/ фото: Игорь Матвеев,

Іхнія імёны пачынаюцца на адну літару – Антон і Алеся. Яму хутка споўніцца 87. Яна не хавае, што "на годзік старэйшая". Ён усё жыццё пісаў вершы. Яна малявала карціны. Ён ужо дрэнна чуе. А яна – амаль не бачыць, толькі цені людзей і прадметаў. Яна – ягоныя вушы, а ён – яеныя вочы. Яны разам – амаль 55 гадоў. Доўгае рэха адно аднаго. А яшчэ ў іх ёсць адзін на дваіх вечна малады і святы ўспамін: 25 сакавіка 1946 года яны прысягалі на вернасць беларускай Беларусі.

Антон і Алеся Фурсы 

Яму, Антону Фурсу, тады было 18. Ёй, Алесі Умпіровіч, – на годзік больш. Яны тады яшчэ не ведалі адно аднаго. Спачатку быў гарт. Каханне прыйшло потым. Праз 10 гадоў зняволення. Той памятны Дзень волі паяднаў іх на ўсё жыццё. Блаславіў. І даў моцы ўсё вытрымаць.

Напярэдадні сённяшняга Дня волі TUT.BY завітаў у госці да жыхароў Пастаў Антона і Алесі Фурсаў, сябраў "Саюза беларускіх патрыётаў", які пасля вайны дзейнічаў на захадзе Віцебшчыны. Перадаем іхнія сведчанні сучаснікам і тым, хто будзе пасля нас. Пакуль такія людзі жывуць, за імі трэба хадзіць з нататнікам і алоўкам штодзень. На жаль, такой магчымасці няма. Таму тут запісана толькі драбніца. Водбліскі іхняга гарту і кахання.



Даведка TUT

"Саюз беларускіх патрыётаў" (СБП) - падпольная патрыятычная непалітычная моладзевая арганізацыя. Увосень 1945 года яе стварылі студэнты Глыбоцкага педагагічнага вучылішча і вучні мясцовых школ. Яе кіраўніком быў Васіль Мядзелец, сакратаром - Антон Фурс. Арганізацыя змагалася "за сапраўдную, а не дэкларатыўную дзяржаўнасць, самастойнасць Беларусі, дзяржаўнасць беларускай мовы, бел-чырвона-белы сцяг, герб "Пагоня", суверэнітэт, свабоднае развіццё беларускага народу".

Адначасова ў Паставах існавала арганізацыя "За Беларусь!", створаная студэнтамі мясцовага педагагічнага вучылішча. Яе мэты былі прыкладна такімі ж, як і ў Глыбоцкага СБП. Арганізацыяй кіраваў Мікола Асіненка.

У 1946 годзе глыбоцкая і пастаўская суполкі аб'ядналіся і дзейнічалі пад адной назвай - "Саюз беларускіх патрыётаў".

25 сакавіка 1946 года, у дзень 28-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, маладыя патрыёты з Глыбокага і Пастаў прынеслі ўрачыстую прысягу. На вернасць ідэалам беларушчыны 18-20-гадовыя хлопцы і дзяўчаты кляліся перад бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня". Яе выяву – і для глыбачан, і для сваіх землякоў - намалявала сябра пастаўскай суполкі Алеся Умпіровіч (Фурс).

У лютым 1947 года арганізацыю знішчылі. Міністэрства дзяржбяспекі нават праводзіла спецаперацыі па затрыманні маладзёнаў. У турме іх катавалі. Большасць атрымала пакаранне паводле артыкулаў 63-1, 71 і 76 Крымінальнага кодэкса БССР ("Здрада Радзіме і ўдзел у антысавецкай арганізацыі").

Больш за сорак чалавек асудзілі на працяглыя тэрміны – ад 10 да 25 гадоў. Чатыры чалавекі атрымалі вырак – расстрэл. Пазней яго замянілі на чвэрцьстагоддзя няволі. На шчасце, з вязніц і лагераў іх вызвалілі раней - падчас "хрушчоўскай адлігі" ў 1955-1956 гадах.

