Вольга Давідоўская,

У 2014 г. спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, франтавіка, ураджэнца Віцебшчыны Васіля Быкава (1924 – 2003). Імя Быкава сёння вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Яго творы, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны, займаюць асаблівае месца ў беларускай і сусветнай літаратуры.

Сёння гэта адна з "кананічных" выяў пісьменніка. Восень 1944 г., Румынія. Фотакартка з фондаў ВАКМ

На жаль, сёння ў Віцебску не так шмат месцаў, якія захоўваюць памяць пра славутага земляка. Адно з іх – абласны краязнаўчы музей, у зборы якога знаходзіцца асобны комплекс матэрыялаў, звязаных з жыццём і творчасцю Васіля Быкава.

У 1983 г. супрацоўнікі музея пабывалі ў гасцях у пісьменніка, які ў той час жыў у Мінску. Вынікам сустрэчы стала папаўненне музейных фондаў асабістымі рэчамі Васіля Быкава, сярод якіх – швейцарскі наручны гадзіннік, шарыкавая ручка, якой карыстаўся Васіль Уладзіміравіч на пачатку 1980‑х гг., арыгінальныя фотаздымкі ваеннага і пасляваеннага перыядаў, а таксама яго творы, перакладзеныя на галандскую, чэшскую, польскую мовы.

Наручны гадзіннік Васіля Быкава, 1980-я гг. З фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея (ВАКМ)

У 1990 г. сястра В. Быкава, Валянціна Уладзіміраўна, перадала для музея некаторыя рэчы хатняга ўжытку, якімі карысталіся ў сям"і пісьменніка, а таксама шэраг дакументаў. Каштоўную іх частку складаюць арыгінальныя лісты, якія Васіль Уладзіміравіч дасылаў родным з фронту ў 1944-1945 гг. Змест лістоў традыцыйны для таго часу: агульная інфармацыя пра ход ваенных дзеянняў на фронце, клопат пра здароўе родных, блізкіх і знаёмых. Цікавасць выклікаюць малюнкі, якімі ілюстраваны некаторыя лісты.

Акрамя музея, ёсць у Віцебску яшчэ некалькі ўстаноў і будынкаў, якія маюць дачыненне да жыцця і творчасці В. Быкава. Побач з былой ратушай, на вуліцы Суворава, знаходзіцца 3-павярховы мураваны будынак з адметнай вежай і шпілем, дзе зараз размяшчаецца дзіцячая мастацкая школа. Многія ведаюць, што ў перадваенныя гады тут знаходзіліся вучэбныя класы і майстэрні Віцебскага мастацкага вучылішча. У 1939-1940 гг. у ім вучыўся Васіль Быкаў.

Былы будынак Віцебскага мастацкага вучылішча, дзе ў 1939-1940 гг. вучыўся Васіль Быкаў

Пра Віцебск і гады вучобы ў горадзе на Дзвіне пісьменнік узгадвае ў сваёй кнізе "Доўгая дарога дадому": "…Пасьля звыклага вясковага (Быкаў нарадзіўся ў в. Бычкі сённяшняга Ушацкага раёна Віцебскай вобл.) гарадское навакольле ўражвала незвычайна, усё там было новае і цікавае. Вузкія, крывыя, брукаваныя вулічкі, крамы… Віцебск уразіў мяне шматлюдзьдзем і... трамваямі. Зь некаторым страхам ехаў на трамваі ад вакзалу ў цэнтар. На плошчы віселі вялізныя каляровыя рэклямы кінатэатраў, недалёка высіўся аграмадны сабор і вежа ратушы". Будынак вучылішча захаваўся ў памяці Быкава як "добры стары дамок буржуазнага выгляду з мазаічнай падлогай у вестыбюлі".

Былы будынак Віцебскага мастацкага вучылішча. Заходні фасад

Спачатку юнак вучыўся на аддзяленні малявання і жывапісу, потым перайшоў на скульптурнае. Скульптура давалася будучаму пісьменніку лёгка, але падабалася менш, чым жывапіс. "Курсавой работай стала фігура пагранічніка ў шынялі, зь вінтоўкай і біноклем каля вачэй".

Падчас вучобы Васіля Быкава ў Віцебскім мастацкім вучылішчы выкладчыкамі ва ўстанове працавалі такія вядомыя майстры, як Л. Лейтман, І. Ахрэмчык, В. Дзежыц, Ф. Фогт.

Увосень 1940 г. з-за скасавання стыпендый Быкаў вымушаны быў пакінуць вучобу і вярнуцца ў вёску, бо без грошай вучыцца і жыць у горадзе не было магчымасці… Так скончыўся першы "віцебскі перыяд" Васіля Быкава. Памяць аб ім захоўвае мемарыяльная дошка славутаму земляку, якая была ўстаноўлена на будынку былога мастацкага вучылішча ў 2008 г.

