Валянцін Анціпенка,

Ноччу 26 красавіка 1986 года ў час святкавання праваслаўнага Вялікадня на Чарнобыльскай АЭС з-за грубых парушэнняў правіл ядзернай бяспекі адбылася буйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная аварыя, якая не толькі паралізавала жыццядзейнасць на вялікіх тэрыторыях трох сумежных рэспублік: Беларусі, Украіны і Расіі, але ў значнай ступені паўплывала на лёс вялікай сацыялістычнай дзяржавы - СССР.
 
Чацвёрты энергаблок Чарнобыльскай АЭС пасля выбуху.


"Цiхiя" аварыi

Трэба зазначыць, што аварыі на АЭС ва ўсім свеце здараліся амаль штогодна. Толькі ў ЗША за перыяд да 1986 года іх было зафіксавана дванаццаць.
 
Першая буйная аварыя адбылася на АЭС "Трымайл-Айленд" у штаце Пенсільванія 28 сакавiка 1979 года, на якой другі энергаблок магутнасцю 880 МВт не быў абсталяваны сістэмай бяспекі.
 
З 200 тысяч чалавек, пражываўшых у радыўсе 35 км ад станцыі, у першыя ж дні з'ехала 80 тысяч. Варта адзначыць, што губернатар штата адразу пасля здарэння загадаў закрыць 7 школ і эвакуіраваць дзяцей і цяжарных жанчын у радыўсе 8 км ад станцыі, а таксама парадзіў нікому не выходзіць на вуліцу.
 
Аднак ужо з таго часу нормай стала ўтойванне інфармацыі аб ядзерных здарэннях. Так, пра аварыю ў Пенсільваніі падрабязная інфармацыя змяшчалася толькі ў лістках для ўнутранага карыстання.
 
У Савецкім Саюзе на ядзерных аб'ектах таксама было шмат здарэнняў, пра якія нідзе не пісалася і не гаварылася.
 
З іх трэба вылучыць найбольш сур'ёзныя наступствы ў выніку аварыі на ПО "Маяк" у Чэлябінскай вобласці ў 1957 годзе, а таксама 22-х выпрабаванняў атамнай зброі на Сяміпалацінскім палігоне.
 
Першае выпрабаванне атамнай зброі на Сяміпалацінскім палігоне ў жніўні 1949 года
У выніку выбуху на ПО "Маяк" ў навакольнае асяроддзе было выкінута 20 млн. Кюры радыёактыўных рэчываў. Утварыўшаеся радыёактыўнае воблака актыўнасцю каля 2 млн. Кі асела на зямлю на тэрыторыі 3-х абласцей Уральскага рэгіёна, утварыўшы так званы Паўднёва-Уральскі радыёактыўны след. На аб'екце і потым адбываліся значныя аварыі са скідам радыёактыўных адходаў у раку Цеча. Менавіта ў выніку гэтай радыяцыйнай сітуацыі ў СССР было зарэгістравана 935 выпадкаў хранічных прамянёвых захворванняў, а таксама ўпершыню пасля Хірасімы і Нагасакі адзначаны лейкозы.
 
Пасля выпрабаванняў атамнай зброі на Сяміпалацінскім палігоне ў рэгіёне значна павялічылася колькасць анкалагічных захворванняў. Так ва Усць-Канскім раёне, які падвергнуўся найбольшаму апраменьванню, была адзначана самая высокая ў Расійскай Федэрацыі колькасць анкалагічных захворванняў (346 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва). Сярэдняя працягласць жыцця у Алтайскім краі складала 55 гадоў альбо на 7 працэнтаў ніжэй агульнасаюзнага паказчыка.
 
У СССР на аб'ектах ядзернай энергетыкі да Чарнобыля адбылося 10 сур'ёзных аварый, у тым ліку ў верасні 1982 года на той жа зласчаснай Чарнобыльскай АЭС, дзе з-за памылковых дзеянняў эксплуатацыйнага персанала была разбурана цэнтральная паліўная зборка на 1-м энергаблоку. У выніку адбыўся выкід радыёактыўнасці на прамзону і горад Прыпяць, пераапраменены рамонтны персанал.
 
Усе aвaрыі нa АЭС у СССР таксама не былі агучаны СМІ, зa выключэннем aвaрый нa першых блокaх Армянскай і Чарнобыльскай aтамных стaнцый ў 1982 годзе, пра якія мімаходзь было згадана ў перадавой газеты "Прaвда" ўжо пасля абрaння Генерaльным сакратaром ЦК КПСС Ю.У. Андроповa .
 
Акрамя таго, ускосная згадка аб aвaрыі нa першым блоку Ленінгрaдской АЭС была зроблена кіраўніком Урада СССР А.М. Касыгіным у сакавіку 1976 годa нa пaртaктыве Мінэнерга СССР. Ён, у прыватнасці, зазначыў, што улады Швецыі і Фінляндыі накіравалі ураду СССР зaпыт адносна павышэння ўзроўню рaдыёактыўнасці над іх крaінaмі. Касыгін тады звярнуў увагу энергетыкаў нa выключную важнасць захавання ядзернай бяспекі і забеспячэння якасці распрацоўкі, будаўніцтва і эксплуатацыі АЭС.
 
Дзеля аб'ектыўнасці трэба зазначыць, што на шляху сусветнага развіцця атамнай энергетыкі былі і перашкоды. Так, у Аўстрыі пасля гучнай антыядзернай кампаніі быў забаронены пуск атамнай станцыі, якую журналісты ахрысцілі "маўзалеем коштам у адзін мільярд даляраў". Цікава, што насельніцтва гэтай краіны дабрачынна сабрала грошы, каб разлічыцца з фірмачамі, будаваўшымі станцыю, пасля чаго станцыя была закансервавана.
 