Па вяртанні на Беларусь яны адчувалі ціск з боку улад, не маглі ўладкавацца на працу. Некаторыя з-за гэтага зноў пакінулі Бацькаўшчыну. Рэабілітацыю атрымалі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. КДБ прасіў ў іх прабачэння…

Расповеды нашых герояў пададзены ў выглядзе маналогаў, падзеленых на часткі-успаміны пра адныя і тыя ж перыяды жыцця. Нібы пераклічка двух сэрцаў, якія аднолькава б'юцца. Для Беларусі. І для адно аднаго.

Алеся Лявонаўна Фурс. "Як жыць – дык жыць для Беларусі"

Дзяцінства. "Нарадзілася я ў вёсцы Азерава на Браслаўшчыне. На нашым ганку часта збіралася моладзь. З гэтых вячорак мне запомнілася песня пра Беларусь. А чым запомнілася? Калі яе спявалі, хтосьці абавязкова стаяў на варце.

Алеся Фурс чытае радкі з песні пра Беларусь:

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.

Скачать аудио (715.41 КБ)

Я скончыла 4 класы вясковай пачатковай школы, дзе працаваў мой бацька. У таткі было званне заслужанага настаўніка СССР. А ў пяты клас пайшла ў польскую школу ў Паставах. Пасялілася ў старэйшай сястры, вось у гэтай самай хаце, дзе мы зараз жывем.

Заўважна, што ў спадарыні Алесі і сёння моцны характар. Падчас гэтых гаротных успамінаў яна не плакала. Яе голас зрываўся на слёзы толькі тады, калі яна ўзгадвала свайго бацьку, якога асудзілі разам з ёй. Жанчына і на дзявятым дзясятку з густам апранаецца

З дзяцінства любіла маляванне. І аднойчы для школьнай газеты мне трэба было намаляваць партрэт Сталіна. Дык ён у мяне атрымаўся падобны… на Пілсудскага! Аднак рэдактар газеты неяк прапусціў гэты малюнак.

Алеся з малодшай сястрой Любай.
Фота: уласны архіў сям'і Фурсаў

Скончыла 6 клас, і пачалася вайна. Данеслі, што мой старэйшы брат быў у партызанах. Мяне прышлі арыштоўваць. Расстрэлы ў Паставах адбываліся ў парку Гарбарка. Мабыць, і мой лёс там быў, каб не бабулька. Яна кінулася да немца на калені: "Панок, панок, не забірайце яе!" Ён нейкую хвіліну думаў, расставіўшы ногі. І выбег з хаты. Потым мы даведаліся: у гэты час на Гарбарцы расстрэльвалі людзей.

Юнацтва. Пасля школы я паступіла ў Пастаўскую настаўніцкую семінарыю. Яе дырэктарам быў сам Барыс Кіт – руплівы патрыёт беларушчыны. Нашы настаўнікі размаўлялі толькі на беларускай мове. На ёй выкладаліся і ўсе прадметы.

Беларуская настаўніцкая семінарыя ў Паставах, 1943 год. На здымку ёсць яе заснавальнік - Барыс Кіт. Ён знаходзіцца сярод групы вучняў у цэнтры.
Фота: уласны архіў сям'і Фурсаў. Здымак даслаў Фурсам асабіста Барыс Кіт

Пасля вайны замест педсемінарыі стварылі педвучылішча. І ўсё выкладанне перавялі на рускую мову. З нас здзекваліся. Напрыклад, хто адказваў па-беларуску, атрымліваў двойкі. З трэцяга курса перавялі на другі - нібы ў нас недастатковыя веды. Аднаго разу дырэктар пашыхтаваў нас у калідоры і пытаецца: "Кто против русского языка - шаг вперед!" Усе стаяць. "Кто за белорусский язык - шаг вперед!". Мы ўсе як адзін, не змаўляючыся, зрабілі крок наперад. "У-у, фашисты, не я буду, если вас не разгоню!".

Гарт. Ці ж можна было цярпець такое? Сталі бунтаваць. Так паўстала арганізацыя "За Беларусь!". У ёй было прыкладна 30 чалавек. Мы збіраліся, спявалі свае песні, дамовіліся размаўляць толькі на роднай мове.

