21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы. Наш рознакаляровы і рознагалосы свет налічвае больш за 6 тысяч моваў. Палове з іх пагражае знікненне. Каб захаваць гэтыя знікаючыя мовы, фонд UNESCO абвясціў свята, у якое гэтым мовам прынята надаваць асаблівую ўвагу.

Беларуская мова быццам бы і мае статус дзяржаўнай. Яна вывучаецца ў школе і выкарыстоўваецца ў розных сферах грамадскага жыцця. Аднак па-ранейшаму вострым застаецца пытанне аб тым, як пашырыць выкарыстанне беларускай мовы як сродку зносінаў у грамадстве.

Паводле апошняга перапісу насельніцтва 2009 года, у паўсядзёным жыцці толькі чвэрць жыхароў Беларусі карыстаецца беларускай мовай. З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў новыя дадзеныя аб колькасці беларусаў, якія навучаюцца на роднай мове.

Адукацыя: 15% школьнікаў вучацца па-беларуску

Ва ўсіх сферах адукацыі беларускую мову працягваюць паступова замяняць расейскай. Хоць у дашкольных установах абсалютная колькасць другі год застаецца амаль нязменнай (45 тысяч), у адносных лічбах паменшылася. Дзетак, якія ходзяць у цалкам рускамоўныя садкі, за год стала болей на 0,5%.

Русіфікацыя найбольш прагрэсуе ў школах. Каля 142 тысяч школьнікаў цяпер вывучаюць прадметы па-беларуску. Гэта на 9 тысяч меней у параўнанні з мінулым годам.

Таму самыя вялікія страты — у сістэме адукацыі, лічыць старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

Фота: www.svaboda.org

"Колькасьць беларускамоўных вучняў скарацілася з 19% да 15%. І вось тут трэба проста заклікаць нашых слухачоў менш лямантаваць, а больш сваіх дзяцей аддаваць у беларускамоўныя школы і садкі. І асабліва мяне здзіўляюць так званыя дэмакраты рускамоўныя. Часам яны большыя ворагі нашай мовы і культуры, чым улады".

За год колькасць студэнтаў, якія навучаюцца па-беларуску, стала меней амаль на 100 чалавек. Толькі 600 чалавек цяпер выкарыстоўваюць беларускую як асноўную мову навучання. У каледжах і тэхнікумах цяпер вучыцца па-беларуску каля 1 тысячы чалавек, што на 400 меней, чым летась. У ВНУ колькасць студэнтаў, якіх вучаць па-беларуску, другі год запар складае толькі 0,2%.

Змагар-адзіночка Гэнік Лойка

Скульптар Гэнік Лойка некалькі гадоў запар у Дзень роднай мовы ладзіць адзіночныя пікеты. Летась з плакатамі ў абарону роднай мовы ён стаў каля ганку беларускамоўнай гімназіі № 4, што ў сталічным мікрараёне Кунцаўшчына. Пасля пікету Гэніка затрымалі, арыштавалі на 5 сутак. Сёлета ён зноў падаў заяўку ў Мінгарвыканкам на адзіночны пікет, але ідэалагічны аддзел яму адмовіў.

Пікету сёлета ня будзе, але ў гімназію Гэнік Лойка пойдзе:

Фота: www.svaboda.org

"Ужо пяты год Дзень роднай мовы загналі ў Тыдзень, а пасля і Дэкаду славянскага пісьменства. То бок беларускую мову загналі пад расейскую. Для роднай мовы пакінулі толькі адзін дзень. Так што я ўжо напісаў пратэст дырэктару. А для школы было б вялікім гонарам зрабіць не адзін дзень, а цэлы тыдзень беларускай мовы. А тут зрабілі ўсё наадварот".

"Мова ці кава" і "Мова нанова"

Зараз у Мінску працуюць дзве пляцоўкі для навучання беларускай мовы. У галерэі "Цэх" стартаваў трэці сезон курсаў "Мова ці Кава", якія каардынуе журналістка Кацярына Кібальчыч. А ў Галерэі сучаснага мастацтва "Ў" — модныя курсы беларускай мовы "Мова нанова". Вядуць курсы філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка. На абедзвюх пляцоўках — аншлаг.

На "Мову нанова" прыходзяць 230-250 чалавек, распавёў Глеб Лабадзенка:

Фота: www.svaboda.org

"Я лічу, што гэта вельмі высокая лічба. Тым больш, што гэта ўсё новыя людзі, з якімі я пазнаёміўся на гэтых курсах. Гэтыя людзі збольшага не ангажаваныя раней у нацыянальную справу, якія адкрываюць для сябе гэты свет. Я не бачу ніякіх падставаў для суму.

