Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Пацярпелыя кажуць, што ў часе допытаў ён іх катаваў.



Крымінальную справу на намесьніка начальніка крымінальнага вышуку Першамайскага РАУСу распачалі летась у жніўні. Нагодай сталі шматлікія заявы пацярпелых, якіх катаваў Крамсаеў падчас допытаў.

Гэты міліцыянт з залатым зубам наводзіў жах на падсьледных. Ён сам зьбіваў людзей, пры гэтым ужываў так званыя "спэцсродкі" — гумавую дубінку, адгазьнік, кайданкі.

Ня раз скалечаныя намагаліся, каб праваахоўчыя органы нагляду прыцягнулі Крамсаева да адказнасьці, але доўгі час усе намаганьні былі марныя. Нарэшце летась у жніўні пасьля некалькіх заяваў ад пацярпелых пачалі крымінальную справу.

Крамсаеў абвінавачваецца ў перавышэньні паўнамоцтваў і злоўжываньні службовым станам. Нягледзячы на гэта, толькі цяпер яго ўзялі пад варту.

Крамсаева трымаюць у сьледчым ізалятары КГБ — так званай "амэрыканцы". Сьледчыя палічылі, што трымаць такога чалавека ў звычайным СІЗА на Валадарцы небясьпечна, бо ён можа там апынуцца сам-насам з былымі падсьледнымі.

Намесьнік старшыні Гельсынскага камітэту Гары Паганяйла так пракамэнтаваў арышт Крамсаева:

(Паганяйла: ) "Гэта сьведчыць пра тое, што многія супрацоўнікі міліцыі, якія не валодаюць мэтодыкай пошуку доказаў, ужываюць грубую фізычную сілу. Яны дабіваюцца прызнаньня віны праз катаваньні. Такія выпадкі вельмі дрэнна расьсьледуюцца.

А тут жорсткасьць перавысіла ўсе межы, не было як схаваць факты. Час ад часу пачынаюць крымінальныя справы на міліцыянтаў, але, на жаль, практыка катаваньняў вельмі распаўсюджаная. Цяпер ураду й пракуратуры будзе цяжка сьцьвярджаць, што ў нас не ўжываюць катаваньняў, бо тут канкрэтная справа".



Любоў Лунёва, Менск
0058648