Неўзабаве мяне пачалі вызываць у КДБ - амаль кожны вечар напрацягу месяца. Я ўжо не вытрымала, плачу: "Вельмі хачу вучыцца, а вы не даеце". Яны мне: "Мы хочам аддаць цябе ў разведшколу ў Маскву". Вярбуюць. Мне нічога не выпадала, як кінуць вучобу і хавацца.

Скіталася чатыры гады. Божа ж мой, дзе мне толькі не давялося быць! У розных месцах, у розных людзей! Пад Вільняй у адной жанчыны адпрацавала ўсё лета. Дачакалася "платы": гаспадыня не дала нават кавалка хлеба на дарогу. Тады я вырашыла: хопіць бадзяцца. Зловяць, дык зловяць. З таго часу жыла ў адным месцы, на гарышчы.

Прысяга. Аднак сувязі з сябрамі я не губляла. І вось мне паведамляюць: 25 сакавіка прымаем прысягу. Мяне папрасілі намаляваць "Пагоню". Прыехалі ў вёску Рамелькі, дзе жыў наш кіраўнік Мікола Асіненка. Зрабілі выгляд, што сабраліся на яго дзень нараджэння. А калі сышлі пастароннія, павесілі на сцяну бел-чырвона-белы сцяг і "Пагоню". Нас было чалавек 12. Кожны па чарзе падыходзіў і прамаўляў словы прысягі. І распісваўся на паперцы. Потым гэта паперка аказалася ў КДБ…

Арышт. Прыехалі мяне арыштоўваць. Я ўцякаю праз жыта. У мяне страляюць. Потым дагналі і за касу прыцягнулі да хаты. Павезлі ў Відзы, у турму. Раніцай даведалася, што арыштаваны і татка… Ён моцна збіты. Я – у кайданах. Ад аднаго з канваіраў пачула: "Во, шпіёнку злавілі". Потым мяне перавезлі ў Полацк, змясцілі ў памяшканні, дзе раней жылі манахі.

Следства. Божа мой, колькі мяне мучылі! Здзекі, гіпноз, электрашок… Білі. Я губляла прытомнасць. А ў камеры - нізкая столь, можна было толькі сядзець. Устаць было нельга. Ні акна, нічога. Толькі ў сцяне – нара. Паспрабавала туды залезці, а там пацукі! Пааб'ядалі мне рукі. Так я правяла больш за паўтара месяцы. Хадзіць сама ўжо не магла... Да следчых мяне вадзілі пад рукі.

Суд. Судзілі нас з бацькам у Полацку ў 1948 годзе. Татку далі 10 гадоў - за неданясенне на мяне. А мне 25 - за супрацоўніцтва з амерыканскай контрразведкай. Татка ўсё прасіў: "Не карайце дачку, яна ж ні ў чым не вінаватая. А мяне не пасылайце далёка – хачу памерці на роднай зямельцы". Памёр ён у мінскім шпіталі праз некалькі год...

Лагер. Мяне выслалі ў Мардовію, у закрыты лагер № 6. Я была цяжка хворая, таму знаходзілася ў інваліднай брыгадзе. Нас часам прыводзілі ў мастацкую майстэрню. У ёй працавалі мастакі розных нацыянальнасцей. Пераважна там рабілі шахматы. Адзін раз трэба было намаляваць каляндар для санчасці, чатыры пары года. Даверылі гэта мне. Вынік працы спадабаўся начальству, і мяне ўзялі ў гэту брыгаду.

Амаль усе карціны ў хаце Фурсаў намалявала сама гаспадыня. Нацюрморт з бэзам і бел-чырвона-белай стужкай - адна з яе прац

З таго часу з фарбамі я не расставалася. Усім, хто звяртаўся, на кавалачку паперкі малявала кветачкі. Жывых жа ў лагеры не было! Данеслі, што я бяру за гэта грошы. Мне прысудзілі 5 дзён карцэру. Чакаю, калі забяруць. Дзень, другі, трэці… Не прыходзяць за мной. Выявілася, што мяне адстаялі людзі. Гэта быў цуд!