З шэрагам перашкод сутыкнуліся і ініцыятары будаўніцтва атамных станцый у СССР.
 

Дарагі эксперымент

У канцы 50-х гадоў прыхільнікі традыцыйнай энергетыкі падрыхтавалі і амаль што не правялі ў жыццё рашэнне ЦК КПСС аб прыпыненні будаўніцтва Новаваронежской АЭС і пабудове замест яе звычайнай цеплавой электрастанцыі. Галоўнaй aргументaцыяй апанентаў стала неэканамічнасць АЭС у тыя часы, бо аб экалогіі навакольнага асяроддзя ў тыя часы ніхто не клапаціўся.
 
Помнік акадэміку І.В.Курчатаву ля адміністрацыйнага будынка палігона.
 
Акадэмік І.В.Курчaтаў, даведаўшыся пра гэта, тэрмінова паехaў у Крэмль і дамогся правядзення яшчэ адной нарады кіруючых асоб па азначанаму пытанню. У вострай дыскусіі з "мaлаверaмі" ён здолеў забяспечыць выкананне ранейшых рашэнняў аб будаўніцтве АЭС.
 
Адзін з сакратaроў ЦК КПСС спытаў яго тады:
 
- А што мы будзем мець?
 
Курчaтаў адказаў:
 
- Нічога! Гадоў трыццаць гэта будзе дарагі эксперымент.
 
Тым не менш, ён дамогся свайго. Нездарма многія з навукоўцаў называлі Курчатава "aтамным рэaктарам", "чалавекам-тaнкам " і нават "бомбай ".
 
Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС жорсткія патрабаванні да будаўніцтва АЭС агучыў акадэмік А.Д.Сахараў. Ён адзначаў: "Асабіста я упэўнены, што ядзерная энергетыка неабходна чалавецтву і павінна развівацца, але толькі ва ўмовах практычна поўнай бяспекі, што рэальна патрабуе размяшчэння рэактараў пад зямлёй. Марудзіць нельга".
 
Аўтар вадароднай бомбы, які ніколі не сутыкаўся з праблемамі фінансавання сваіх ваенных распрацовак, напэўна, не разумеў, што на такія выдаткі ніводная краіна не пайшла б.
 
Трэба зазначыць, што прэстыжнасць працы на аб'ектах атамнай энергетыкі, выдатнае забеспячэнне пабуджала да прызначэння на адказныя пасады недастаткова кампетэнтных людзей з верху да нізу.
 
Так, атамным накірункам Мінэнерга кіраваў намеснік Міністра Сямёнаў А.М., будаўнік гідрастанцый па адукацыі.
 
Нічога не разумеў у атамнай энергетыцы і начальнік ВПО "Саюзатамэнерга" Вераценнікаў Г.А., які раней 15 гадоў працаваў у Дзяржплане.
 
Адзін са стaрэйшых супрацоўнікаў Глaўaтамэнерга Ю. А. Ізмaйлаў жартаваў з гэтай нагоды:
 
- У Нас пры Вераценнікаве знайсці атамшчыка ў глаўку, ведаючага реaктары і ядзерную фізіку, амаль немагчыма. Затое неверагодна рaздуліся бухгaлтэрыя, аддзел забеспячэння і плaнавы аддзел.
 
Вельмі адмоўным у забеспячэнні радыяцыйнай бяспекі стала практыка ўтойвання ад персаналу АЭС інфармацыі аб здарэннях на атамных станцыях, што асабліва небяспечна, бо недасведчанасць аб негатыўным вопыце заўсёды спрыяе бестурботнасці і легкадумнасці.
 
Асабліва шчыраваў у гэтым накірунку прызначаны на пасаду Міністра энергетыкі СССР А.I. Мaёрэц - недастаткова кампетэнтны чалавек у энергетычных і асабліва ў aтомных пытаннях.
 
Ужо праз паўгоды ім быў падпісaны загад Мінэнерга СССР ад 19 мaя 1985 годa, у якім зазначалася:
 
"Не падлягаюць адкрытай публікацыі ў друку, у передaчaх на радыё і тэлебачанні звесткі аб негатыўных выніках экалагічнага ўздзеяння нa абслугоўваючы персанaл і насельніцтва, a таксама нa навакольнае асяроддзе энергетычных аб'ектаў".
 
Трэба сказаць, што аптымістычныя прагнозы і зaпэўніванні адказных асоб ніколі не падзяляў эксплуатацыйны персанал атамных электрастанцый, які меў справу з мірным aтамам непасрэдна, a не ва ўтульнай цішыні кaбінетаў і даследчых лaборaторый.
 
Знаходзіліся людзі, якія не пабаяліся звяртацца да высокага кіраўніцтва з прапановамі і нават патрабаваннямі.
 
Так, пасля вывучэння распрацаванага нямецкай фірмай "Бертольд" праекта аўтаматызаванай сістэмы кантроля знешніх узроўняў радыяцыі навокал атамных станцый, начальнік аддзела радыяцыйнай бяспекі НПА "Энергія" Л.П.Хам'янаў накіраваў кіраўніцтву "Саюзатамэнерга" прапанову скарыстаць напрацоўкі гэтай фірмы шляхам набыцця аднаго вопытнага каплекта сістэмы з мэтай яго апрабірвання на адной з айчынных АЭС. Адказа на свой зварот спецыялісты не дачакаліся.
 
