У развалінах
Усё пачалося ад са слізгвання дахоўкі ноччу. Цягам некалькіх дзён дом Дзмітрыя Абжана, пад уплывам павольнага перасоўвання зямлі пад ім, стаў развальвацца.
![]() | ![]() |
Прычынай стаў апоўзень, выкліканы грузавікамі, якія незаконна вывозілі адходы і выкідалі іх на схіл па-над вуліцай у рамках падрыхтоўкі да алімпіяды ў Сочы.
Суд пастанавіў, што Абжан мае права на кампенсацыю, але пастанова не была выкананая, таму ён і ягоныя шматлікія сямейнікі спрабуюць жыць у паўразбураным, перакошаным і галавакружным доме. 27-гадовы Абжан лаканічна жартуе, што гэта ўсё роўна, як жыць "у космасе", і дадае, што ягоныя звароты да ўладаў застаюцца без адказу.
"Не было ніякай рэакцыя наогул. Мы ня ведаем, што рабіць, да каго мы павінны звяртацца і што яшчэ мы маглі б зрабіць. Дзеці растуць. У нас павінна быць нейкая будучыня наперадзе, але рэч у тым, што мы – мясцовыя жыхары, якія нарадзіліся тут і выраслі тут – фактычна былі без прытулку", – кажа Абжан.

Сардэчна запрашаем у тую частку алімпійскага гораду Сочы, якой не пашанцавала. Падрыхтоўка да гульняў каштавала 51 мільярд даляраў. Але акрамя сучасных стадыёнаў і пад'ёмнікаў для лыжнікаў, абнаўленне Сочы ў апошнія гады перавярнула жыцці сотняў жыхароў, такіх як Абжан, дагары нагамі – часам амаль літаральна.
Прорву паміж тымі, хто выйграў і прайграў у сувязі з сочынскай алімпіядай, асабліва выразна відаць на аўтамабільна-чыгуначным шляху, які злучае марское ўзбярэжжа з узорным гарналыжным курортам у Краснай Паляне, дзе павінны адбыцца многія алімпійскія спаборніцтвы. Пабудова 50-кіламетровага адрэзка шашы і чыгункі каштавала больш за 8 мільярдаў даляраў. Гэта выклікала з'едлівы каментар расейскамоўнага выдання часопісу Esquire, якое адзначыла, што за гэты кошт можна было выбрукаваць усю дарогу парэзанымі на шматкі сумачкамі фірмы "Louis Vuitton", ікрой і паштэтам з гусіных пячонак.
У двух кіламетрах ад дарогі знаходзіцца пасёлак Ахштыр, які з самага пачатку падрыхтоўкі да алімпіяды спавівае хмара густога белага пылу. У пасёлку высахлі ўсе студні. Няма газу. Жыхары ня могуць прадаць хурму са сваіх палеткаў, таму што плады пакрытыя цэментавым пылам. Акрамя таго, дарога ў Красную Паляну адрэзала доступ Ахштыру да грамадскага транспарту ў паўднёвы раён Сочы пад назвай Адлер. Улады так і не пабудавалі пад'язной дарогі да новай шашы, хоць, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, абяцалі гэта зрабіць.

Гэта з'яўляецца сур'ёзнай праблемай для такіх людзей, як Віктар Каленін, 65-гадовы пенсіянер, які стаў інвалідам у сувязі з сваёй працай пасля Чарнобыльскай катастрофы ў 1986 годзе. Яго турбуе, як яму даехаць у шпіталь і які ўплыў на ягоныя лёгкія маюць воблакі будаўнічага пылу.
Мясцовая жыхарка, 53-гадовая Алена Руновіч кажа, што ёй давялося кінуць працу, каб мець час прыводзіць сваю малую дачку са школы дадому па дарозе, якая перасякае шматлікія будаўнічыя пляцоўкі і дзве магістралі.
Каленін, Руновіч і іншыя жыхары пасёлка нядаўна сабраліся каля старой прыдарожнай студні ў Ахштыры, каб пагаварыць з нашым карэспандэнтам пра ўплыў падрыхтоўкі да алімпіяды на іх мясцовасць і супольнасць.
"Даводзіцца пытацца: чаму некаторыя людзі атрымліваюць усё, а для астатніх жыхароў няма нічога?" – кажа Руновіч.
"Гэта быў самы чысты пасёлак у Адлерскім раёне Вялікага Сочы. Яны ператварылі яго ў сметнік. Адміністрацыя выдатна пра гэта ведае, але – не заглянула сюды ні разу", – кажа Каленін.
На Бакінскай вуліцы, дзе жыве Абжан, многія таксама абвінавачваюць мясцовыя ўлады. Ягоная суседка, 85-гадовая Паліна Калайжан, жыве ў доме, які чамусьці нахіляецца і павольна спаўзае па схіле. Яна жыве там з дзевяццю сямейнікамі і сваякамі, уключаючы яе 89-гадовага мужа. Ім таксама належыць кампэнсацыя, але, як здаецца, яны ня здолеюць яе атрымаць.