Лагерны малюнак. "Я даслала яго ў падарунак татку, але не ведала, што яго ўжо няма ў жывых…", - дрыготкім голасам кажа спадарыня Алеся

Я зноў малявала, толькі заўсёды хтосьці стаяў на варце. А падзяка была такая: людзі з усіх баракаў прыносілі мне па кубачку кіпеню. Звычайная вада ў лагеры была дрэнная, ад яе зліпаліся валасы. А ў мяне яны былі да каленак. І вось дзякуючы малюнкам раз у чацвер я мыла свае косы.

Алеся Умпіровіч (Фурс), 1955 год. Здымак зроблены ў лагеры. Фота: уласны архіў сям'і Фурсаў

Сяброўства з Ларысай Геніюш. Заўсёды, калі прыбываў новы этап, я забягала ў барак і пыталася: "Ці ёсць хто з беларусаў?" Адзін раз адгукнулася Ларыса Антонаўна Геніюш. Мы пасябравалі. За ёй сачылі, дык мы выходзілі на зону і там размаўлялі. Яна чытала свае вершы. Распавяла і пра сваё гора – паэтка не ведала, дзе яе маленькі сын. А муж яе знаходзіўся недалёка ад нашага лагера. І так атрымалася, што я стала "нітачкай" паміж імі.

Гонар беларускай літаратуры. Злева направа: Данута Бічэль-Загнетава, Аляксей Карпюк, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў. 1970 год. Фота: уласны архіў сям'і Фурсаў

Пасля смерці Сталіна ў нас паўсталі розныя кружкі. Драматычны, нават балетны! Мне прапанавалі туды запісацца. І вось мае адбыцца першы канцэрт - на 1 Мая, у суседнім лагеры № 7, дзе знаходзіўся Іван Пятровіч Геніюш. Майскае свята якраз супадала з Вялікаднем. І Ларыса Антонаўна падрыхтавала перадачу для мужа. Напісала яму ліст, дастала дзесьці яечка і спякла ў конаўцы маленькую пасху. Пасля канцэрта я перадала ўсё гэта Івану Пятровічу.

Праз нейкі час я даведалася, што Ларысу Антонаўну з мужам адпускаюць. Мы пастанавілі не траціць сувязь. Перапісваліся. Пазней, калі я вызвалілася і вышла замуж за Антона, мы жылі ў Казахстане. Паэтка жыла ў Беларусі. Яна запрасіла нас на свой юбілей, і мы прыехалі. Сын Геніюш выпісаў нам гадавую падпіску на газету "Ніва".

У Казахстане мы стараліся не губляць сувязь з Радзімай: выпісвалі беларускія газеты і часопісы, набывалі кнігі. Мелі сяброў-землякоў, размаўлялі з імі па-беларуску.

Каханне. З Антонам мы пазнаёміліся пасля лагера. Гэта адбылося на развітальнай вечарыне ў гонар нашых сяброў Марыі Бабіч і Лявона Бялевіча. Яны ажаніліся і збіраліся з'ехаць з Беларусі. На тым свяце сабраліся сябры з глыбоцкай групы СБП, якіх я не ведала.

Вясельны здымак, 1956 год. Верхні шэраг, справа налева: Янка Бабіч, Алеся і Антон Фурсы. Унізе: Алесіна сястра Люба і яе муж Мікола.
Фота: уласны архіў сям'і Фурсаў

Прыехаў і Антон Фурс. Ён чытаў свае вершы, з тоўстага сшытка. Хлопец мне вельмі спадабаўся: і з выгляду нічога, і здольны. Мы танчылі, а потым размаўлялі. І я яму прызналася: "Мне ўжо 30 год, а ў мяне дзіцячае жаданне вучыцца далей. Шкада, што не змагу – бацькі памерлі, няма каму дапамагчы". Ён кажа: "А ты выходзь за мяне замуж і будзеш вучыцца". Я падумала, жартуе. Не, хутка атрымліваю ад яго ліст, а там тыя ж словы: "Выходзь за мяне".

Нашы дзеці нарадзіліся ў Казахстане. Людміла стала эканамістам, а Юрась - кавалём. У Беларусь наша сям'я вярнулася ў 1982 годзе.

