Першае, што ўражвае наведніка, гэта словы-думкі, раскіданыя па прыступках. Пакуль падымаешся вышэй і вышэй, пачынаеш пранікацца тым, што адчувае хворы на Альцгеймера чалавек.
За зачыненымі дзвярыма хтосьці грае на фартэпіяна. Гэта Іван Давыдзенка, акцёр эксперыментальнай лабараторыі "ТэатральнЫ квадрат". Аўтар ідэі і праекта, псіхолаг Марына Кавалёва кажа, што такі вобраз абавязкова з'яўляецца ў свядомасці тых, хто сутыкнуўся з хваробай Альцгеймера.



"Памяць распадаецца на шмат маленькіх кавалачкаў. Група, якая ўдзельнічала ў праекце, прыняла некаторыя змены. Асабісты досвед кожнага з гэтай групы стварае поле, якое дазваляе адчуваць, разумець і выказваць эмоцыі, уражанні, але з дапамогай музыкі і фарбаў, – кажа псіхолаг. – Наша памяць мае тры асноўныя ключы, якія, нягледзячы на хваробу, прыносяць задавальненне.
Памяць можа быць музычнай, эмацыйнай і эпізадычнай. Хворыя слухалі трох кампазітараў. Гэта былі Мендэльсон, Бетховен, Шапэн. Прыкладам эпізадычнай памяці будзе выпадак, калі чалавеку насамрэч 55, а ён кажа, што яму 20".


Праект дапамагае ўдзельнікам пабудаваць паслядоўнасць жыцця. Яны паступова ўзгадваюць дзяцінства, студэнцтва, час, калі з'явілася першая праца, нараджэнне сына ці дачкі. Гэтыя кавалачкі склейваюцца, і людзі ў групе ведаюць, што жыццё было, што яно працягваецца.
Праект таксама дапамагае хворым зразумець, што яны патрэбныя гэтаму свету, што яны важныя і для саміх сябе. Па малюнках становіцца зразумела, што ў жыцця ёсць храналогія.
Гітарыст беларускай музычнай групы Irdorath Пётр Марчанка граў для ўсіх, хто прыйшоў на адкрыццё выставы.
Афармленнем выставы займаліся дызайнеры Віталь Яварчук і Вольга Шабуніна. На выставе прысутнічалі і студэнты з Германіі і Аўстрыі, якія прыехалі на месяц практыкавацца ў рускай мове ў лінгвістычны ўніверсітэт.


"Мне вельмі падабаецца гэта ідэя, гэта тэма. Малюнкі кранаюць душу, вельмі цікавая ідэя - выкарыстоўваць музыку, каб узгадаць мінулае, каб аднавіць памяць. Я лічу, што важна казаць пра хваробу, бо яна датычыцца ўсіх", – кажа Хелена.
Каардынатар праекта, культуролаг-даследчык Таццяна Ткачова адзначыла, што праект атрымаўся таму, што пра гэту праблему нарэшце пачалі казаць публічна.




"Я не чакала, што на адкрыццё ў Літаратурны музей П. Броўкі ў такое надвор'е прыйдзе столькі людзей і публіка будзе такой рознай. Калі мы прадставілі экспазіцыю і людзі ўдумліва, свядома чыталі, разглядалі яе – гэта было важным момантам для мяне як каардынатара праекта і як для чалавека, якому таксама калісьці будзе 81. Гэта важна, таму што я не хачу жыць у грамадстве, дзе няма месца для Іншых", – кажа Таццяна Ткачова.
21 верасня, пачынаючы з 1994 года, адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з хваробай Альцгеймера.
Выстава Saving you memory, you save yourself у Літаратурным музеі Петруся Броўкі будзе працаваць да 3 лістапада з 10.00 да 17.00 па буднях.