Раней я ўявіць не мог, што такія розныя людзі, розных прафесій, не гуманітарных, могуць вось так дружна сотнямі хадзіць і вучыць беларускую мову. І ня толькі беларускую мову, а ўвогуле — Беларушчыну. Калі гэтая справа будзе пашырацца, ісці ў іншыя гарады (а мы цяпер вельмі актыўна прапагандуем браць на сябе арганізацыю курсаў у рэгіёнах і дамо ўсе матэрыялы), думаю, такімі крокамі да наступнага Дня роднай мовы будзе яшчэ чым пахваліцца".


На думку старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, у апошнія пару гадоў у грамадстве істотна памянялася стаўленне да мовы.

"Яна стала моднай менавіта ў сярэдняга класа. Вось гэтыя курсы "Мова ці кава" і "Мова нанова", "Гістарычная школа ТБМ" — сотні людзей захацелі стаць беларусамі. Пры тым гэта будучая эліта: кампутаршчыкі, бізнэсмэны, банкі нашы пачалі выдаваць беларускамоўныя календары і рабіць рэкламу. То бок пайшла мова ў бізнэс. Дзякуй Богу, што да мовы зараз вяртаецца эліта гарадская, прытым масава, і ўзрост яе ад 30 да 40. То бок мова становіцца брэндам паспяховасці, культурнасці".

Выдавецтва "логвінаЎ": "Птушка-фенікс", якая адрадзілася з попелу"

Увосень Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пазбавіла ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць прыватнае выдавецтва "логвінаЎ". Беларускія ўлады палічылі экстрэмісцкім фотальбом "Прэс-фота Беларусі 2011". Прычым, ня толькі палітычныя фота (напрыклад, разгон апазіцыйных пратэстаў), але і сацыяльныя — такія, як выявы людзей на кірмашах.

"логвінаЎ" спецыялізаваўся на выданні менавіта беларускай літаратуры. І вось днямі стала вядома, што выдавец зарэгістраваў у Вільні "Літаратурны дом Логвінаў" і будзе працягваць выдаваць менавіта беларускія кнігі:

Ігар Логвінаў:



"Канечне! А дзеля чаго мы ў Вільні адкрываліся? Ужо ў сакавіку выйдзе некалькі кніжак. Спачатку вельмі добрая дзіцячая кніжка, потым ужо гатова выдатная кніга Вацлава Гаўла "Жыццё ў праўдзе". Працягваем серыю "Я кніжку маю" — рыхтуецца том Алеся Разанава, Альгерда Бахарэвіча, падрыхтаваны том Артура Клінава. Выйдзе кніга старадаўняй беларускай кухні, некалькі слоўнікаў".

"Час упэўненых": "Заўтра пачынаецца сёння"

Беларуская мова прыходзіць ў бізнэс і рэкламу, і гэта становіцца модным трэндам. Услед за "Адыдасам", "Самсунгам", "Рэно" рэкламаваць сябе па-беларуску стаў і аператар мабільнай сувязі Velcom.

Начальнік аддзелу кіравання брэндам кампаніі Velcom Зміцер Курловіч распавёў:

Фота: www.svaboda.org

"Сама па сабе ідэя ўзнікла неяк раптоўна. Мы проста паглядзелі, як у нас атрымліваюцца нашы рэкламныя ролікі, і падумалі: а чаму не зрабіць іх па-беларуску? Цяпер яны стаяць калі не асобна, то, прынамсі, выглядаюць вельмі адметна. Мы нават праводзілі адмысловае апытанне: ці разумеюць людзі беларускамоўную рэкламу? Наладзілі некалькі фокус-групаў, а таксама задавалі гэтае пытанне, калі рабілі вялікае даследаванне. Аказалася, што ніякіх праблемаў — усё добра, усе разумеюць. Гэта іміджавая кампанія. То бок і "Маскі", "Час упэўненых" і "Заўтра пачынаецца сёння", і цяперашняя беларускамоўная смарт-рэклама ствараюць пэўны імідж. Таму мы палічылі, што будзе добрай ідэяй зрабіць на беларускай мове ўсю кампанію".