Мемарыяльная дошка Васілю Быкаву на былым будынку Віцебскага мастацкага вучылішча. Аўтары — віцебскія скульптары Валерый Магучы і Аляксандр Гвоздзікаў

Але быў яшчэ адзін непрацяглы перыяд пражывання Быкава ў Віцебску. У канцы 1940 г. Васіль Уладзіміравіч зноў прыехаў з вёскі ў горад, каб паступіць у навучальную ўстанову. Толькі на гэты раз зусім іншага напрамку. Шаснаццацігадовы юнак стаў вучнем школы фабрычна-завадскога навучання (ФЗН) будаўнікоў. Па ўспамінах Быкава, зіма 1940-1941 гг. "была надта сьцюдзёная, зь вятрамі і маразамі. Мы ж працавалі і вучыліся скрозь на сьцюжы…". Асабліва запомнілася будаўніцтва дома на Суражскай шашы (зараз вул. Гагарына): "…Я клаў вугал, для чаго патрэбны быў спрыт і галоўнае – дакладнае вока, каб не скрывіць. Бегалі грэцца ў суседні цэх чарапічнай фабрыкі, дзе было зацішней…" Дому, які будаваў Васіль Быкаў, не наканавана было захавацца. Як і самому Быкаву не наканавана было застацца ў Віцебску.

У чэрвені 1941 г. разам з іншымі выпускнікамі школы ФЗН пісьменнік апынуўся на Украіне, у горадзе Шостка, дзе яго і застала вайна...

У дзеючай арміі Васіль Уладзіміравіч прайшоў складаны шлях ад радавога да камандзіра ўзводу армейскай артылерыі, зведаў усе выпрабаванні ваеннага ліхалецця, некалькі разоў быў паранены і застаўся жыць. Каб напісаць "Альпійскую баладу", "Трэцюю ракету", "Знак бяды", "Кар"ер" і шэраг іншых вядомых сёння твораў. Многія з іх экранізаваны, на аснове некаторых створаны тэатральныя пастаноўкі.

Афіша да спектакля паводле аповесці Васіля Быкава "Пакахай мяне, салдацік...", 1997 г. З фондаў ВАКМ

У ліку апошніх – аповесць "Пакахай мяне, салдацік", напісаная аўтарам у 1996 г. Напрыканцы 1990‑х гг. аднайменная п"еса ў пастаноўцы В. Маслюка ішла на сцэне Беларускага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа. Вядома, што Васіль Уладзіміравіч бываў у віцебскім тэатры. Напрыклад, у 1980 г. тут адбыўся творчы вечар пісьменніка (запрашэнне на імпрэзу – адзін з экспанатаў Віцебскага краязнаўчага музея).

В. Быкаў. Фрагмент рукапісу п'есы "Пакахай мяне, салдацік...". 1997 г. З фондаў ВАКМ.

Васіль Быкаў мае дачыненне яшчэ да аднаго віцебскага музея, можа, нават адыграў не апошнюю ролю ў яго з"яўленні. Гаворка ідзе пра музей Марка Шагала. У час, калі ў грамадстве ішлі спрэчкі аб мэтазгоднасці адкрыцця ў Віцебску такога музея, Васіль Быкаў разам з Рыгорам Барадуліным, Алесем Адамовічам і іншымі пісьменнікамі рашуча выказаўся на старонках СМІ супраць нападак і крытыкі ў адрас мастака.

У 1988 г. В. Быкаў, А. Вярцінскі, Д. Сімановіч адправілі ў рэдакцыю газеты "Савецкая культура" ліст "О музее Марка Шагала в Витебске", у якім абгрунтавалі неабходнасць існавання такой установы культуры. Думаецца, што гэтае меркаванне таксама паўплывала на рашэнне аб стварэнні ў Віцебску Дома-музея М. Шагала, прынятае гарадскімі ўладамі ў 1991 г. Тады ж адбыліся першыя Усесаюзныя Шагалаўскія чытанні, на якіх прысутнічаў Васіль Уладзіміравіч. А праз год пісьменнік быў у ліку тых, хто адкрываў на вуліцы Пакроўскай помнік Марку Шагалу.

Дом-музей Марка Шагала ў Віцебску

Напэўна, гэта быў адзін з апошніх візітаў В. Быкава ў Віцебск.

У 2003 г., калі Васіля Уладзіміравіча не стала, прадстаўнікі Віцебскага абласнога савета "Таварыства беларускай мовы" выступілі з прапановай перайменаваць абласную бібліятэку імя Леніна ў бібліятэку імя Быкава. Тады ж была выказана думка аб адкрыцці ў Віцебску музея Васіля Быкава. Але далей прапаноў справа не пайшла. Хочацца спадзявацца, што ў Віцебску ўсё ж з"явіцца не толькі бібліятэка імя В. Быкава, але і вуліца яго імя.
-20%
-15%
-10%
-25%
-15%
-25%
-50%
-6%
-20%
-10%
-20%
-20%