"Мы пісалі Пуціну, пісалі Мядзведзеву, пісалі ў Краснадарскую адміністрацыю, мы пісалі ўсюды", – кажа Kaлайжан. "Яны адказваюць: гэтым павінны заняцца мясцовыя ўлады. Але мясцовыя ўлады не звяртаюць ніякай увагі. Яны кажуць: мы ня можам вам дапамагчы".
Масавае будаўніцтва выклікала па ўсім горадзе рэгулярныя адключэнні электрычнасці, якія часта трывалі даўжэй, чым меркавалася. Блогерка Вольга Агалакава напісала, што месяц у Сочы зрабіўся важным для мясцовых жыхароў.
"Гэта ня проста месяц! Гэта наша асноўная крыніца святла ў Ізмаілаўску і Сямёнаўску! Ужо мінулі два месяцы, як кожны дзень нам адключаюць электрычнасць на дванаццаць гадзін і болей. Часам адключаюць на два дні!"
Некаторыя з нецярпеннем чакаюць вяртання рэгулярных паставак электраэнэргіі і паветра бяз пылу пасля алімпіяды. Але такія, як Абжан, якім былі нанесены матэрыяльныя шкоды, баяцца, што пра іх забудуць.
"Праўда ў тым, што мы сюды не прыехалі на некалькі дзён – мы тут нарадзіліся, выраслі тут. І ня толькі мы. Нашы дзяды і прадзеды нарадзіліся і выраслі тут. І мы аказаліся бяздомнымі і нічога ня можам з гэтым зрабіць", – кажа Абжан.
"І гэта ня наша віна. То бок, мы рады, што алімпійскія гульні адбываюцца тут, і што тут яны пабудавалі дарогі і ўсё такое. Але хай не абражаюць мясцовых жыхароў. Калі вы нешта забіраеце, дык дайце штосьці ўзамен. І не руйнуйце ўсяго, пакідаючы мясцовых жыхароў бяз даху над галавой, праводзячы алімпіяду, а потым кідаючы нас, забыўшыся пра ўсё".
Відэа: Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода
Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. 

Открыть/cкачать видео (7.75 МБ)
Сметнік пад алімпійскім агнём
Крэмль паабяцаў, што зімовыя Алімпійскія гульні ў Сочы будуць самымі прыязнымі для прыроды гульнямі ў гісторыі. Але мясцовыя жыхары кажуць, што якраз гульні знішчылі найбольшую каштоўнасць гэтага рэгіёну: яго унікальнае прыроднае асяроддзе.Рыта Краўчанка калісьці любіла плаваць у Чорным моры – але ўжо не рабіла гэтага даволі доўгі час. Пасля таго, як выкупалася тры гады таму, у яе з'явіліся чырвоныя плямы.

Краўчанка жыве ў мікрараёне Уч-Дарэ, за 18 кіламетраў на поўнач ад Сочы. Яна перакананая, што рэакцыя яе скуры была выклікана забруджаннем, якое сцякае ў мора з недалёкага сметніка. Актывісты кажуць, што сметнік павінен быў быць зачынены шэсць гадоў таму.
Але ўсё адбылося наадварот – гара смецця галавакружна вырасла пасля таго, як у Сочы пачаўся будаўнічы бум, звязаны з алімпіядай.

Адкіды самазагараюцца і смыляць у кучы. Жыхары пасёлка турбуюцца аб доўгатэрміновых наступствах для здароўя. Сем'і пакідаюць свае дамы. Успененая вада ў рэчцы Бытха, якая ўпадае ў Чорнае мора, мае колер кока-колы.

