Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Выбары у саюзны парлямэнт у бягучым годзе праводзіцца ня будуць. Пра гэта заявіў кіраўнік Центральнае выбарчае камісіі Расеі Аляксандар Вішнякоў. Паводле ягоных словаў, да выбараў непадрыхтаваны перадусім за ўсё беларускі бок

Аляксандар Вішнякоў цалкам выключыў магчымасьць правядзеньня саюзных выбараў менавіта ў гэтым годзе. Як вядома, з адпаведнай прапановай выступіў днямі спікер Дзярждумы Генадзь Селязнёў.

Адказваючы на пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода, спадар Вішнякоў зазначыў – цытую – "Для таго, каб правесьці любыя выбары, патрэбны закон, а менавіта закону пра выбары саюзнага парлямэнту зараз не існуе".

Сапраўды, Дзяржаўная Дума Расеі разгледзела закон аб выбарах саюзнага парлямэнту толькі у першым чытаньні. Прычым адбылося гэта яшчэ ў мінулым годзе, і да другога чытаньня праект так і не падрыхтаваны. А беларускі бок і ўвогуле яшчэ не разглядаў адпаведнага праекту.

Паводле Аляксандра Вішнякова, менавіта гэтая інэртнасьць беларускага боку уплывае на тэрміны магчымых выбараў. Кіраўнік цэнтрвыбаркаму заявіў – цытую – "Я разумею беларускі бок так – пакуль канчаткова не сфармаваная палата прадстаўнікоў, пакуль не абраны прэзыдэнт, беларускія улады не жадаюць абіраць нейкія наддзяржаўныя структуры".

У той жа час прадстаўнік фракцыі "Яблоко" Вячаслаў Ігруноў у інтэрвію Радыё Свабода выказаў думку, што ў найхутчэйшых выбарах пярлямэнту не зацікауленыя абодва бакі. Паводле Ігрунова, – цытую – "Калі размова перайшла ад інтэграцыйных дэклярацыяў да рэальных дзеяньняў, і беларускі і расескі бакі ўбачылі шмат нэгатыўных наступстваў для сябе" – канец цытаты. Перш за усё, адзначыў спадар Ігруноў, размова йдзе аб нежаданьні саступаць нейкаму саюзнаму парлямэнту ўладныя паўнамоцтвы. И менавіта таму з боку выканаўчай улады Расеі можна назіраць мяккі сабатаж любых інтэграцыйных праектаў, - зазначыў дэпутат.

Спадар Ігруноў лічыць, што выбараў у саюзны парлямэнт ня варта чакаць як мінімум да восені наступнага году. Аляксандар Вішнякоў назваў іншы, але таксама ня вельмі блізкі тэрмін – вясна 2001 году.



Віктар Дзятліковіч, Масква.
0058045