Высновы праз гады. Нам не было страшна прыносіць тую прысягу. Мы лічылі, што абавязаны гэта рабіць. Я не змяніла б сваё жыццё. Яно такое, якое даў мне Бог. Інакш мне трэба было б здрадзіць сваім сябрам. Абвінавачваю сябе толькі ў адным: татка загінуў з-за мяне…"

Антон Віктаравіч Фурс: "Уся надзея Беларусі – на Бога і моладзь"

Дзяцінства. "Я нарадзіўся ў вёсцы Язна Дзісненскага павета Віленскага ваяводства на Крэсах усходніх (зараз Міёрскі раёнTUT.BY). Улада тут увесь час мянялася. Але мы жылі ў такім закутку, што не бачылі, як уцякалі палякі, бальшавікі, немцы… Ціхае такое мястэчка было, добрае. Аднак жа да кожнай улады людзям трэба было прыладкавацца.

Антон Фурс спалучае ў сабе шляхетнасць, адукаванасць, выдатнае пачуццё гумару з якасцямі лідара - цвёрдасцю, рашучасцю і воляй, якія не здолелі згасіць ні гады, ні выпрабаванні

У майго дзеда ў пашпарце было запісана: веравызнанне – праваслаўны, нарадовасць - тутэйшы. Я скончыў 5 класаў польскай школы імя Пілсудскага і па-руску нават пісаць не ўмеў. А ў сям'і ўсе размаўлялі па-беларуску. Наконт веры: у нашым рэгіёне цэрквы пасля паўстання Каліноўскага будавалі праз 10 кіламетраў. Таму ў асноўным усе былі праваслаўныя.

Маленькі хлопчык у першым шэрагу ўнізе – Антон Фурс. Здымак падпісаны так: "На память крестнику жены Антошке Викторовичу Фурсу. Протоиерей Филипп Луцин". "У маёй хроснай муж быў святаром. На гэтым здымку – госці, якія прысутнічалі на свяце ў іхняй сям'і. Тут ёсць і мой бацька – ён крайні злева ў трэцім шэрагу", - тлымачыць А.Фурс. Фота: уласны архіў сям'і Фурсаў

І вось у такіх умовах я ўсё ж неяк усвядоміў, што беларус. Усё выхавала школа. Мне пашанцавала на настаўнікаў. Дырэктарам нашай язненскай школы быў Ігнат Мятла – вядомы дзеяч нацыянальнага руху.

Калі прышлі першыя Саветы, мы вучыліся амаль па-беларуску. Гэта было яшчэ пры Мятле. Настаўнікі былі мясцовыя. А потым, у старэйшых класах, сталі прыязджаць педагогі з Усходу Беларусі. І пачалася русіфікацыя.

Юнацтва. Яно супала з вайной. Немцы выдалі ўказ - каб у школах вучылі толькі па-беларуску. Нямецкая мова была як прадмет. Рускай не было зусім. І польскай таксама. Руская мова не ўжывалася наогул – ні ва ўстановах, нідзе. Тут і пачала развівацца наша нацыянальная свядомасць. У нас з'явіліся кніжкі, якіх не было пры Саветах: Гарэцкі, Арсеннева, "У кіпцюрах ГПУ" Аляхновіча і іншыя. На будынках у Глыбокім амаль увесь час акупацыі вісеў бел-чырвона-белы сцяг.

У 1943 годзе я скончыў сямігодку. Пасля вучыўся ў глыбоцкай прагімназіі – гэта быў 8 клас. Навучанне там таксама было па-беларуску.

Пасля вайны паступіў у педвучылішча ў Глыбокім. З нас рыхтавалі вясковых настаўнікаў пачатковых класаў. Аднак тут па-беларуску ўжо выкладалі толькі нашу мову, літаратуру ды педагагічную методыку.

Гарт. Узнік пратэст: чаму немцы, ворагі, дазвалялі нам вучыцца на роднай мове, а вы, свае, не дазваляеце? Бачым, нам насустрач ніхто не ідзе. Тады мы і стварылі "Саюз беларускіх патрыётаў". Наша арганізацыя ў асноўным была ў абарону мовы. Мы, будучыя вясковыя настаўнікі, найперш выхоўвалі самі сябе, каб кожны размаўляў па-беларуску, а пасля нёс асвету ў народ. Нездарма за ўзор мы ўзялі статут філарэтаў і філаматаў. Эканамічныя ці іншыя больш сур'ёзныя задачы мы ставіць не маглі. Мы ж былі яшчэ дзеці. А перад намі такая махіна – СССР!