Гэтая рэальнасць рэзка кантрастуе з ружовымі абяцаннямі Крамля, што ў 2014 годзе зімовыя Алімпійскія гульні ў Сочы будуць самымі экалагічна чыстымі ў гісторыі. Гэта абяцанне, як мантру, паслухмяна паўтаралі чыноўнікі і кантраляваныя дзяржавай СМІ.
Юлія Набярэжная, актывістка Экалагічнай вахты па Паўночным Каўказе, якая вяла маніторынг экалагічнай дэградацыі ў Сочы і вакол гораду на працягу многіх гадоў, кажа, што абяцанні ўраду аказаліся пустымі.
"Гэта проста піяр. Гэта было сказана з разлікам на міжнародную супольнасць, якой паказваюць прыгожы фасад. Але гэта ўсяго толькі лозунг", – кажа Набярэжная.
Але дэманстрацыя экалагічнай шкоды, нанесенай любімым праектам прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, з'яўляецца рызыкоўным заняткам, бо мясцовыя актывісты экалагічнага руху ведаюць зашмат. Многія скардзяцца на пераслед. Адзін з іх пакінуў краіну. А яшчэ аднаго пасадзілі ў турму.
Тым ня менш яны працягваюць змагацца. Для гэтых актывістаў імкненне Крамля выкарыстаць алімпіяду для таго, каб адрадзіць гэты курортны горад і ператварыць яго ў цэнтар лыжнага спорту і адпачынку, адбываецца за кошт найкаштоўнейшага актыву рэгіёну: яго ўнікальнага навакольнага асяроддзя.
Сочы стаў курортным горадам у 1930-я гады. У савецкі час горад умацаваў сваю рэпутацыю як месца адпачынку і аздараўлення звычайных савецкіх грамадзян. У гарах тады бегалі дзікі; у моры плавалі дэльфіны.
Савецкі рэкламны ролік пра Сочы, зняты ў 1979 годзе
Міхаіл Плотнікаў з Расейскага геаграфічнага таварыства ў Сочы лічыць, што тыя часы сышлі назаўжды.
"Я думаю, мы можам забыцца пра гэты горад як курорт. Хто паедзе адпачываць у такім шумным, ажыўленым горадзе, забітым аўтамабілямі, дзе вам даводзіцца сядзець у заторы дзве гадзіны, каб дабрацца да мора? Вядома, многія санаторыі застаюцца, але мільёны людзей ездзілі калісьці ў Сочы адпачываць, не аказваючы дрэннага ўплыву на навакольнае асяроддзе. Цяпер мы ня маем мільёнаў людзей, і ў той жа час навакольнае асяроддзе была вельмі сур'ёзна пашкоджанае", – кажа Плотнікаў.
На гарналыжным курорце Красная Паляна, у даліне ў атачэнні заснежаных гор, Набярэжная з Экалагічнай вахты па Паўночным Каўказе паказвала карэспандэнту нашага радыё новую 48-кіламетровую дарогу, пад'ёмнікі для лыжнікаў на схіле гары і разлеглыя гатэльныя комплексы ў якасці доказу, што ўраду не ўдалося выканаць абяцанняў наконт захавання біяразнастайнасці і правядзення будаўніцтва з мінімальным уплывам на навакольнае асяроддзе.
Відэа: Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода
Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. 

Открыть/cкачать видео (4.34 МБ)
Мясцовыя жыхары расказваюць пра мядзведзяў, якія страцілі арыентацыю, пазбаўленыя месцаў свайго звычайнага пражывання, і блукаюць па блізкіх вёсках. Фелікс Іваненка, старшыня сочынскага аддзялення Расейскага геаграфічнага таварыства, заявіў, што асяроддзю была нанесеная "даволі значная" шкода і што яна закранула 10 тысяч гектараў Сочынскага нацыянальнага парку.
Асабліва крытыкуецца гэтак званая праграма "нуль адходаў". Падрыхтоўка да алімпіяды ў Сочы паслужыла выдатнай нагодай, каб даць шчодрыя абяцанні адносна мінімізацыі адходаў і іх утылізацыі, але ў той жа самы час мелі месца шматлікія выпадкі незаконнага скіду адходаў у некаторых месцах рэгіёну.
Да іх належыць сметнік у пасёлку Уч-Дарэ, які працягваў прымаць смецьце яшчэ і ў 2013 годзе, нягледзячы на тое, што быў афіцыйна закрыты ў чэрвені 2012 году. У вёсцы Ахштыр эколагі ў лістападзе падалі афіцыйную скаргі аб скіданні прамысловых адходаў ў водаахоўнай зоне.
Адходы з Сочы цяпер транспартуюцца на звалку ў Беларэчанску, 250 кіламетраў на поўнач ад гораду – гэта дарагое, часовае рашэнне, і эколагі баяцца, што яно будзе адмененае, як толькі алімпіяда закончыцца.

