Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У сераду, 7 сакавіка, у Менгарвыканкам была пададзеная заяўка на сьвяткаваньне 83-х угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Заяўнікамі сталі лідэры шэрагу палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў-усяго больш за 100 чалавек. Аўтары ініцыятывы перакананыя, што масавых арыштаў, як тое здарылася ў мінулым годзе, гэтым разам ня будзе. Акрамя таго яны мяркуюць, што гарадзкая адміністрацыя не адважыцца выпраўляць удзельнікаў акцыі адзначаць Дзень Волі на сталічную ўскраіну-пляц Бангалор. Пра гэта нашаму карэспандэнту Галіне Абакунчык паведаміў сябра аргкамітэту, намесьнік старшыні БНФ "Адраджэньне" Вячаслаў Сіўчык.

В.С.: Месца збору пазначанае ў заяўцы, на пляцы Юбілейным, гэта станцыя мэтро Фрунзэнская. Затым па вуліцы Гарадзкі вал, праспэкту Скарыны, вуліцы Леніна, мяркуецца, мы дойдзем да пляцу Волі.

Г.А.: Як вядома, гарадзкія ўлады любяць адпраўляць усіх заяўнікаў на пляц Бангалор. Якімі будуць вашыя дзеяньні, калі й гэтым разам Дзень волі выправяць сьвяткаваць на "месца выгулу сабак"?

В.С.: Мы абмярковаўлі гэтае пытапньне й вырашылі, што ні ў якім разе на пляц Бангалор ня пойдзем. Нават у самыя горшыя часы ма сьвяткавалі нашае Нацыянальнае сьвята ў цэнтры гораду.

Г.А.: У мінулым годзе 25 сакавіка было адзначанае сумнымі падзеямі: арыштаваныя многія ўдзельнікі сьвяткаваньня, у тым ліку журналісты. На ваша меркаваньне, як урачыстасьць пройдзе гэтым разам?

В.С.: Гэтым разам наўрад ці будзе нешта падобнае. Бо наўрад ці напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў улады будуць ужываць грубую сілу.

Г.А.: На якую колькасьць удзельнікаў разьлічваюць арганізатары акцыі, й што будзе ўяўляць зь сябе самое сьвяткаваньне?

В.С.: Мы разьлічваем на традыцыйную колькасьць людзей-гэта прыкладна 7-10 тысячаў чалавек. Што да сьвяткаваньня, то над сцэнарам працуе аргкамітэт і адмысловая група. Так што спадзяемся, што ўсім прысутным будзе цікава.

Г.А.: І ўсё ж-такі, чым сёлетняе сьвяткаваньне будзе адрозьнівацца ад урачыстасьцяў мінулых гадоў.

В.С.: Гэта будзе пачатковая акцыя да ўсяго 2001 году-году пераменаў І трэба спадзявацца, што ў такіх умовах мы сьвяткуем нашае сьвята апошні раз. Акрамя таго, 25 сакавіка -гэта нядзеля, выходны дзень, і гэта дасьць магчымасьць годна адсьвяткаваць нашае сьвята. Будзем спадзявацца, што Дзень волі закладзе трывалы падмурак да ўсіх палітычных падзеяў, якія адбудуцца ў 2001 годзе.

Пра сьвяткаваньне 83-х угодкаў БНР нашаму карэспандэнту Галіне Абакунчык распавядаў сябра аргкамітэту, намесьнік старшыні БНФ "Адраджэньне" Вячаслаў Сіўчык.

Галіна Абакунчык

Радыё Рацыя