Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Паводле словаў Люка Барбонэ, цягам апошніх васьмі гадоў супрацоўніцтва Міжнароднага банку зь Беларусьсю ня мела плёну. Камэнтуючы недахопы папярэдняй стратэгіі, спадар Барбонэ зазначыў:

(Барбонэ: ) "Рэч у тым, што ранейшая стратэгія была ў некаторай ступені канфідэнцыйнай. Чаму? Ды таму, што ўрад не хацеў, каб мы друкавалі яе. Зрэшты, канцэпцыя напраўду была ня вельмі сяброўская.

А зараз мы імкнемся распрацаваць дакумэнт, які будзе больш канструктыўным".

Апроч таго, паводле словаў спадара Барбонэ, цяперашняя ініцыятыва Міжнароднага банку абумоўленая некаторымі станоўчымі крокамі беларускіх уладаў у справе эканамічнага рэфармаваньня. Напрыклад, лібэралізацыяй валютных курсаў.

Прадстаўнікі ўраду Беларусі, як зазначыў спадар Барбонэ, паабяцалі яму працягваць эканамічныя пераўтварэньні.

Дакумэнт Міжнароднага банку пад назвай "Стратэгія супрацоўніцтва з краінай" будзе ўтрымліваць заплянаваныя на 3-гадовы тэрмін праекты крэдытаваньня й праграмы тэхнічнай дапамогі.

Якраз цяпер місія на чале са спадаром Барбонэ распачала ўзгадненьне кірункаў супрацоўніцтва. Праекты тычацца найперш сацыяльнай сфэры — дапамогі ў галінах энэргазахаваньня, аховы здароўя, экалёгіі, ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі.

На думку Люка Барбонэ, на рэалізацыю гэтых праектаў банк можа выдаткаваць ад 200 да 300 мільёнаў даляраў.

Праекты фінансавай дапамогі абмяркоўваюцца і з прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці. Вось што распавёў нашаму радыё сталы прадстаўнік Міжнароднага банку ў Беларусі Сяргей Кулік:

(Кулік: ) "Мы разаслалі каля 350 запрашэньняў. Галоўнае, чым мы кіруемся — адкрытасьць кансультацыяў.

Мы ня будзем абмяжоўвацца толькі Менскам. Разумеем, што многія няўрадавыя арганізацыі ня маюць грошай на паездкі ў сталіцу. Таму самі зьбіраемся наведаць усе рэгіёны краіны: прамысловыя цэнтры, сельскагаспадарчыя раёны, Чарнобыльскую зону, каб пацікавіцца думкамі прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, якія жывуць непасрэдна ў чарнобыльскіх раёнах".

Паводле словаў спадара Куліка, такія сустрэчы місіі Міжнароднага банку зь лідэрамі й актывістамі недзяржаўных структураў учора і сёньня адбыліся ў Менску, а на 16 сакавіка заплянаваныя кансультацыі Люка Барбонэ з прадстаўнікамі грамадзкасьці ў Віцебску.



Міхал Стэльмак, Менск
,