Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Адраджэнцы могуць пацешыцца: днямі ў дыктарскіх паведамленнях мінскага метро паболела беларускай мовы. Калі раней тут яна гучала толькі ў часе абвяшчэння назваў станцыяў, то цяпер па-беларуску пасажырам распавядаецца пра тое, як сябе трэба паводзіць на эскалатары і каля краю платформы.

Гэтыя абвесткі наконт правілаў карыстання метрапалітэнам цяпер цалкам адпавядаюць білінгвістычнай палітыцы ў нашай краіне. Напачатку жаноцкі голас (дарэчы, змяніўся і ён — замест металічнага стаў ласкавы, можа нават занадта) гучыць па-беларуску, потым — па-руску. Карацей, усё сумленна. Цяпер нацыянальна арыентаваныя пасажыры, магчыма, даруюць кіраўніцтву метро замену ў абвестках назвы станцыі "Плошча Незалежнасці" на "Плошчу Леніна". І кінуць шкодзіць. Бо на многіх новых схемах ліній у вагонах гэтая назва савецкіх часоў падрапаная ці закрэсленая.

Натуральна, павагу да беларускай мовы ў метрапалітэне, дзе штодня ездзяць тысячы і тысячы менчукоў, можна толькі вітаць. Гэта ёсць масавай лінгвапрапагандай. Вось толькі гэтую беларускамоўную абвестку варта перабіць, выправіўшы колькі памылак. Прыкладам, "садзіцца" — на "сядаць".

Пісьменнасць у нешматлікіх беларускамоўных абвестках — гэта ўвогуле вялікая праблема. Свежы прыклад з метрапалітэнаўскіх цягнікоў. Там вісіць рэклама Мінскай дзіцячай чыгункі. Тэкст пра кошты і рэжым працы — рускамоўны. Слоган зроблены па-беларуску. Усяго чатыры словы, досыць простыя, але з памылкай. Дзякуй Богу, не ў кожным. Вялікімі літарамі напісана так: "Запрашаем на дзецячую чыгунку". (А можа, трэба было праз "я" пісаць? Усё ж першы склад перад націскам! — J.) Яшчэ адзін свежы прыклад — з універмага "Беларусь". Шыльда "Распрадажа". Але ж па-руску трэба пісаць "распродажа". Па-беларуску — "Распродаж". Якой мовы не ведае той, хто гэтак напісаў?

Дарэчы, почасту даводзіцца чуць меркаванне, што не варта зважаць на памылкі, якія дапускаюцца ў беларускамоўных словах. Хай хоць як пішуць, абы па-беларуску. Мо яно і слушна, але ж такім чынам укараняецца непісьменнасць.

Хаця, калі так разважаць, то ў нейкім сэнсе непісьменнасць распаўсюджваюць і тыя, хто карыстаецца класічным беларускім правапісам — "тарашкевіцай", парушаючы такім чынам правілы агульнапрынятай "наркамаўкі". Гэта людзі з адраджэнскіх колаў ведаюць розніцу паміж двума варыянтамі арфаграфіі і не блытаюцца, а звычайны люд? Праблема моўнага кампрамісу досыць важная, але не надзвычай. Бо галоўная праблема беларускай мовы — не гэта, а вузкая сфера ўжытку.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў у інтэрв'ю "Белорусским новостям" сказаў, што ў метро беларускай мовы стала болей дязкуючы намаганням іхняй арганізацыі: "Гэта вынік акцыі на працягу года. Кіраўніцтва метрапалітэна атрымала тысячы зваротаў грамадзянаў з адпаведнай просьбай. Доўгі час не хацелі: маўляў, людзі беларускай мовы добра не ведаюць — могуць пад цягнік патрапіць". Што тычыцца памылак, то Алег Трусаў лічыць: гэта не бяды: "Памылкі можна ж выправіць. А што, хіба ў рускамоўных абвестках і рэкламах памылак няма?!".

Старшыня ТБМ таксама распавёў, што пасля зваротаў арганізацыі беларускамоўнымі сталі абвесткі на чыгунцы, значна болей стала на роднай мове віншавальных паштовак. Па-беларуску робіць сваю рэкламу фірма "Самсунг". Па словах Трусава, ТБМ нядаўна ліставалася з кампаніяй "Майкрасофт". Напісалі Білу Гейтсу, каб інтарэсы беларускамоўных карыстальнікаў паўней улічваліся пры распрацоўцы праграмных прадуктаў. Паводле Алега Трусава, "нядаўна гэта было зроблена для кіргізаў. А мы што — горшыя?!". І што б вы думалі: "Майкрасофт" адгукнуўся.

Нарэшце, у наступным годзе, як плануецца, у парламент будзе ўнесены праект зменаў у закон аб мовах, якія мусяць пашырыць сферу ўжытку беларускай мовы. Ліст з інфармацыяй пра гэта прышоў у ТБМ з Адміністрацыі прэзідэнта.

Такімі захадамі ўлады могуць палепшыць свой імідж у вачах беларускамоўных грамадзян і увогуле тых, хто лічыць, што мова дыскрымінуецца. І апазіцыі няма чым крыць. Не скажаш жа, што гэта робіцца няшчыра! Хіба што мала і не так хутка, як хацелася б… А што да непісьменнасці, то далёка не ва ўсіх апазіцыянераў такая ўзорная мова, як "тарашкевіца" Вячоркі ці "наркамаўка" Шушкевіча.

Ды і ў іх асяроддзі не ўсе хвалююцца за лёс беларускай мовы. Так, па словах Трусава, з групы "Рэспубліка" Палаты прадстаўнікоў ніхто не адрэагаваў на зварот ТБМ распрацаваць праект паправак у закон аб мовах.


Кірыла ПАЗНЯК
,