
Кіраўнік культурна-асветніцкага аб"яднання ўкраінцаў Магілёва "Дніпро" Генадзь Гузій нарадзіўся ў тым жа горадзе, што і Віктар Януковіч — у Стаханаве Данецкай вобласці. Ён зазначае, што прэзідэнт Украіны падмануў украінцаў, не падпісаўшы асацыяцыі з Эўразвязам.
![]() |
Генадзь Гузій |
"Віктару Фёдаравічу народ украінскі паверыў у 2010 годзе. Ён ішоў з якімі лозунгамі? "Мы ідзём дэмакратычным шляхам развіцця ў Еўрапейскі звяз". І калі надышоў час — ён адмовіўся. Людзі, вядома ж, былі абураныя. Больш за два месяцы чакалі, што Віктар Фёдаравіч пачуе іх. Віктару Фёдаравічу цяпер трэба тэрмінова ў Брусэль. Пакуль яшчэ "ляжыць" дамова з ЕЗ на стале. І падпісаць яе. І хлопцы на барыкадах усё прывядуць у парадак і брукаванку адновяць. Усё на гэтым скончыцца. Але ён гэтага ня робіць. І гэта дужа кепска", — лічыць Генадзь Гузій.
Падзеі ў Кіеве суразмоўца называе трагічнымі. Пасля гібелі людзей на Майдане, кажа ён, вяртанне назад наўрад ці магчымае.
"Ужо рукі ў крыві, а гэта зусім іншая гаворка. І калі ўвесь народ украінскі падымецца, то будзе шмат крыві. 52 працэнты ўкраінцаў выказваюцца за эўрапейскае разьвіццё Ўкраіны. Ад 1991 году, ад дня абвяшчэння незалежнасці Ўкраіны вырасла новае пакаленне. Для іх бліжэй Польшча, Нямеччына. Яны едуць туды — і бачаць тамтэйшы ўзровень жыцця і стаўленне да людзей. Едуць у Расею — і бачаць, што там. Усё пазнаецца ў параўнанні. Расія — добрая краіна, але няхай яны самі сабе жывуць".
Генадзь Гузій кажа, што сам меўся быць на майдане, але ня можа дзеля сямейных прычын. Ён лічыць, што ўкраінцы самі разбяруцца ў сваіх праблемах, і асуджае замежнае ўмяшанне ў справы суверэннай Украіны:
"Неўмяшанне — гэта дужа разумна. Але калі збіраецца Дума маскоўская і прымае жорсткую заяву па Ўкраіне — хлопцы, а якая вам справа, што робіцца ва Ўкраіне? Калі ў вас адбываюцца нейкія падзеі на Балотнай плошчы — хіба Вярхоўная Рада збіралася і прымала нейкія адмысловыя заявы па Расеі? Хлопцы, вы паводзьце сябе талерантна! Лезці да нас нядобра!"
![]() |
Валер Беразіенка |
"На першы план выйшлі заходнія ўкраінцы. А яны дужа моцныя нацыяналісты. Клічко і іншыя — яны не валодаюць сытуацыяй. І вось гэтыя заходнія ўкраінцы твораць вэрхал у сталічным горадзе Кіеве".
На пытанне — "Чаму могуць навучыцца беларусы на прыкладзе падзеяў ва Ўкраіне?" — спадар Беразіенка адказаў:
"Дэмакратыі. Народ павінен быць разняволены. Каб ведаў свае правы. Каб ведаў, што можна дамагчыся поспеху, калі будзеш пратэставаць супраць тых рашэнняў, якія прымаюцца ўладай".
![]() |
Аляксандар Сізоненка |
"Я рады за іх, што яны могуць выйсці на вуліцы і выказаць сваё меркаванне. Мы ж у Беларусі, нават адзін чалавек, на жаль, выйсці і выказаць сваё меркаванне ня можам. За Ўкраіну цяпер Расея ўзялася. Дый сама Ўкраіна падзялілася — нехта за Расею, нехта — за Еўропу. Але вінаватыя расейцы разам з тым. Калі б яны туды ня ўмешваліся, то ва Ўкраіне зусім іншыя былі б падзеі. Украінцы павярнуліся б у Еўропу".
![]() |
Андрэй Дзвігун |
Яшчэ адзін магілёўскі ўкраінец Андрэй Дзвігун заяўляе, што ня спіць ужо некалькі начэй, сочачы за падзеямі на гістарычнай радзіме:
"Вельмі перажываю за сваю бацькаўшчыну. Тое, што адбываецца ва Ўкраіне, — гэта спецапэрацыя расейскіх спэцслужбаў. Тое, што ня будзе Януковіча — гэта пытанне часу. Цяпер асноўнае пытанне — захаваць краіну. Не аддаць яе ў рукі бандытам. Кіруе ўжо там далёка не Януковіч, не Азараў, а кіруюць расейскія спэцслужбы. Працуе расейскі спецназ..."