У 1979 годзе ў часопісе "Камуніст" быў надрукаваны артыкул вядомых навукоўцаў Інстытута атамнай энергіі імя І.В.Курчатава М.А.Даллежаля і Ю.І.Каракіна, якія, прааналізаваўшы сітуацыю, парадзілі не будаваць рэактары РБМК ў Еўрапейскай частцы краіны. На жаль, гэтыя прапановы таксама былі праігнараваныя.
 

Як гром з яснага неба

Чаму ж Чарнобыль зваліўся, як гром з яснага неба?
 
У гэтым сэнсе слушным падаецца меркаванне фізіка-атамшчыка, кандыдата тэхнічных навук, чарнобыльца Аляксандра Глушчанкі. Па ягонай думцы ў атамных ведамствах здаўна сутыкаліся і процідзейнічали дзве плыні: адна - "верхняя"- фармальна-бюракратычная, на ўзроўні начальнікаў глаўкаў і вышэй, другая - "ніжняя" - навукова-даследчая, на ўзроўні навуковых супрацоўнікаў і кіраўнікоў НДІ і КБ. Практычна ніводная прапанова "знізу" не магла быць рэалізавана без ухвалення "зверху". А вярхі марудзілі час і маглі не рэагаваць на прапановы. З гэтай нагоды ў супрацоўнікаў навуковых і канструктарскіх устаноў разрасталася пачуццё трывогі і непакою, якое ўзмацнялася з гадамі.
 
Аднак вернемся да падзей 26 красавіка 1986 года і зробім высновы, чаму ўзарваўся рэактар на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай АЭС?
 
У гэтым кантэксце ўзнікаюць два пытанні: ці адпавядаў ён тэхнічным патрабаванням таго часу і якія парушэнні рэгламенту правядзення выпрабаванняў прывялі да аварыі.
 
Каб не разважаць наконт тэхнічнага ўзроўню рэактара РБМК прывяду толькі вытрымку з пратакола паседжання Палітбюро ЦК КПСС ад 3 ліпеня 1986 года пад старшынствам М.С.Гарбачова:
 
Гарбачоў: Камісiя разабралася, чаму недапрацаваны рэактар быў перададзены ў прамысловасць? У ЗША ад такіх рэктараў адмовіліся. Так, таварыш Легасаў?
 
Легасаў (акадэмік): У ЗША не распрацоўваліся і не выкарыстоўваліся такія рэактары ў энергетыцы.
 
Гарбачоў: Адбылося 104 аварыі, хто нясе адказнасць?
 
Мяшкоў (першы намеснік Міністра сярэдмаша СССР): Гэта станцыя не наша, а Мінэнерга.
 
Гарбачоў: Што вы можаце сказаць пра рэактары РБМК?
 
Мяшкоў: Рэактар выпрабаваны, толькі купала няма. Калі строга выконваць рэгламент - ад яго не будзе шкоды.
 
Гарбачоў: А ці можна гэтыя рэактары давесці да міжнароднага ўзроўню?
 
Аляксандраў (акадэмік): Усе краіны з развітай ядзернай энергетыкай працуюць не на гэткім тыпе рэактараў, што ў нас.
 
Маёрэц (член Урадавай камісіі):.. Я сцвярджаю, што РБМК і пасля дапрацоўкі ня будзе адпавядаць усім нашым цяперашнім правілам.
 
Перш, чым знайсці адказ на наступнае пытанне, некалькі слоў пра тое, навошта было праводзіць эксперымент, у чым яго сутнасць.
 
Справа ў тым, што ў выпадку поўнага абясточвання абсталявання атамнай станцыі спыняецца работа ўсіх механізмаў, у тым ліку і нaсосаў, якія пракачваюць ваду праз актыўную зону aтамнага рэaкторa. У выніку адбываецца рaсплaўленне aктыўнай зоны, што можа прывесці да ядзернай aвaрыі.
 
Выкарыстанне любых магчымых крыніц электраэнергіі у такіх выпадках і прадугледжвае эксперымент з выбяганнем ротарa турбагенерaтарa, бо пакуль круціцца ротар, выпрацоўваецца электраэнергія. Яе можна і неабходна выкарыстоўваць у крытычных выпадках.
 
Вокладка кнігі Рыгора Мядзведзева "Чернобыльская тетрадь"
  
Згодна з дакументальнай аповесцю, надрукаванай у 1990 годзе адным з вядучых спецыялістаў у галіне эксплуатацыі ядзерных установак Рыгорам Мядзведзевым, (прадмову да яе напісаў акадэмік А.Д.Сахараў) вынікае, што:
 
1) праграма выпрабаванняў, якасць якой не вытрымлівала аніякай крытыкі, так і не была ўзгоднена з Гідрапраектам і Дзяржатамэнерганаглядам. Тым не менш, дырэкцыю станцыі і эксплуатацыйнае аб'яднанне Саюзатамэнерга гэта не занепакоіла;
 
2) была парушана святая святых атамнай тэхналогіі: сродкі абароны рэактара не былі выведзены на кнопку максімальнай праектнай аварыі (МПА), а гэта значыць адным рухам прывесці іх у дзеянне мажлівасці не было;
 
3) з-за непрадбачлівасці галоўнага інжынера ЧАЭС М.М.Фаміна была дапушчана грубейшая памылка - адключана сістэма аварыйнага астуджэння рэактара (СААР). Ніхто з персанала не звярнуў на гэта належную увагу, бо ніхто ня меў належнага разумення фізікі рэактара;
 
4) замест таго, каб рабіць выбег ротара генератара ў момант глушэння рэактара, эксперымент пачалі праводзіць пры яго поўнай магутнасці. У выніку магутнасць рэактара ўпала да велічыні ніжэй 30 МВт і пачалося яго "атручванне" прадуктамі распада. Гэта быў пачатак канца.
 
