Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Кніга выйшла дзякуючы рупнасьці супрацоўнікаў выдавецтва "Беллітфонд" у славутай сэрыі "Беларускі кнігазбор". Паўлюк Трус - бадай, найменш вядомы беларускі паэт ХХ стагодзьдзя. А ў свой час ён быў кумірам беларускае моладзі.

Пра песьняра рэвалюцыі й паэта-лірыка Паўлюка Труса я гутару з Ганнаю Запартыкаю, дырэктаркаю Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры й мастацтва.

В.М.: - Паўлюку Трусу давялося жыць у вельмі супярэчлівую эпоху - у пару беларускага нацыянальнага адраджэньня й адначаснага фармаваньня антычалавечае сыстэмы сталінскага сацыялізму. Гэта з гледзішча нашага часу 1920-я гады выглядаюць рамантычна, а насамрэч былі яны адначасна велічныя й трагічныя.

Язэп Янушкевіч яшчэ ў 1988 годзе напісаў: "Ці ведаеце вы, чыя пісьменьніцкая аўтабіяграфія найкарацейшая ад усіх пісьменьніцкіх біяграфій?" І сам жа адказаў: "Паўлюка Труса". Паэтава біяграфія зьмяшчаецца ўсяго ў пяць кароценькіх абзацаў: "Я радзіўся ў 1904 годзе ў вёсцы Нізок, пайшоў у школу, паступіў у Менскі пэдтэхнікум і пачаў друкавацца…"

Ці мог тады малады паэт ведаць, што ягоная паэтычная спадчына будзе перавыдавацца гэтак часта: сямнаццаць выданьняў за шэсьцьдзесят гадоў - сто трыццаць тысяч асобнікаў?

У 2000 годзе да сямнаццаці выданьняў твораў Паўлюка Труса дадалося яшчэ адно, выдадзенае ў "залатой" сэрыі "Беларускі кнігазбор" накладам чатыры тысячы асобнікаў. У гэтым выданьні Паўлюк Трус упершыню загучаў па-сапраўднаму, загучаў як паэт-лірык.

Спадарыня Ганна, чым "кнігазбораўскае" выданьне розьніцца ад сямнаццаці ранейшых ?

Г.З.: - Упершыню за ўсю гісторыю выданьняў твораў Паўлюка Труса ў гэты томік улучаны архіўныя дакумэнты, невядомыя фатаздымкі, ліставаньне, вершы, прысьвечаныя Паўлюку Трусу, старонкі зь ягоных дзёньнікаў. Упершыню ў кнізе зьмешчаны празаічныя творы Паўлюка Труса, што друкаваліся толькі за ягонага жыцьця й больш, бадай, не ўлучаліся ў зборы твораў, апрача, хіба, двух апавяданьняў у зборніку 1934 году. І цяпер чытач, дасьледнік літаратуры можа разгарнуць гэты томік і ўдакладніць шмат якія моманты з гісторыі літаратуры 1920-х гадоў, з гісторыі ўзаемін між суполкамі "Маладняк" і "Ўзвышша", даведацца пра дачыненьні між сябрамі літаратурных згуртаваньняў: іхнае сяброўства, іхную горыч, іхную радасьць, іхныя расчараваньні, іхнае вялікае каханьне, іхнае вялікае сяброўства - усё ёсьць у апублікаваных у кнізе дакумэнтах.

В.М.: - Але, відаць, ня ўсё, напісанае Паўлюком Трусам, удалося зьмясьціць у зборы ягоных выбраных твораў…

Г.З.: - Ён вельмі многа за жыцьцё стварыў. Частка ягонае паэзіі сюды ня ўлучана. А менавіта тая частка паэзіі, якую можна назваць агітацыйнаю, прапагандысцкаю. Паўлюк Трус шчыра верыў, што толькі дзякуючы бальшавіцкай ідэалёгіі можна будзе збавіцца ад невуцтва, цемрашальства, палепшыць гаротны стан беларускага селяніна. Яму гэта трэба дараваць. Гэтыя творы-аднадзёнкі не ўлучаліся ў зборнік. Рэч у тым, што тыя вершы, вядомыя нам цягам доўгіх гадоў, безьліч разоў перадрукоўваліся, менавіта ім за савецкага часу надавалася асноўная ўвага. Кожнае з ранейшых выданьняў пачыналася вершамі-агіткамі.

В.М.: - У новым зборы твораў удакладнены даты напісаньня. Пры канцы зборніка зьмешчаны дакумэнты да жыцьцяпісу паэта й камэнтар. Гэта ж тытанічная праца!

Г.З.: - Рабіўся камэнтар падрабязна. Мэта была - пракамэнтаваць кожны твор. Ёсьць біяграфія Паўлюка Труса, у якой я імкнулася разказаць пра яго ня толькі як пра паэта, але й як пра чалавека.

В.М.: - Лёс Паўлюка Труса быў няпросты. На пачатку 1920-х гадоў у Беларусі існавалі польская, яўрэйская й расейская пісьменьніцкія арганізацыі, разам зь імі - адзіная беларуская - "Маладняк". У 1926 годзе ў "Маладняку" насьпеў творчы й, у пэўным сэнсе, ідэалягічны крызыс. Якія былі яго наступствы?