Гэтыя гісторыі, якія рэзка разыходзяцца з афіцыйнай версіяй падзей, ніколі б ня сталі вядомыя без мясцовых актывістаў.
Усе яны распавядаюць аб пераследзе, пачынаючы ад тэлефоннай сувязі, якая загадкава адключаецца пасярод размовы, і канчаючы паліцэйскімі ператрусамі ды судовымі справамі.
Мясцовы эколаг Уладзімір Кімаеў кажа, што паліцыя правяла ператрус у ягоным доме вясною. 31 кастрычніка Андрэй Рудамаха з Экалагічнай вахты па Паўночным Каўказе быў на кароткі час затрыманы, нібыта за паклёп на суддзю – ён гэта называе тактыкай прэсавання.
Праз некалькі дзён яшчэ адзін актывіст, Зміцер Шаўчэнка, быў затрыманы супрацоўнікамі Федэральнай службы бяспекі на працяг чатырох гадзін пасля прылёту з Санкт-Пецярбургу ў Краснадар, нібыта на падставе таго, што ягоны выгляд адпавядаў апісанню тэрарыста.
Пераслед прымусіў эколагаў згуртавацца.
У канцы лістапада Набярэжная і яшчэ адна актывістка з Сочы, Вольга Наскавец, ездзілі ў горад Туапсэ на суд эколага Яўгена Віцішкі, які быў абвінавачаны ў парушэнні рэжыму яго ўмоўна-датэрміновага вызвалення.
Віцішка, вядомы крытык падрыхтоўкі да алімпіяды і адзін з кіраўнікоў Экалагічнай вахты Паўночнага Каўказу, атрымаў умоўны трохгадовы турэмны тэрмін за вандалізм у 2012 годзе. Сцяну офісу Краснадарскага губернатара размалявалі падчас акцыі пратэсту, якую ён дапамог арганізаваць, але Віцішка кажа, што ён не нясе адказнасці за тыя малюнкі.
![]() |
Фота Андрэя Каралёва, Радыё Свабода |
Сурэн Газаран, іншы эколаг, якія сутыкнуўся з такімі ж абвінавачваннямі раней, збег з краіны – спачатку ў Эстонію, а потым у Грузію. Віцішка застаўся, і яго абвінавацілі ў парушэнні ўмоваў выпрабавальнага тэрміну. 21 снежня суддзя прысудзіў яго да трох гадоў пазбаўлення волі.
Гаворачы з карэспандэнтам Радыё Свабода падчас судовай справы, Віцішка захоўваў аптымізм, але не сумняваўся, што крымінальная справа ў дачыненні да яго з'яўляецца спробай прымусіць яго замаўчаць перад алімпійскімі гульнямі.
"Улады хочуць паказаць, што яны кантралююць сітуацыю, і хочуць прымусіць мяне замаўчаць", – кажа Віцішка.
Тым часам прыгнечаныя жыхары рэгіёну, такія як Краўчанка, бездапаможна разважаюць пра жыццё побач са сметнікам.
"Адзіная надзея ў тым, што яны перастануць прывозіць сюды смецце і пакінуць гэты сметнік. Але калі гэтая куча смецця перакуліцца, яна ўпадзе ў раку, а потым усё апынецца ў моры. І тады ня будзе ніякай надзеі наогул", – кажа Краўчанка.
Відэа: Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода
Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. 

Открыть/cкачать видео (6.65 МБ)
Эксплуатаваныя: сочынскія мігранты
Маштабныя будаўнічыя праекты ў Сочы зрабілі з гораду зімовых алімпійскіх гульняў нешта накшталт запаветнай зямлі для працоўных мігрантаў, але жыццё тут аказалася зусім не салодкім.Бяз грошай і ў даўгах Яўген Падрэзаў прыехаў з роднага Растову два гады таму, каб зарабіць на алімпійскай будоўлі ў Сочы. Але магчымасьць хуткага заробку аказалася вельмі сумнеўнай. 28-гадоваму Падрэзаву ні разу за гэты час ня выдалі зарплату. Чым мацней ён стараўся высветліць прычыну гэтага, тым мацнейшыя сумневы яго ахоплівалі.