5) астатнія дзеянні праводзіліся па камандзе намесніка галоўнага інжынера А.С.Дзятлава, чалавека арапістага і непаслядоўнага, які ня ведаў цеплавых схем станцыі і уран-графітавых рэактараў. Менавіта ён фактычна прымусіў аператара Таптунова паднімаць магутнасць рэактара. Тым самым яны падпісалі смяротны прыгавор сабе і многім сваім саслужыўцам.
 

Выбух

26 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 23 хвіліны 58 секунд рэактар і будынак 4-га энергаблока былі разбураны серыяй магутных выбухаў. З разбуранага энергаблока на вялікую вышыню вылецелі палаючыя кавалкі, іскры і полымя. Вецер панёс іх у бок Беларусі.
 
Каля 50 тон радыёактыўнага паліва выпарылася і было выкінута ў атмасферу ў выглядзе часцінак двухвокісі урана, радыёнуклідаў ёда-131, плутонія-239, нептунія-139, цезія-137, стронцыя-90 і іншых радыёактыўных ізатопаў. Яшчэ каля 70 тон было выкінута на разваленыя будынкі і калястанцыйную тэрыторыю. Актаўнасць радыёактыўнага паліва дасягала 15-20 тысяч рэнтген у гадзіну.
 
Калі б начальства адразу папярэдзіла людзей, як гэта зрабіў пасля аварыі на АЭС амерыканскі губернатар у Пенсільваніі, то насельніцтва Прыпяці не апынулася б пад уздзеяннем радыяцыі ад 0,5 да 1 рэнтгена ў гадзіну і дзесяткі тысяч людзей не атрымалі б пераапраменьвання. Ды і гэтае начальства само не ведала, што рабіць і не ўяўляла сабе пра наступствы аварыі.
 
На золку 26 красавіка 1986 года вачам людзей, якія знаходзіліся на Чарнобыльскай АЭС, адкрылася карціна разбурэнняў.
 
Рэактар Чарнобыльскай АЭС да аварыі
  
Шахта рэактара была разварочана, нібы ад прамога пападання звышмагутнай бомбы. Сцены цэнтральнай залы часткова абваліліся. У даху суседняй машыннай залы утварыліся праломы, ўнутры яна часткова выгарэла, агонь і выбухная хваля дэфармавалі фермы перакрыццяў і калоны каркаса. Гарэў дах на ўчастку паміж чацвёртым і трэцім энергаблокамі.
 
Вадародна-паветраная сумесь у цэнтральным зале чацвёртага энергаблока здэтанавала імгненна. Гэта надало разбурэнням спецыфічны характар аб'ёмнага выбуху.
 
Над рэактарныя залай віўся дым, унізе працягваў гарэць уран. Ад звышвысокіх тэмператур ядзернае паліва плавілася разам з рэшткамі канструкцый, утвараючы распаленую радыеактыўную масу.
 
Вакол цалкам разбуранай актыўнай зоны валяліся тысячы яе радыеактыўных абломкаў. Вялікія і малыя фрагменты графітавай кладкі, паліўных элементаў, розных агрэгатаў - усё гэта было разнесена выбухам. Кавалкі ў мностве валяліся на даху будынкаў.
 

Цаной свайго жыцця 

Работнікі станцыі з прыбыўшымі пажарнымі ( 69 чалавек і 14 адзінак тэхнікі ) самааддана змагаліся з агнём. Да 6 гадзін раніцы удалося патушыць падпалены бітум на даху машыннай залы (па правілах тут павінен быў знаходзіцца негаручы матэрыял).
 
Адзін з удзельнікаў тушэння пажара на Чарнобыльскай АЭС
 
Фактычна гэтыя людзі цаной свайго жыцця выратавалі чалавецтва ад значна большай пагрозы, бо агонь мог перакінуцца на іншыя энергаблокі і наступствы былі б непрадказальныя.
 
Тушэнне пажару на даху машыннай залы ўзначаліў наш зямляк, брагінец Васіль Ігнаценка. Ён з яшчэ некалькімі саслужыўцамі-пажарнымі неверагоднымі высілкамі здолеў патушыць пажар і апошнім сышоў з даху. Усе гэтыя маладыя хлопцы ляжаць на Міцінскіх могілках у Маскве.
 
Брагінскі мемарыял з помнікам герою Чарнобыля Васілю Ігнаценка
 
Маці Васіля Ігнаценка, Таццяна Пятроўна з партрэтам сына

На мерапрыемствах па адкрыццю музейнай экспазіцыі ў гонар героя Чарнобыля Васіля Ігнаценкі ў Брагіне мы пыталіся ў ягонай жонкі, якая цяжарнай знаходзілася каля мужа да апошніх хвілін, ці разумеў ён, на што ідзе. Яна адказала: "Канешне ён ведаў, чым гэта для яго скончыцца, але не мог паступіць інакш".
 
