Аляксей Мінчонак,


 
Кнігарня беларускамоўнай літаратуры “Галіяфы” часова не працуе. Пра гэта стала вядома 30 ліпеня з раніцы, і ўжо ўдзень, калі здымачная група “Белсату” прыехала на месца падзей, набыць кнігі тут было немагчыма. Цяпер кнігарня “Галіяфы” працуе як офіс аднайменнага выдавецтва.
 
 
Прычынаю закрыцця сталі праблемы ва ўласніка памяшкання, у якога “Галіяфы” арандуюць плошчы. Прадпрыемства не паспела за неабходны паводле закону тэрмін зарэгістраваць памяшканне як гандлёвы аб’ект. Гэта значыць, што да выпраўлення сітуацыі нічога прадаваць тут нельга.
 
Аляксей Харужка, намеснік дырэктара кнігарні "Галіяфы": “22 ліпеня ўступіла ў сілу новая рэдакцыя Закону “Аб гандлі”, у якой прапісана, што будынкі, у якіх вядзецца гандаль, мусяць быць пэўным чынам аформленыя дакументальна. Мусяць праходзіць пэўныя экспертызы: санітарныя, пажарныя і г. д. Пасля гэтыя аб’екты заносяцца ў рэестр, і тады можа весціся гандаль”.
 
Кнігарня “Галіяфы” пачала працу на пачатку вясны гэтага года, яшчэ ў сакавіку. За гэты час тут адбыліся дзясяткі літаратурных імпрэзаў: гэта і прэзентацыі новых кніг, і сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі. Не гаворачы ўжо пра тое, што тут заўсёды можна было набыць літаратуру на роднай мове: і класіку, і сучасных аўтараў. Калі ўласнік памяшкання не вырашыць праблемаў з заканадаўствам, то выдавецтва будзе вымушанае нейкім чынам змяняць сваю бізнэс-мадэль і шукаць новыя спосабы для далейшага развіцця.
 
Аляксей Харужка, намеснік дырэктара кнігарні "Галіяфы": “У нас ёсць гэтае памяшканне. Яно цяпер цалкам офіснае. Гэта дастаткова вялікая прастора, у якой мы думаем арганізоўваць нейкія семінары, мерапрыемствы. Проста выкарыстоўваць яе іншым чынам, што не забараняецца Законам “Аб гандлі”.
 
Колькі часу пойдзе на вырашэнне пытання, ні кіраўніцтва кнігарні, ні ўласнік памяшкання пакуль не ведаюць.
 
У “Галіяфах” гэтыя падзеі не схільныя звязваць са спробаю ўціску на незалежнае беларускамоўнае выдавецтва. Хаця б таму, што тыя крамы, якія месцяцца побач (напрыклад, крама феерверкаў, мабільных тэлефонаў і дзіцячых цацак) таксама закрытыя. Хоць, натуральна, цалкам адкідаць канспіралагічных тэорый у нашай краіне не варта.
-12%
-20%
-10%
-10%
-10%
-21%
-10%
-30%
-10%
0068422