Фота на развітанне з сябрамі, 1956 год.
Стаіць Марыя Бялевіч (Бабіч). Сядзяць сябры Глыбоцкай суполкі СБП, злева направа: Антон Фурс, Лявон Бялевіч, Янка Бабіч, Пятро Спірковіч.
Фота: уласны архіў сям'і Фурсаў

Прысяга. Тэкст прысягі прыдумалі ўтрох – Васіль Мядзелец, Алесь Юршэвіч і я. Прыносілі яе не ўсе сябры адразу, а групамі. На Дзень Волі ў 1946 годзе сабраліся на кватэры ў Лідзіі Несцяровіч. Павесілі бел-чырвона-белы сцяг. І кожны зачытваў словы прысягі. Я і сёння яе памятаю.

Антон Фурс чытае тэкст прысягі, якую прыносілі сябры СБП: 

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.

Скачать аудио (970.95 КБ)

Арышт. У арганізацыі быў правакатар – капітан НКУС Стахоўскі, нашмат старэйшы за нас, яму было гадоў 30-35. Кажуць, ён супрацоўнічаў з немцамі, а потым замольваў грахі - "здаваў" нас.

Арыштавалі мяне ў лютым 1947 года, у дзень выбараў у Вярхоўны Савет БССР. Памятаю, кандыдатам у нас быў Пятрусь Броўка. Ён прыязджаў да нас з выступам. Дырэктар вучылішча папярэдзіў, каб ніхто са студэнтаў дадому не ехаў, каб усе прагаласавалі.

Ну, мы ж былі маладыя, чаго сядзець проста так? Зладзілі вечарыну. Грае гармонік, хлопцы і дзяўчаты танчаць. І тут ноччу ўвальваюцца да нас "госці". Хату акружылі. Мяне і Мядзельца забіраюць.

Я змярцвеў: у мяне поўная кішэня папер - і прысяга, і статут, і сяброўскія ўнёскі. Праходзім праз кухню, і я незаўважна кінуў іх у кацялок. Потым гэтыя паперы спаліў адзін хлопец. І яму за гэта далі 10 год. Во так я, не жадаючы, чалавека падставіў.

Прывезлі нас у плябанію касцёла (ён ужо не дзейнічаў). Там ужо знаходзіліся і пастаўскія сябры. Дзверы адчынены. Бачым, канваіры на вуліцы расклалі касцёр і грэюцца. А мы ляжым на цэментнай падлозе. Сталі па адным выклікаць на допыты. Лупілі нас, у вочы алоўкам торкалі, цягалі за валасы...

Потым павезлі ў Менск. Я знаходзіўся ў турме на Валадарцы. Са мной яшчэ былі Валодзя Лысёнак і Міша Дзеравянка. А некаторыя сябры сядзелі ў "амерыканцы".

Суд. Следчыя ў нас былі не абы-якія, а капітаны, маёры. Такіх жа вялікіх злачынцаў злавілі! Да Мядзельца прыходзіў нават Цанава (міністр Дзяржбяспекі БССР у 1943-1951 гадах, блізкі сябра БерыяTUT.BY). Васіля катавалі. Нас усё дапытвалі: "З кім вы звязаны?". І ніяк не маглі даўмецца, што ні з кім.



Судовы працэс быў закрыты, ішоў чатыры дні. І пад музыку! На другім паверсе Дома культуры ідзе рэпетыцыя самадзейнасці, а ўнізе нас судзяць.

Аднойчы, у перапынку паміж пасяджэннямі, мяне забіраюць і некуды вядуць. Мінск жа ўвесь разбамбілі. І мяне заводзяць у падвал разбітага дома. Гэта было жудасна. Думаю: "Усё". Бачу: ля сцяны стаіць нейкі дзядзька. Падыходжу, а гэта ж мой бацька! Мы кінуліся адзін да аднаго, абняліся. Каб сустрэцца са мной, ён прывёз самагонкі і добры кавалак сала. Верныя дзяржынцы і не ўцярпелі! Прысудзілі мне 15 гадоў.