Дазіметрычны кантроль сітуацыі быў немагчымым, бо Індывідуальныя дазіметры з мяжой вымярэння 1 мілірэнтген у секунду зашкальвалі. Адзін прыбор з вялікім дыяпазонам вымярэнняў (да 1000 рэнтген) быў няспраўны, другі апынуўся ў заваленым памяшканні.
Спецыяльныя сродкі абароны ніхто скарыстаць не паспеў. Тым не менш, супрацоўнікі машыннай залы не збеглі, а змагаючыся з агнём, абясточвалі абсталяванне, прадухіляючы магчымыя новыя выбухі вадароду, дапамагалі параненым таварышам выбрацца з паўразбураных памяшканняў. Пры гэтым яны намотвалі на галовы ручнікі, бо ў рэспіратарах дыхаць было немагчыма. Перасоўваліся людзі пад абаронай ацалелых сцен і канструкцый.
 
На тэрыторыі можна было бачыць людзей у кашулях з кароткімі рукавамі. Працуючы на даху, яны скідалі падпалены графіт ў жэрла рэактара рукамі, а вялікія кавалкі спіхвалі нагамі.
 
Яшчэ ноччу ў медпункт ЧАЭС звярнуліся некалькі пажарных з першых разлікаў. Бліжэй да абедзеннага часу бальніцы Прыпяці і Чарнобыля былі перапоўнены, а са станцыі бесперапынна паступалі ўсё новыя і новыя людзі - большасць у цяжкім і вельмі цяжкім стане.
 
У многіх былі чырвоныя плямы (ядзерны загар) іншыя, наадварот, былі бледнымі, як абрус. Пацярпелых пастаянна ванітавала, назіралася гарачка, людзі перыядычна гублялі прытомнасць, на іх целе ўтварыліся раны і язвы.
 
На першым часе медыкі паведамлялі родным, што пацыенты паступаюць з апёкамі, і сцвярджалі, што млоснасць выклікана атручваннем газамі, бо аб жорсткім радыяцыйным апрамяненні тут яшчэ не ведалі.
 
Аб тым, што здарылася на атамнай станцыі, было неадкладна даложана ў Кіеў і Маскву. Трывожная інфармацыя была ўспрынята сур'ёзна. 26-га красавіка былі мабілізаваны дадатковыя сілы пажарных частак, некаторыя воінскія падраздзяленні. Аднак факты падцвярджаюць, што і 27 красавіка кіраўніцтва краіны, ужо атрымаўшае дадзеныя аб высокай радыяцыйнай небяспецы на чацвёртым блоку АЭС, разглядала выбух як здарэнне, а не як катастрофу.


"Часовая" эвакуацыя

Безумоўна, у той час не існавала поўнай карціны таго, што адбылося, аднак гэта ніяк не можа апраўдаць спробы кіраўніцтва СССР схаваць пагрозлівую інфармацыю ад уласных грамадзян і краін замежжа.
 
Практычна два выходных дні нічога не падазраваючыя жыхары Прыпяці і ваколіц жылі сваім звычайным жыццём.
 
Вось тыповыя сведчанні відавочцаў: "26 красавіка дзень выдаўся сонечны, цёплы і наш сусед па хаце палез на дах загараць. Але не прайшло і некалькіх хвілін, як ён вярнуўся, сказаўшы, што сёння з раніцы нешта моцна пячэ. Неўзабаве цела яго хутка пакрылася чырвоным налётам, потым - пухірамі, як ад апёку. Мы вельмі здзівіліся. Потым вырашылі разам палезці на дах і праверыць, што да чаго. Вось тады мы і звярнулі ўвагу, што над Чарнобыльскай станцыяй з'явілася яркае святло, як быццам ўспыхнула яшчэ адно сонца. Увечары таго ж дня з маім суседам зрабілася дрэнна. Яго ванітавала, паднялася тэмпература. І яго адразу адправілі ў клініку".
 
А у горадзе Прыпяці і на ўсіх пацярпелых тэрыторыях насельніцтва рыхтавалася да Першамаю, у дварах звінелі дзіцячыя галасы, падлеткі куплялі з адкрытых латкоў мрозіва і печыва. У мясцовых вёсках, у тым ліку на тэрыторыі суседніх раёнаў Беларусі, людзі рыхтаваліся саджаць бульбу.
 
На наступны дзень, 27 красавіка, па мясцовай прыпяцкай радыёсетцы прагучала аб'ява аб "пажары" на ЧАЭС, у сувязі з чым людзям не рэкамендавалі выходзіць з дамоў. І толькі праз 68 гадзін пасля катастрофы, 28 красавіка у вячэрнім выпуску агульнасаюзнай праграмы "Час" дыктары працытавалі кароткае паведамленне агенцтва ТАСС: "На Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбыўся няшчасны выпадак. Адзін з рэактараў атрымаў пашкоджанне. Прымаюцца меры з мэтай ліквідацыі наступстваў інцыдэнту. Пацярпелым аказана неабходная дапамога. Створана ўрадавая камісія для расследу здарэння".
 
Дазіметр паказвае
 
27 красавіка першую групу пацярпелых з 28 чалавек даставілі самалётам у 6-ю радыялагічную бальніцу ў Маскве. Абследаванне пацвердзіла у некаторых вострую прамянёвую хваробу. У гэтай сітуацыі было прынята рашэнне аб эвакуацыі насельніцтва з дзесяцікіламетровай зоны вакол аварыйнай АЭС, уключаючы і горад Прыпяць.
 
У аб'явах па радыё жыхароў праінфармавалі аб "часовай" эвакуацыі ў населеныя пункты Кіеўскай вобласці "з мэтай забеспячэння поўнай бяспекі людзей і, у першую чаргу, дзяцей".
 
Паступіла каманда на эвакуацыю.
 