Г.З.: - Адбылося паседжаньне "Маладняка", на якім абмяркоўвалася пытаньне пра выхад некаторых сябраў з суполкі й пра стварэньне новага згуртаваньня. Заявы пра выхад з "Маладняка" падалі Кандрат Крапіва, Кузьма Чорны, Уладзімер Дубоўка, Адам Бабарэка, Язэп Пушча, Пятро Глебка й Максім Лужанін - на сёньняшні дзень клясыкі беларускае літаратуры. Паўлюк Трус пайшоў за імі й недзе на пачатку чэрвеня падаў заяву пра выхад з "Маладняка" ды здаў пасьведчаньне. Але выхад Паўлюка Труса з "Маладняка" азначаў катастрофу для гэтае арганізацыі. Выходзіў таленавіты паэт. Усе тыя, што пасьля сталі выдатнымі беларускімі літаратарамі, былі маладзейшыя за Труса. За Паўлюка Труса пачынаецца змаганьне. І Паўлюк Трус здаўся: ён забраў з "Узвышша" сваю заяву, яму вярнулі пасьведчаньне маладнякоўца. Зразумела, што ён страціў многіх сяброў, папсаваліся дачыненьні з Пушчам, Глебкам і Дубоўкам. Гэта толькі цяпер стала вядома празь лісты да Пятра Глебкі. Упершыню мы даведаліся, як пакутаваў Паўлюк Трус.

В.М.: - І тады ж Паўлюку Трусу прапанавалі адказную пасаду ў часопісе "Маладняк". Ён у той час меў славу вядомага паэта, ягоныя вершы гучалі на кожным кроку, ягоныя партрэты ўжо віселі - як многія ўспамінаюць - у школьных клясах і студэнцкіх аўдыторыях. Гэта ж быў кумір свайго часу. І неспадзявана для ўсіх ён пакідае Менск, пераяжджае ў Гомель: там настаўнічае, працуе ў "Палескай праўдзе". Але праз паўтара году зноў вяртаецца ў Менск. Чаму ён вярнуўся гэтак жа неспадзявана, як і зьехаў?

Г.З.: - Ён вычарпаў сябе ў Гомелі. Ён рыхтаваў там свой трэці зборнік- "Чырвоныя ружы", што так і ня быў выдадзены. Ён вяртаўся ў Менск з пэўнасьцю, што ўступіць ува "Ўзвышша", што наладзіць дачыненьні з тымі, хто не кантактаваў зь ім пасьля таго, як Паўлюк Трус быў вярнуўся ў "Маладняк". Але, прыехаўшы ў Менск, Паўлюк Трус убачыў, што сытуацыя не на карысьць ягонага ўступленьня ўва "Ўзвышша". Па-першае, маўчалі Бабарэка й Дубоўка, якія ўжо цярпелі за арганізацыю гэтае суполкі. Зразумела, што прыняць гэтак проста Паўлюка Труса ўва "Ўзвышша" яны не маглі. Ім трэба быў час упэўніцца ў ягоным цьвёрдым намеры ўступіць ува "Ўзвышша". Паўлюк Трус зразумеў: калі ён цяпер пакіне "Маладняк", або ня ўступіць у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменьнікаў, яму не дазволяць паступіць у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, у якім яму гэтак хацелася вучыцца. І Паўлюк Трус болей ня робіць захадаў на ўступленьне ўва "Ўзвышша", ён пакідае гэтую думку й становіцца многім чужы. Апошняя зіма ягонага жыцьця была вельмі цяжкая. Ён уладкоўваецца ў Беларускі радыёкамітэт, вядзе літаратурныя праграмы. Але й гэта не дае яму матэрыяльнага дастатку. Апошняя ягоная кватэра паводле ўспамінаў сяброў была ў раёне Серабранкі ў Менску. Апошняе месца працы - Беларускі радыёкамітэт, і апошняе месца навучаньня - Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Ён закончыў першы курс, выправіўся ў вандроўку й недзе па дарозе заразіўся тыфусам. Ён наведаў у Ждановічах сваіх сяброў, адчуў там, што яму зусім дрэнна. Прыйшоўшы з Ждановічаў пехатою ў Менск, Паўлюк Трус пайшоў у трэцюю больніцу. Ён назваўся студэнтам, нават не сказаў лекарам, што ён Паўлюк Трус, паэт. Ён быў нагэтулькі папулярны, што лекары, пэўна ж, ведалі ягонае прозьвішча. Але ён не назваўся. Зьвярнуўся ён па дапамогу вельмі позна й згарэў за адну ноч.

В.М.: - Страшнейшая за фізычную сьмерць хіба толькі духоўная... Ці вернецца паэзія Паўлюка Труса ў нашу літаратуру?

Г.З.: - Несправядліва мы ставіліся да Паўлюка Труса. Ён стварыў пласт лірыкі - звонкае й празрыстае, што сталася ўзорам пачуцьцёвасьці ў беларускай паэзіі. Мы павінны ведаць гэта й вярнуць імя Паўлюка Труса ў літаратуру.



Віктар Мухін

Радыё Рацыя
,