Лагер. У нашым лагеры было паўстанне. Праўда, невялікае: трымалі абарону толькі 5 дзён. Самыя баявыя былі ўкраінцы. У выніку выгналі начальства і дабіліся, каб з нас знялі нумары, каб можна было пісаць больш лістоў і каб лепей кармілі.

Свабода - вялікае права. Зараз во нас кормяць добра. А што з гэтага? Парсюка таксама кормяць. Трэба, каб і ў душы штосьці было.



Праца ў лагеры была вельмі цяжкая. Асабліва зімой. Раніцай атрымаеш кавалак хлеба. І каб расцягнуць яго на дзень, я стаў пераключаць думкі. Пачалі нараджацца вершы. Запісваць іх не было чым, ды і нельга. Запамінаў.

Каханне. Паглядзеў на Алесю – адразу спадабалася! На трэцюю сустрэчу павёз яе да сябе. Нам ужо па 30 гадоў было, людзі сталыя. А тут - вярбоўка ў Казахстан. Мы й паехалі – бо на радзіме ўладкавацца на працу не маглі.

У Шахцінску мы пражылі 25 год. Я працаваў электразваршчыкам. Алеся - мастаком у кінатэатры. Дадому наважыліся вярнуцца толькі ў 1982 годзе. Я і ў Паставах уладкаваўся зваршчыкам. А жонка ўжо не працавала, малявала для сябе ды займалася гаспадаркай.

Прабачэнне ад КДБ. Цяпер нас улада не кранае. У 1992 годзе мы атрымалі ліст за подпісам намесніка старшыні КДБ Беларусі Г. Лавіцкага. Там было напісана: "Мы прыносім Вам глыбокае прабачэнне за дапушчаны ў мінулым боль і несправядлівасць у адносінах да Вас". Лавіцкі паабяцаў "не валакіціць" з вырашэннем пытання аб нашай рэабілітацыі. У тым жа годзе нас з жонкай апраўдалі.

Высновы праз гады. Мы - ідэйныя людзі. І каб можна было пачаць жыццё спачатку, ад сваіх ідэалаў не адмовіліся б.

Амаль нікога з сяброў СБП ужо няма. Жывыя толькі чацвёра: мы з Алесей, Мікола Конан з мястэчка Лужкі і Мікола Церашковіч з Маладзечна. Ёсць яшчэ двое – Лявон і Марыя Бялевічы. Але яны паехалі ў Санкт-Пецярбург, да дачкі, і ўжо цэлы год ад іх няма звестак. Калі яны ці іх сваякі пачытаюць гэты артыкул, то вельмі просім адгукнуцца.



Я шкадую толькі аб тым, што нашыя лепшыя гады прайшлі далёка ад Радзімы. Гэта цэлых 35 гадоў маладосці…

Мы вельмі спазніліся на сваім шляху да беларускай Беларусі. Калі на рэферэндуме 1995 года рускай мове надалі статус дзяржаўнай, трэба было свой Майдан рабіць і не сціхаць, пакуль гэта не адменяць.

Трэба, каб школы былі беларускімі. Без школы нічога не будзе. Атрымліваецца, што зараз настаўнікі - самыя ворагі беларушчыны. А яшчэ - святары. Бо ў нядзельных школах ва ўсіх цэрквах дзяцей вучаць па-руску і ўкладаюць ім у галаву "Святую Русь". Беларусь для такіх святароў, можа, і не існуе…

Гэту "Пагоню" малявала таксама Алеся Лявонаўна. Драўлянага арла Фурсам падарылі на памяць іхнія сябры з Казахстана

Таму наша моладзь ўся і скалечаная. Аднак надзея толькі на яе. Беларусь змогуць адрадзіць толькі Бог і моладзь, новы малады гарт".

Гімн "Жыве Беларусь!". Словы: Леанід Пранчак, музыка: Васіль Раінчык

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.

Открыть/cкачать видео (3.75 МБ)
{banner_819}{banner_825}
-15%
-26%
-15%
-10%
-80%
-30%
-20%
-10%