Калона аўтобусаў
 
З 14.00 да кожнага дома падаваліся аўтобусы. З сабой рэкамендавалася ўзяць толькі сёе-тое з адзення і мінімум прадуктаў. Многія сапраўды ўспрынялі вымушаны ад'езд, як своеасаблівую прыгоду і адпачынак на прыродзе, у сувязі з чым запасліся шашлыкамі, бралі з сабой гітары і магнітафоны.
 
Эвакуацыя прайшла арганізавана. 1100 аўтобусаў да 17.00 вывезлі жыхароў Прыпяці за межы акрэсленай зоны. Значна цяжэй праходзіла эвакуацыя вяскоўцаў, бо людзі, выкарыстоўваючы пагодлівыя дні, займаліся ў гародах і ні ў якім разе не згаджаліся з'язджаць. І ўсё ж на працягу двух-трох сутак удалося вывезці каля 50 тысяч чалавек, пры гэтым людзі пакінулі на месцы ўсю сваю маёмасць і хатніх жывёл.
 
Між тым, павышэнне радыеактыўнага фону імгненна зафіксавалі за мяжой. У 22.00 гадзіны 27 красавіка шведскія службы выявілі рэзкі ўсплёск радыеактыўнасці ў адным з раёнаў краіны. Крыху пазней адна з дацкіх даследчых лабараторый паведаміла, што на ЧАЭС здарылася аварыя катэгорыі МПА (максімальная праектная аварыя). З гэтага моманту Чарнобыль трапіў у фокус увагі замежных палітыкаў, ваенных і СМІ. Аднак яшчэ доўгі час Гарбачоў з атачэннем працягваў рабіць усё магчымае, каб прынізіць праўдзівыя маштабы катастрофы і ствараў інфармацыйныя бар'еры для распаўсюджвання аб'ектыўнай інфармацыі аб трагедыі. 
Член урадавай камісіі акадэмік Валеры Аляксеевіч Легасаў
 
На самой станцыі ўжо 27 красавiка пачаліся мерапрыемствы па ўтаймаванню аварыйнага рэактара , які па-ранейшаму выкідваў у атмасферу тоны радыёактыўнага пылу і сажы. У раён ЧАЭС прыбывалі воінскія падраздзяленні, у тым ліку верталётны полк, падняты напярэдадні ноччу па трывозе Полк склаў аснову зводнай авіяцыйнай групы, якой камандаваў начальнік штаба ВПС Кіеўскай ваеннай акругі, генерал-маёр Н.Т.Антошкін.
 
У Маскве была ўтворана ўрадавая камісія па ліквідацыі наступстваў аварыі. Яе старшынёй прызначылі намесніка старшыні Савета міністраў СССР Б.Е. Шчарбіну. Вучоных у ёй прадстаўляў намеснік дырэктара Інстытута атамнай энергіі імя Курчатава, акадэмік В.А. Легасаў. Менавіта ён прыбыў на месца катастрофы ў ліку першых. Легасаў зрабіў разлікі складу адмысловай сумесі, у якую ўваходзілі бромутрымліваючыя рэчывы, свінец і даламіты. Гэтая сумесь павінна была спыніць самаразагрэў застаўшагася ядзернага паліва і абмежаваць выкід радыеактыўных аэразоляў.
 
На працягу васьмі дзён, да 5 мая 1986 года, з паветра ў шахту рэактара скінулі каля 5 тысяч тон сумесі. Дзеля гэтага давялося здзейсніць 1800 верталётных вылетаў. У кожным з іх лётчыкі рызыкавалі атрымаць залімітавыя дозы радыяцыі.
 
Аб складанай і небяспечнай аперацыі па засыпанню рэактара сумессю генерал-маёр Н.Т. Антошкін, потым ганараваны званнем Героя Савецкага Саюза, ва ўспамінах напісаў: "Працавалі мы так: верталёт завісаў над аварыйным блокам, адкрываліся бартавыя дзверы і тэхнік, прывязаны страховочным поясам, скідаў 60-100 - кілаграмовыя мяшкі. Скіне 5-6 мяшкоў - увесь у поце. За некалькі секунд 5-6 рэнтгенаў атрымае. Цяжкая была гэта праца: тэмпература ўнізе 120-180 градусаў, узровень радыяцыі больш за 3000 рэнтген у гадзіну. У першы час, калі было мала тэхнікі, верталётчыкі рабілі да 33 заходаў у дзень".
 
Сярод верталётчыкаў знаходзіўся потым жыхар горада Мінска Васіль Вадалажскі, які таксама быў з цягам часу ўганараваны званнем Героя Расіі. На фасадзе ягонага дома ў ваенным гарадку "Уручча" устаноўлена памятная дошка, каля якой кожны год 26 красавіка праводзяцца адпаведныя урачыстыя мерапрыемствы.
 
Верталёт над ЧАЭС.
 
Урачыстасці каля памятнай дошкі ў гонар героя Чарнобыля, верталётчыка Васіля Вадалажскага
 
Адзначым, што з тых, хто ствараў першы заслон бядзе, максімальныя дозы апраменьвання (ад 2 да 20 Грэй) атрымалі каля 1000 чалавек. 134 супрацоўнікі АЭС і члены выратавальных каманд, якія знаходзіліся на месцы аварыі ў пачатковы перыяд, загінулі, 28 з іх памерлі на працягу наступнага месяца.
 
2 мая 1986 года Чарнобыльскую АЭС наведалі старшыня саюзнага Саўміна М.І. Рыжкоў і сакратар ЦК КПСС Я.К. Лігачоў. Візіт, безумоўна, дапамог паскорыць рашэнне многіх арганізацыйных і забеспячэнскіх пытанняў і спрыяў больш дакладнай каардынацыі дзеянняў розных ведамстваў.
 
