/ фото: Игорь Матвеев,

Віцебскі прадпрымальнік Уладзімір Рамановіч хоча, каб сёлетняя зіма была для нашых суайчыннікаў не толькі цёплай, але і прыгожай. Ён стварае швэдры з нацыянальнымі арнаментамі.



З сённяшнім героем праекту "Віцебскі крэатыў TUT" мы сустрэліся ў адной з гарадскіх кавярняў. Уладзімір дастае з пакунка новенькі швэдар. Жаночы. Прымерыць яго пагадзілася абаяльная афіцыянтка.

- Вельмі цёплы і ўтульны, прыемны на вобмацак, - усміхаецца дзяўчына.

- Гэта пакуль адзіны варыянт, тэставы, - кажа прадпрымальнік. - Спадзяюся, што неўзабаве з'явяцца і іншыя. Гэтым невялікім бізнэсам мы займаемся разам з жонкай Аляксандрай. Разам ствараем макеты, разам іх абмяркоўваем. Плануем, што наладзім выпуск мужчынскіх і жаночых мадэляў, розных колераў і з розным аздабленнем.

Уладзімір Рамановіч

Назву прадпрыемства, якое пагадзілася вязаць вопратку з беларускімі матывамі, Уладзімір не называе. Справа ў тым, што ў яго ёсць задума зрабіць швэдар і з гербам "Пагоня". Кіраўніцтва прадпрыемства не супраць гэтай ідэі, але, натуральна, баіцца: а раптам будуць непрыемнасці.

"Я таксама не хачу канфрантацыі ні з вытворцамі, ні з уладай. Таму пытанне з "Пагоняй" пакуль прапрацоўваецца", - кажа прадпрымальнік.

- А ўвогуле, з чаго ўсё пачалося? Проста, каб быць "у трэндзе"? Зараз жа пайшла мода на ўсё беларускае: ствараюцца новыя моўныя курсы, адчыняюцца беларускія крамы, "Міс Беларусь" фатаграфуюцца ў вышыванках...


- Чым болей беларускага, тым лепей для Беларусі. Ва Украіне праводзіцца фестываль вышыванак. Беларусы падхапілі ідэю - сталі вырабляць вышымайкі. А тут набліжаецца зіма. І я вырашыў на змену саколкам рабіць швэдры. Шмат людзей любіць нарвежскія ўзоры. Я падумаў: а чаму б не замяніць іх на вершніка ці на нашыя спрадвечныя арнаменты?



Для пачатку Уладзімір з жонкай плануюць выпусціць 50-100 швэдраў. Па словах прадпрымальніка, ужо ёсць перадзамовы: "Людзі ўбачылі прапанаваныя варыянты ў сацыяльных сетках, замаўляюць. Некаторыя нават пытаюцца, ці можна звязаць такі швэдар на дзіця".

Уладзімір Рамановіч: "Чым болей беларускага, тым лепей для Беларусі".

Цёплае адзенне на беларускую тэматыку - не адзінае, што робіць сям'я Рамановічаў. Ва Уладзіміра і Аляксандры двое дзетак - 3-гадовы Марыўш і Мілаш, якому няма і годзіка.

"Каб навучыць старэйшага літарам, я зрабіў магніты на лядоўню з беларускім алфавітам. Потым стаў выпускаць такія магніты ўжо на замову, - распавядае Уладзімір. - А для школьнікаў перад 1 верасня выйшаў пэўны наклад сшыткаў - таксама з беларускім алфавітам і арнаментамі. Звычайныя сшыткі, тонкія, дзяржаўная друкарня выпусціла, а вось калі замаўляў паўгульныя сшыткі, то ўзнікла праблема. Я хацеў на іх змясціць "Пагоню" і надпіс "Будзь беларусам, будзь пераможцам". Мне сказалі, што гэта друкаваць не будуць".

Прадпрымальнік спадзяецца, што з цёплымі швэдрамі такіх перашкод не ўзнікне. Прадаваць іх ён збіраецца прыкладна за 650 тысяч рублёў.   
-50%
-15%
-21%
-50%
-20%
-35%
0066771