаўныя беларусы спазналі ўплыў ідэалогіі, якая пазней была акрэсленая як "заходнерусізм". Яна сцвярджала існаванне трыадзінага рускага народа, які складаўся з трох этнаграфічных груп - Вялікаросаў, Маларосаў і Беларусаў. У значнай частцы гэтая ідэалогія знайшла апірышча ў праваслаўнай царкве, якая была галоўнай Царквой Расійскай дзяржавы, і дзяржава гэта падтрымлівала. Рыма-каталіцкі касцёл тады яшчэ толькі адыходзіў ад рэпрэсій, якія зазнаў пасля паўстання Каліноўскага. Абедзьве Царквы, аднак, баяліся радыкалізацыі беларускага нацыянальнага руху - і таму не спрыялі яму.

"Выглядае, што адзінай дзяржавай, якая прызнала БНР, была Фінляндыя"

- Захаваліся гістарычныя звесткі, што некаторыя дзяржавы ўсё ж прызналі БНР - пра каго тут выпадае казаць?

- Хоць Антон Луцкевіч і лічыў, што ўрады Украіны, Латвіі, Чэхаславакіі прызналі дэ-факта Беларускую Народную Рэспубліку, але ў рэальнасці ў даследаваным мною перыядзе ніводзін з гэтых урадаў не склаў пісьмовае ноты. На словах пра гэта заўпэўніў Паўло Скарападскі, але нават абмена консуламі не было дастаткова для таго, каб сёння лічыць тое афіцыйным прызнаннем. Так выглядае, што адзінай дзяржавай, якая прызнала БНР, была Фінляндыя. Але афіцыйнага дакумента я не бачыла, інфармацыя пра гэта вынікае з дакументаў тагачаснага польскага Міністэрства замежных справаў.

- Вы згадваеце вельмі цікавы момант - што украінскі ўрад нават паспеў аказаць БНР грашовую дапамогу. Якія вядомыя падрабязнасці гэтага - чаму так адбылося і на што пайшлі тыя грошы?

- Урады Беларускай Народнай Рэспублікі і Украінскай Народнай Рэспублікі былі створаныя маладымі сацыялістамі з падобнымі перакананнямі і нейкі час яны падтрымлівалі адно аднаго. Паміж Мінскам і Кіевам нават адбыўся абмен консуламі. Урадоўцам БНР таксама ўдалося наладзіць супрацу з Паўлам Скарападскім. Дэлегацыя БНР, высланая ў Кіеў у 1918 годзе, здолела атрымаць крэдыт на сваю дзейнасць, хоць гэтыя грошы з нямецкіх банкаў было вельмі цяжка атрымаць. Калі грошы прыйшлі, яны былі выкарыстаныя на аплату паездкі на Мірную Канферэнцыю ў Парыж, частка, верагодна, пайшла на дзейнасць дыпмісіі ў Берліне. Але варта падкрэсліць, што адной з прычын няўдачы дзейнасці ўрадаў БНР было драматычнае фінансавае становішча - папросту не было за што працаваць, а ўсё ж людзі, апроч палітычнай дзейнасці, мусілі з нечага жыць.

"Няма сумневаў, што БССР была створаная ў 1919 годзе, каб скласці процівагу БНР. Лёс большасці стваральнікаў БНР аказаўся трагічны"

- Якая роля БНР у стварэнні БССР? Чаму многія дзеячы БНР паверылі ў ідэі бальшавікоў і далучыліся да іх, хоць гэта істотна рознілася ад іх уласных ідэяў? Які быў лёс гэтых людзей?

- Сярод бальшавікоў існавалі розныя канцэпцыі адносна беларусаў і Беларусі. Беларускія камуністы змагаліся за стварэнне нейкага падабенства дзяржавы. Але хутчэй пераважала перакананне, што стварэнне нейкага беларускага дзяржаўнага ўтварэння ўзрушыць народную свядомасць, а гэтага яны не хацелі. Аналіз дакументаў, знойдзеных і апублікаваных у 2005 годзе Нацыянальным архівам Беларусі, не пакідае сумневаў, што БССР была створана ў студзені 1919 года, каб скласці процівагу Беларускай Народнай Рэспубліцы. Гэта было выразна прамоўлена ў часе адной з партыйных дыскусій.