Сакратар ЦК КПСС Я.К.Лігачоў у час наведвання Гомельскай вобласці пасля чарнобыльскай аварыі.
 
Ужо 4 мая, пасля аналізу сітуацыі, савецкі ўрад прыняў рашэнне працягнуць адсяленне людзей ад АЭС, пашырыўшы зону адчужэння да 30 кіламетраў. Такім чынам, у ёй апынуўся цэлы шэраг населеных пунктаў на тэрыторыі Беларусі.
 
У зону адчужэння працягвалі сцягвацца воінскія падраздзяленні, у тым ліку часткі рэзерву, планавалася разгортванне брыгады хімічны войскаў. Сюды масава прыбывалі шматлікія спецыялісты, перакідвалася ваенная і грамадзянская тэхніка.
 
"Ліквідатары" едуць на ЧАЭС.


Рэха аварыі

Для каардынацыі работ былі створаны рэспубліканскія камісіі ў Беларускай, Украінскай ССР і ў РСФСР, а таксама розныя ведамасныя камісіі і штабы.
 
Ніхто яшчэ не мог уявіць сабе, наколькі далёка разнясецца рэха аварыі.
 
Вось цяпер настаў час асвятліць пытанне аб наступствах Чарнобыльскай аварыі для нашай краіны, таму што паветраныя масы пасля выбуху рушылі ў бок Беларусі.
 
У першыя тыдні пасля аварыі на 4-м блоку Чарнобыльскай атамнай станцыі найбольшую небяспеку для насельніцтва прадстаўлялі кароткачасовыя радыеактыўныя ізатопы, перш за ўсё ёд-131.
 
Карты забруджвання тэрыторыі Беларусі ёдам-131, цэзіям-137 і стронцыем-90
 
Высокія ўзроўні радыяцыі назіраліся на ўсёй тэрыторыі нашай краіны. У некаторых населеных пунктах магутнасць дозы выпраменьвання дасягала 0,5 мЗв/гадзіну, што ў некалькі тысяч разоў вышэй натуральнага радыяцыйнага фону.
 
У наступны перыяд радыеэкалагічныя абстаноўка ў рэспубліцы вызначалася дзеяннем доўгажывучых ізатопаў. У іх ліку цэзія-137, стронцыя-90 і трансуранавых элементаў: плутонія і амерыцыя-241.
 
Непасрэдна ў выніку аварыі цэзіем-137 з узроўнем, які перавышае 37 кБк/кв. метр, было забруджана каля 23-х адсоткаў тэрыторыі рэспублікі, на якой пражывала амаль 2 млн чалавек.
 
Па дадзеных міжнароднай экспертызы каля 35 адсоткаў усіх выпадзенняў гэтага радыёнукліду на еўрапейскім кантыненце прыйшлося на Беларусь.
 
За 28 гадоў пасля аварыі радыяцыйная абстаноўка змянілася не вельмі істотна.
 
Забруджванне радыёцэзіем адзначана на 20 адсотках ўсёй тэрыторыі краіны (пераважна ў Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцях).
 
Забруджванне радыёстронцыям зафіксавана ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях на плошчы каля 20 тыс. кв. км, што складае прыкладна 10 працэнтаў тэрыторыі рэспублікі.
 
Забруджванне глебы ізатопамі трансуранавых элементаў ахоплівае каля 4 тыс. кв. км на тэрыторыі шасці раёнаў паўднёвай часткі Гомельскай вобласці і аднаго раёна Магілёўскай (2% плошчы рэспублікі).
 
Такім чынам, радыяцыйна-экалагічная абстаноўка ў Беларусі застаецца складанай. Альфа-, бэта- і гама-выпраменьваючыя радыёнукліды прысутнічаюць практычна ва ўсіх кампанентах экасістэм.
 
Трэба мець на ўвазе, што каля 70 адсоткаў калектыўнай дозы апрамянення насельніцтва фарміруецца за кошт спажывання "брудных" прадуктаў харчавання. Таму забеспячэнне якасці ежы па радыяцыйным паказчыкам - галоўны накірунак дзяржаўных мерапрыемстваў на пацярпелях тэрыторыях.
 
Калектыўная доза апраменьвання шчытападобнай залозы ў жыхароў рэспублікі ў "ёдны" перыяд склала больш за 500 тыс. чалавека-Грэй. У выніку каля чвэрці насельніцтва краіны мае тыя ці іншыя паталогіі шчытападобнай залозы.
Для ўсіх катэгорый пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС назіраецца рост захворвання шчытападобнай залозы, хвароб сістэмы кровазвароту, псіханеўралагічных засмучэнняў.
 
Большасць навукоўцаў, як айчынных, так і замежных, лічаць прычынай росту захворванняў сукупнае ўздзеянне радыяцыі і цэлага комплексу іншых фактараў. На вывучэнне гэтых пытанняў накіраваны навуковыя даследаванні.
 
Асаблівы кантроль ажыццяўляецца за станам здароўя "ліквідатараў", якіх налічваецца ў Беларусі больш за 115 тысяч чалавек. Адносная рызыка стаць хворым ў іх больш чым у 2 разы вышэй, чым у дарослага насельніцтва Беларусі амаль па ўсіх відах захворванняў.
 
Радыёактыўнае забруджванне глебаў прама цягне за сабой значныя праблемы забеспячэння неабходнай якасці вырабляемых прадуктаў харчавання.
 