Прыватную будаўнічую фірму, для якой Падрэзаў працаваў і якая нібыта была зарэгістраваная ў Томску, загадкавым чынам ліквідавалі. Чалавек, які выдаваў сябе за яе генеральнага дырэктара, аказаўся толькі пасярэднікам. Потым і ён знік.
Астатнія 108 чалавек з гэтага працоўнага калектыву аказаліся ў такой самай сітуацыі. Фірма завінавацілася ім 3,5 мільёны рублёў (106 тысяч даляраў), кажа Падрэзаў.
Іншы рабочы, Раман Кузняцоў з Арэнбургу, у адчайным жэсце пратэсту супраць нявыплаты заробку зашыў сабе рот у кастрычніку.
Калі пачаў асядаць пыл, які ўвесь час ахутваў будаўнічыя пляцоўкі ў Сочы, такіх гісторый з'явілася больш. Велізарныя сумы грошай, прызначаных на будаўніцтва алімпійскіх аб'ектаў, і жорсткія тэрміны выканання далі выдатную магчымасць фірмам-аднадзёнкам пакарыстацца хаосам і абабраць сваіх работнікаў.
Сярод дзясяткаў тысяч працоўных мігрантаў, якія з'ехаліся ў Сочы з усіх куткоў Расіі і з суседніх краін, каб зарабіць грошы на будаўніцтве алімпійскіх аб'ектаў, тысячы сталі ахвярамі злачыннасці і карупцыі.
Некаторыя, як Падрэза і Кузняцова, расейцы. Але шмат хто з іх – замежныя мігранты, якім не заплацілі і якіх дэпартавалі пасля завяршэння іх працы.
Сямён Сіманаў, дырэктар сочынскага філіялу арганізацыі "Міграцыя і закон" – групы падтрымкі для мігрантаў і бежанцаў з Цэнтральнай Азіі – кажа, што калі ўсё пабудавана, фірмы пазбаўляюцца ад работнікаў. "Па-першае, яны не плацяць ім заробак. Па-другое, іх дэпартуюць або аказваюць на іх ціск, каб яны пакінулі краіну па ўласным жаданні, нават калі іх дакументы ў парадку," – кажа Сіманаў.

Сіманаў кажа, што ягоная арганізацыя была заваленая тысячамі просьбаў аб юрыдычнай падтрымцы з моманту адкрыцця філіялу ў ліпені, у асноўным ад замежных мігрантаў.
Але Аляксандр Папкоў, адвакат, які з'яўляецца прадстаўніком работнікаў у Сочы, кажа, што цяжка выйграць справу супраць фірмаў, якія выкарыстоўваюць пасярэднікаў паводле прынцыпу "матрошка ўнутры матрошкі".
Бакшыл Базораў, 48-гадовы ўзбецкі мігрант, працаваў у Расіі на працягу некалькіх гадоў і прыехаў у Сочы вясною. Ён працаваў на працягу двух месяцаў пры пабудове гатэлю ў алімпійскай вёсцы, але сышоў пасля таго, як ягоны працадаўца – прыватная маскоўская фірма – заплаціла яму толькі палову ягонай зарплаты.
Ён спадзяваўся пачаць судовую справу з дапамогай Сіманава, каб атрымаць другую палову сваёй зарплаты. Але ён пакідае Сочы на час алімпіяды. Нягледзячы на тое, што ягоныя працоўныя дакументы ў юрыдычным парадку, ён сказаў, што баіцца пераследу ці нават дэпартацыі, пасля якой яму забаранілі б прыяжджаць у Расею цягам пяці найбліжэйшых гадоў. Ён тлумачыць сваё рашэнне проста: мігрантам цяпер тут ня месца.
У верасні адміністрацыя Краснадарскага краю пачала кампанію супраць "нелегальных мігрантаў", якая супала з такой папулісцкай кампаніяй ва ўсёй краіне. Мясцовыя жыхары кажуць, што чыноўнікі міграцыйнага ведамства, у суправаджэнні казакоў, хадзілі ад дзвярэй да дзвярэй, правяраючы дакументы.

У апошнія месяцы 2013 году паліцыя затрымала тысячы мігрантаў, многія з іх былі дэпартаваныя – некаторыя з іх без іх заработнай платы. Астатнія схаваліся або вырашылі пакінуць краіну па ўласным жаданні.
Базораў кажа, што ён і яго суайчыннікі ня хочуць рызыкаваць. Ён гаварыў з Радыё Свабода за дзень перад вылетам дадому.
"Многіх дэпартавалі. Адзін з групы, у якой мы працавалі, быў дэпартаваны пазаўчора. Вось чаму мы баімся паказвацца на вуліцах", – кажа Базораў.