Што да другога пытання, то зазначу, што не даследавала добра беларускую эміграцыю. Дапускаю, што і тут спалучыліся некалькі фактараў, а для кожнай асобы рашэнне пра вяртанне мусіла быць суб'ектыўным. Адных па вяртанні ў БССР дапускалі развіваць беларускую культуру, асвету, рэалізоўваць сумесныя праграмы, іншым прапаноўвалі распавядаць пра палітычны гармідар у Польшчы ці ў цэлым цяжкое жыццё на эміграцыі. У 1920-х гадах, і нават на пачатку 1930-х камунізм яшчэ не напоўніцу раскрыў свой твар. Справаздачы пра сітуацыю ў Савецкім Саюзе, надрукаваныя ў еўрапейскай прэсе, здаваліся такімі неверагоднымі, што трактаваліся як правакацыйная прапаганда.

Лёс большасці стваральнікаў БНР аказаўся трагічны. За мары пра сваю дзяржаву большасць беларускіх дзеячоў заплаціла празмерную цану. Прэм"ер Вацлаў Ластоўскі быў высланы ў лагер, пасля перагляду прысуду быў расстраляны за "антысавецкую дзейнасць". Прэм'ер Іван Серада, шматкроць асуджаны на лагеры, памёр у 1943 годзе. Язэп Лёсік, старшыня Рады БНР, паводле афіцыйнай версіі, памёр у 1940 у турме ад сухотаў. Прэм"ер Аляксандр Цвікевіч і Сымон Рак-Міхайлоўскі былі расстраляныя ў 1937 годзе. Праз год ад рук НКУС загінуў Уладзімір Тэраўскі, аўтар музыкі да гімна "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".

Частка творцаў БНР у міжваенным часе жыла ў Польшчы. Найбольш трагічны лёс напаткаў Браніслава Тарашкевіча. У Польшчы ён быў асуджаны за камунізм і супрацу з Мінскам, сядзеў за гэта ў польскай турме. Урэшце вырашылі абмяняць яго на іншага беларускага дзеяча Францішка Аляхновіча з Вільні, які быў асуджаны на лагеры ў СССР. У БССР Тарашкевіч быў у хуткім часе расстраляны нібыта за "шпіёнства на карысць Польшчы".

Савецкая ўлада схапіла некаторых беларускіх дзеячоў пасля пашырэння межаў СССР заходнімі землямі, якія да верасня 1939 года ўваходзілі ў склад Польшчы. У Вільні арыштавалі прэм"ера Антона Луцкевіча - праўдападобна, ён загінуў у 1942 годзе на этапе. Прэм"ер Раман Скірмунт быў забіты ўжо ў кастрычніку 1939 года ўва ўласным маёнтку. Паводле даследаванняў Алеся Смаленчука, гэта адбылося ў часе рабаўнічага нападу. Кастусь Езавітаў, міністр вайсковых справаў БНР, быў арыштаваны НКУС у 1944 годзе на тэрыторыі Чэхаславакіі і скончыў жыццё ў менскай турме. Вайну не перажыў і генарал Станіслаў Булак-Балаховіч, але версіі пра ягоную смерць розняцца.

Публічная лекцыя Дароты Міхалюк у межах цыкла "Urbi et Orbi" Лятучага ўніверсітэта і Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі адбудзецца 13 лістапада а 18.30, Галерэя "Ў" (пр-т Незалежнасці, 37а). Уваход вольны!

Арганізатары забяспечваюць online-трансляцыю. Падрабязнасці тут.
{banner_819}{banner_825}
-35%
-50%
-20%
-10%
-20%
-10%
-15%
-10%
-10%
-50%
-20%