Забруджванню з шчыльнасцю вышэй 37 кілабекерэляў на квадратны метр па цэзію-137 падвергнулася больш за 18 тыс. кв. км сельгасугоддзяў або каля 20 працэнтаў іх агульнай плошчы. Таму на пачатковым этапе пераадолення наступстваў катастрофы было ліквідавана 54 калгасы і саўгасы, закрыта 9 заводаў перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.
 
264 тысячы гектараў былі выключаны з сельскагаспадарчага выкарыстання. За ўсе постчарнобыльскія гады ўдалося вярнуць толькі каля 15 тысяч гектараў зямель.
 
Значна скарочаны і памеры карыстання мінеральна- сыравіннымі рэсурсамі, паколькі ў зоне забруджвання апынуліся 132 радовішчы. 22 радовішчы выведзеныя з карыстання поўнасцю.
 
Вялікі ўрон нанесены лясной гаспадарцы. Штогадовыя страты драўняных рэсурсаў перавышаюць ў цяперашні час 2 млн кубаметраў.
 
У зоне забруджвання і цяпер знаходзіцца больш 300 прамысловых прадпрыемстваў, умовы дзейнасці якіх даволі складаныя.
 
Чарнобыльскія раёны Беларусі характарызуюцца скажонай дэмаграфічнай сітуацый, таму што каля 138 тысяч чалавек з 470 населеных пунктаў пераселена ў чыстыя раёны рэспублікі, а каля 200 тысяч з'ехалі на новае месца пражывання самастойна.
 
На новым месцы жыхарства
 
Сумарны ўрон, нанесены Беларусі чарнобыльскай катастрофай у разліку на 30-гадовы перыяд пераадолення яе наступстваў, ацэньваецца ў 235 млрд даляраў ЗША, што адпавядае 32-м бюджэтам рэспублікі 1985 года.
 
У той жа час варта зазначыць, што спыненне сельскагаспадарчых работ у зоне эвакуацыі (30-кіламетровая зона) , а таксама на найбольш забруджаных (больш за 1480 Бк/кв. км) землях тэрыторыі адсялення прывяло да паўсюднага ўтварэнне шчыльнага травянога покрыва і значнага падаўленьня пылаўтварэння. У выніку негатыўны ўплыў моцна забруджаных тэрыторый на ўтрыманне радыенуклідаў у паветры сумежных раёнаў істотна зменшыўся.
 
У выніку абагульнення матэрыялаў даследаванняў у 1995 годзе быў зроблены папярэдні прагноз, паводле якога ў бліжэйшыя 30 гадоў самаачышчэнне глеб у выніку міграцыі радыёнуклідаў у ніжэй ляжачыя гарызонты не адбудзецца. А гэта азначае, што экалагічнае бедства, спароджанае чарнобыльскай катастрофай, мае вялікую працягласць не толькі ў тэрытарыяльна - прасторавым, але і ў часовым вымярэнні.
 
Неспрыяльныя ў сацыяльна-эканамічным сэнсе наступствы чарнобыльскай катастрофы прымушаюць вылучаць вялікія аб'ёмы фінансавых сродкаў на ажыццяўленне мерапрыемстваў па рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый.
 
За гады рэалізацыі дзяржаўных праграм па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама чарнобыльскіх праграм у рамках Саюзнай дзяржавы выдаткі ў Беларусі саставілі каля 20 мільярдаў даляраў ЗША, што супастаўна з выдаткамі СССР на ліквідацыю наступстваў чарнобыльскай аварыі.
 
31 снежня 2010 года Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь зацверджана і выконваецца Дзяржаўная праграма па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2011-2015 гады і на перыяд да 2020 года, на рэалізацыю якой плануецца накіраваць 6,7 трыльёнаў рублёў. Пачалася рэалізацыя і чацвёртай Праграмы сумеснай дзейнасці па пераадоленню наступстваў аварыі на ЧАЭС у рамках Саюзнай дзяржавы на перыяд да 2016 года, якой прадугледжана фінансаванне мерапрыемстваў у Беларусі на суму звыш 0,5 млрд расійскіх рублёў.
 
Работа праводзіцца вельмі вялікая. Гэта асобная тэма размовы. 
 
Трэба зазначыць, што праведзеная ў рэспубліцы работа атрымала станоўчую адзнаку Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і Міжнароднага Агенцтва па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ).
 
Нездарма за тры гады пасля аварыі на АЭС у Фукусіме (Японія) менавіта нашу краіну наведала больш за 80 японскіх дэлегацый колькасцю каля 500 чалавек па вывучэню беларускага вопыта перадалення наступстваў чарнобыльскай катастрофы.
 
Пакуль што альтэрнатывы атамнай энергетыцы няма, асабліва ў краінах, не маючых радовішчаў нафты і газа. Гэта пабуджае іх будаваць атамныя станцыі на сваёй тэрыторыі. З дапамогай Расіі будуецца АЭС і ў нашай краіне.
 
З гэтай нагоды для нас вельмі актуальным з'яўляецца пытанне выключна якаснай падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў, ад дасведчанасці і глыбокіх ведаў каторых найперш залежыць бяспека эксплуатацыі ядзернага аб'екта.
 
Наступствы Чарнобыля павінны стаць штодзённым напамінам начальству, кожнаму інжынеру і аператару аб вялікай адказнасці за іх працу, аб тым, што законы подласці спрацоўваюць заўсёды там, дзе людзі не маюць глыбокіх ведаў, губляюць пільнасць і спадзяюцца на "авось". 
{banner_819}{banner_825}
-50%
-50%
-10%
-99%
-50%
-20%
-18%
-20%