У беларускіх гарадах з'явіліся прыгожыя білборды "Смак роднай мовы", "Прыгажосць роднай мовы", "Ма-ма=мо-ва". І робяць іх энтузіясты, сцвярджае Алег Трусаў:

"З'явіліся бізнэсоўцы, якія за свае грошы робяць беларускамоўную рэкламу. Вось гэтыя білборды людзі робяць за свае грошы, аказваецца. Гэта не ўлада робіць, яны самі ўсё гэта аплочваюць. Яны і да мяне ў ТБМ прыходзілі. Зараз новую серыю хочуць запусціць".

Праваслаўная царква бярэ прыклад з каталіцкага касцёлу

Пры канцы 2013 года ў Беларусь прыехаў з Расеі новы Патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел. Уладыка Павел дасканала валодае ангельскай і нямецкай мовай. І адразу паабяцаў пачаць вучыць беларускую:

Фото: www.svaboda.org

"Я не адмаўляюся. Не хвалюйцеся, я пастараюся абавязкова вывучыць. Знойдзем мы і адмыслоўцаў, якія будуць нам у гэтым дапамагаць. Вельмі важна, і я гэта цудоўна разумею, калі святар, пастар, япіскап размаўляе з людзьмі на іх роднай мове. Калі людзі будуць падыходзіць, гаварыць на беларускай мове, то, канечне, я буду старацца адказваць па-беларуску. Таму не хвалюйцеся, буду займацца, абавязкова знайду час".

Спорт: "Цмокі", Гуркоў, Герасіменя, Талай...

Пару гадоў таму баскетбольны клуб "Мінск — 2006" памяняў назоў на "Цмокі -Мінск". Раней такой назвы баяліся, як агню. А зараз "Цмокі" часам "ірвуць" супернікаў на часткі...

Легкаатлетка Аліна Талай, "залатая рыбка" Аляксандра Герасіменя, дзесяціразовы чэмпіён свету ў тайбоксе (муай тай) Віталь Гуркоў ды іншыя ганарацца роднай мовай:

"Дзякуй Богу, у мяне ёсць беларускамоўныя сябры, якія размаўляюць на роднай мове ўвесь час. Бо калі чалавек — сябра ён мой ці ня сябра — звяртаецца на беларускай мове, дык неяк сорамна, калі ты ня можаш яму адказаць на сваёй жа мове, так?

У гэтай справе, ведаеце, ці ня самы важны момант — перамагчы самога сябе, пачаць размаўляць, не баяцца рабіць памылкі. Калі спартоўца думае такімі крытэрамі, каб падтрымаць нашу мову родную, дык гэта ўжо вельмі варта ўвагі. То бок калі чалавек нават на ёй не размаўляе, але можа прыцягнуць увагу да яе, можа неяк паспрыяць таму, што нашы нашчадкі будуць размаўляць ці будуць прынамсі цікавіцца, — карацей, робіць свой унёсак, каб яна не забылася, не загінула, — гэта файна"
— кажа Віталь Гуркоў.

"Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!"

З прыкладна 7000 моваў, якія зарэгістраваныя ў свеце на сённяшні дзень, палова можа знікнуць да канца стагоддзя, лічаць лінгвісты. Беларуская мова, паводле экспертаў UNESCO, таксама знаходзіцца ў небяспецы. Атлас "Мовы свету ў небяспецы", складзены UNESCO, аднёс беларускую да катэгорыі "слабых". Гэткі ж статус маюць такія мовы, як латгальская ў Латвіі, ніжнесаксонская ў Нямеччыне, башкірская ў Расеі.

Прафесар-славіст з Лондану Джым Дынглі перакананы:

Фота: www.svaboda.org

"Лінгвісты гаварылі вельмі часта, што вось-вось беларуская мова знікне. Але яна ня знікла. Так што, я думаю, зараз ёсць шанец. Я маю на ўвазе такія крэатыўныя ідэі, як "Мова нанова". Людзі ходзяць на гэтыя ўрокі, таму што адчуваюць патрэбнасць у гэтай мове, і яны будуць гаварыць на ёй. Самае галоўнае — заахвочваць, каб мова стала карыснай для людзей, ня толькі як, так бы мовіць, рамантыка, а карысная ў штодзённым жыцці. Я думаю, што будучыня за беларускай мовай ёсць".

21 лютага ў Таварыстве беларускай мовы а 18-й гадзіне адбудзецца Сёмая агульнанацыянальная беларуская дыктоўка па творах Васіля Быкава да 90-х угодкаў народзінаў клясіка беларускай літаратуры. 
-40%
-20%
-17%
-50%
-50%
-20%
-30%
-11%
-40%
-10%
-28%
0071694