Аляксандр Пукшанскі,

Архіў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея папоўнілі ўнікальныя здымкі Віцебска, зробленыя фашыстамі з самалётаў у 1941 годзе. Цікава, што заплаціла за фота жыхарка Германіі.

Нямецкія ваенныя аднымі з першых усвядомілі вялікае значэнне паветранай разведкі, у тым ліку і аэрафотаздымак. Першыя фота такім чынам былі зроблены яшчэ падчас Першай сусветнай вайны.

І кожны з гэтых здымкаў уяўляе вялікі інтарэс для гісторыкаў, краязнаўцаў, архітэктараў. Бо дзякуючы фота можна даведацца аб тым, што ўяўлялі сабой тагачасныя вуліцы і кварталы. Зразумела, вельмі актыўна немцы рабілі здымкі тэрыторый праціўніка напярэдадні і падчас Другой сусветнай.

— На інтэрнэт-аўкцыёнах апошнім часам можна знайсці нямала фотаздымкаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, якія прадаюцца, a потым знікаюць у прыватных зборах. Вялікі інтарэс да арыгіналаў фота пацвярджаецца тым, што іх першапачатковая цана павялічваецца падчас таргоў у дзясяткі, а бывае, і ў сотні разоў. Таму для нашага музея было прынцыпова важна атрымаць серыю з сямі здымкаў Віцебска, зробленых немцамі з самалёта 24 ліпеня 1941 года. Дапамагла набыць рарытэт Марына Сайлер, ураджэнка Віцебска, якая цяпер жыве ў Германіі. Здымкі дазволілі ўбачыць не толькі значную частку горада ў першыя дні акупацыі, але і тое, дзе знаходзіліся і нават як выглядалі многія — пазней страчаныя — будынкі храмаў, сінагог, цырка, тэатра і іншыя, — расказвае Валерый Шышанаў, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.

Пацікавіўся наконт кошту здымкаў і панарамы, зробленай з іх, і мне раскрылі "камерцыйную тайну". Зямлячка, якая перадала іх у дар, заплаціла больш за 100 еўра. Гэта параўнальна невысокая цана за ўнікальныя матэрыялы, якія смела можна назваць неацэннымі.

Паводле слоў Валерыя Шышанава, у 1939 годзе ў складзе нямецкага паветранага флоту люфтвафе была створана спецыяльная група, якая рабіла фота важных стратэгічных аб'ектаў, прамысловых цэнтраў, ваенна-марскіх баз і раёнаў нафтаздабычы. Такім жа чынам праводзіліся здымкі ваенных дарог, якія мелі важнае значэнне.

Самалёты, якія займаліся аэрафотаздымкамі, перад вайной ляталі над Масквой, Паволжам, Баку, Тбілісі, іншымі савецкімі рэгіёнамі, нават над Іракам і Іранам. Многія здымкі пасля вайны апынуліся ў фондах Нацыянальнага ўпраўлення архіваў і дакументацыі пры ўрадзе ЗША, і некаторыя з іх сёння даступныя ў інтэрнэце.

— Што датычыцца Віцебска, іх можна пералічыць на пальцах. Цікава, што на аснове фота быў зроблены падрабязны план горада, выдадзены ў Германіі ў лютым 1944 года, — працягвае Валерый Шышанаў.

Валерый Аляксеевіч паказаў гэтыя фотаздымкі.

Цэнтр Віцебска, 7 ліпеня 1941 года
Цэнтр Віцебска, 24 ліпеня 1941 года
 

На адным — кварталы, дзе сярод іншых знаходзіцца і знакаміты дом Шагала. На другім — раён каля ратушы. Апошняя амаль што не была разбурана падчас вайны, у адрозненне ад будынкаў палаца губернатара (на Успенскай горцы, — Аўт.) і гарадскога тэатра (захаваўся да нашых дзён, Аўт.). А вось — таксама не існуючыя сёння цэрквы: лютэранская, а таксама Мікалаеўскі сабор, калісьці самы вялікі ў горадзе.

На некаторых здымках відаць нават фасады будынкаў, не кажучы ўжо пра гарадскую планіроўку. А вось — будынак гарадскога цырка, вельмі падобны на талерку. Ён калісьці знаходзіўся на цяперашняй вуліцы Леніна (сёння тут рэстаран "Северная столица", — Аўт.). Яшчэ на адным фота — раён сучаснай плошчы Перамогі. У свой час тут было вельмі шмат будынкаў. Падчас вайны цэлыя кварталы былі знішчаны пераважна ў выніку пажараў. Бо нават у цагляных дамах дарэвалюцыйнай пабудовы былі драўляныя перакрыцці.

Некаторыя з тых, хто хоча "перапісаць гісторыю", сцвярджаюць, што горад разбурылі нашы войскі падчас вызвалення. Фотаздымкі сведчаць, што Віцебск быў вельмі значна разбураны ўжо ў ліпені 1941-га.






{banner_819}{banner_825}
-35%
-30%
-35%
-15%
-55%
-30%
-45%
-20%