Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У даведнік павінны быць улучаны жыцьцяпісы ўсіх жывых дасьледнікаў беларускае даўніны з розных куткоў краю.

Спроба скласьці даведнік пра беларускіх краязнаўцаў у нашай краіне робіцца ўпершыню. Гэтае выданьне ўнікальнае ўжо таму, што дагэтуль не рабілася спробаў сабраць і сыстэматызаваць зьвесткі пра беларускіх краязнаўцаў. Беларускае краязнаўства сёньня ня толькі ня мае свайго арганізацыйнага асяродку, але й пэрыядычнага выданьня, што згуртоўвала б дасьледнікаў роднага краю. Таму складаньне краязнаўчага даведніка мае вялікае значэньне.

Сёньня ў Беларусі працуюць сотні краязнаўцаў, якія шчыруюць на ніве вывучэньня роднага краю, ня маючы з гэтага ніякага матэрыяльнага прыбытку. Да таго ж, беларускія краязнаўцы ня маюць між сабою лучнасьці, існуюць аўтаномна, ня ведаючы адно пра аднаго.

У 1920-я гады праца беларускіх краязнаўцаў была засяроджана вакол Цэнтральнага бюро краязнаўства ў Менску й акруговых краязнаўчых таварыстваў. Ад 1925 году беларускія краязнаўцы мелі свой часопіс - "Наш Край". У выніку рэпрэсій, што распачаліся пры канцы 1920-х гадоў, краязнаўчы рух у БССР быў разгромлены, а займацца краязнаўствам стала небясьпечна. У пару нацыянальнага абуджэньня аднавілася цікаўнасьць да мінуўшчыны роднага краю, да краязнаўства.

Аднак дагэтулешнія спробы задзіночыць беларускіх краязнаўцаў не былі ўдалыя. Ідэя сабраць зьвесткі пра беларускіх краязнаўцаў высьпела колькі гадоў таму й была выказана ў часе Трэцяга Міжнароднага кангрэсу беларусістаў. Тады ж была распаўсюджана й анкета для будучага даведніка пра беларускіх краязнаўцаў. Пра вынікі працы распавядае складаньнік даведніка Віталь Скалабан.

В.С.: Маем на мэце зьмясьціць зьвесткі ня толькі пра тых, хто стаўся клясыкам краязнаўства, але й пра тых, хто цяпер працуе на гэтай ніве. Ужо сабрана каля 250 анкет - гэта будзе найунікальнейшы матэрыял, што сёньня вельмі каштоўны й будзе яшчэ больш каштоўны праз пэўны час. Яго актуальнасьць зь цягам часу яшчэ больш павялічыцца - гэта фактычна адлюстраваньне таго, што цяпер ёсьць: вось тыя людзі, што працуюць, і вось тыя людзі, зь якімі трэба працаваць. Мы яшчэ не ўсьвядомілі таго значэньня, якое ў нашай беларускай гуманістыцы займае краязнаўства.

У даведніку маюць быць зьвесткі толькі пра тых краязнаўцаў, хто цяпер жыве й дасьледуе родны край. Як спадзяецца Віталь Скалабан, даведнік выйдзе ўжо сёлета. Пасьля яго выданьня распачнецца другі этап праекту - укладаньне энцыкляпэдыі пра ўсіх беларускіх краязнаўцаў ад сівое даўніны да нашых дзён.



Віктар Мухін

Радыё Рацыя
,