Аляксандр Пукшанскі,

48-гадовы жыхар Віцебска Леанід Шур, дырэктар прадпрыемства "Віцебскі бізнес-цэнтр", у апошнія некалькі гадоў, можна сказаць, чалавек "устойліва ўдачлівы". Пра такіх кажуць — шчасліўчык. Ён не аднойчы выйграваў у розных конкурсах. Напрыклад, прыдумаў лепшую назву для він, якія адна з вядучых беларускіх фірмаў пастаўляе ў нашу краіну з Італіі і Іспаніі. За гэта атрымаў хатні кінатэатр, а таксама запрашэнне ў мінскі рэстаран, дзе цудоўна правёў час. Іншае прадпрыемства падарыла спадару Шуру чахол для мабільнага тэлефона — таксама за перамогу ў конкурсе. Замежны банк, які дзейнічае ў Беларусі, аддзячыў шчасліўчыка тэлефонным апаратам… А яшчэ адзін банк прэміраваў грашыма.

На здымках фільма пра Марка Шагала. Фота: асабісты архіў Леаніда Шура 

А летась адбыўся сапраўдны цуд: Леанід Міхайлавіч атрымаў асабістае запрашэнне ад вядомага рэжысёра Аляксандра Міты сыграць у фільме пра Шагала, які здымалі ў Віцебску. Партнёрамі Леаніда Шура былі артысты знакамітага маскоўскага тэатра на Таганцы. Акрамя гэтага, ён заваяваў тытул лепшага акцёра — у конкурсе кароткаметражных фільмаў. Таксама летась па выніках анлайн-галасавання Леанід стаў пераможцам нацыянальнага конкурсу "Ментар года" (ментар — настаўнік прадпрымальнікаў, Аўт.).

Шур таксама — пераможца і прызёр конкурсаў аўтарскіх расказаў, крытычных артыкулаў і п’ес. А яшчэ ён перамагаў на чэмпіянатах па міжнародных шашках…

Па адукацыі ўдачлівы чалавек — эканаміст. Скончыў Віцебскі інстытут лёгкай прамысловасці (цяпер — Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт,Аўт.). Працаваў у Віцебскім праектна-канструктарскім бюро аўтаматызаваных сістэм кіравання, потым быў запрошаны ў "Дом навукі і тэхнікі" грамадскай арганізацыі "Беларускі навукова-тэхнічны саюз". На базе згаданага прадпрыемства пры ўдзеле Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва быў створаны Віцебскі цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва "Дом навукі і тэхнікі". Апошняе затым пераўтварылася ў цяперашні "Віцебскі бізнесцэнтр", які ўзначальвае спадар Шур. Спадар Шур жанаты, сыну 18 гадоў.

— Вядома, людзі мне зайздросцяць, — усміхаецца ён. — Кажуць, што мне сапраўды шанцуе. Адзін знаёмы выказаўся: "Калі інтэлектуал Васэрман усяго дасягае розумам, табе проста шанцуе!" А калі сур’ёзна, праверана на практыцы: толькі пры імкненні да перамогі і дзякуючы ўпартай працы можна стаць удачлівым. Не заўсёды мне ўдаецца быць пераможцам. Але алімпійскі прынцып "Галоўнае — удзел…" закладвае падмурак будучых поспехаў.

Сам ён робіць усё, каб заслужыць удачу.

— Шанцаваць мне пачало пасля таго, як некалькі гадоў таму наш маркетолаг Ірына ўгаварыла мяне паўдзельнічаць у конкурсе на лепшую назву серыі італьянскіх він. Я і прыдумаў, узяўшы для назвы адно толькі слова з песні Андрыяна Чэлентана. У перакладзе яно азначае "прызнанне". Пасля гэтага зразумеў, што магу выйграваць і далей! І не ўтойваю сваіх сакрэтаў. У прыватнасці, праводжу бізнес-семінары для моладзі, жанчын, прадпрымаль- нікаў, каб яны сталі паспяховымі ў сваёй справе. Адзін з семінараў прысвечаны тэме "Як выйграваць конкурсы?". Хто добра вучыцца — выйграюць. У латарэю не мару выйграць, бо мне падабаюцца крэатыўныя конкурсы, — дзеліцца шчасліўчык.

Леанід Міхайлавіч расказаў, што да таго, як зняцца ў знакамітага рэжысёра Аляксандра Міты, ён ужо меў маленькі акцёрскі вопыт. 3 задавальненнем, але не так часта, як хацелася б яму, наведваў заняткі ў тэатральных гуртках. У 2010 годзе сыграў маленькую ролю ў спектаклі самадзейнага калектыву на сцэне "Цэнтра культуры "Віцебск".

— Калі летась у Віцебску здымалі фільм пра Шагала, я браў удзел у кастынгу масоўкі. Але здымацца не было часу. Вядома, не мог уявіць сабе, што асабіста спадар Міта — мэтр кінаіндустрыі — перадасць мне запрашэнне зняцца. І не проста ў масоўцы, а ў кадрах разам з артыстамі тэатра на Таганцы. Я сыграў госця на вяселлі Марка Шагала і Бэлы. Прычым давялося станцаваць, у тым ліку… седзячы на плячах партнёра. Думаў, што ўпаду. Рэпеціраваў некалькі гадзін дзеля пары хвілін у кадры. Усім у масоўцы плацілі па 10 долараў
(у эквіваленце. — Аўт.) за працоўны дзень — з 8 раніцы да 8 вечара. Я, улічваючы тое, што мне прыйшлося перажыць на здымачнай пляцоўцы, папрасіў больш — 20 долараў, дык ледзь далі (смяецца. — Аўт.)! Для параўнання, маскоўскім акцёрам плацілі па 150 долараў у дзень.

У здымках таксама ўдзельнічала віцебская студэнтка Аляксандра Шаўчэнка, захопленая кіно. Дзяўчына (дарэчы, першая віцэ-міс конкурсу прыгажосці, які праводзіўся ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава), прапанавала зняцца ў аўтарскім праекце: 

— У першай кароткаметражцы "Старыя часы" працягласцю менш за 10 хвілін мяне біла па твары раўнівая спадарожніца, з якой я прыйшоў у рэстаран… Потым сыграў пасла Ізраіля ў ЗША, да якога прыйшла на прыём Элізабет Тэйлар. "Зорка" прапанавала сабе ўзамен пасажыраў самалёта, які захапілі тэрарысты. За гэтую акцёрскую працу на мінскім фэсце аматарскіх фільмаў я быў адзначаны як лепшы акцёр.

Цяпер віцебскі шчасліўчык займаецца рэцэнзаваннем кнігі, якую яму даслала адно з самых вядомых выдавецтваў Расіі. Кніга прысвечана методыцы развіцця асабістай эфектыўнасці і мае назву "Уздымаючы планку".

— Было вельмі прыемна, што мне даверылі падзяліцца думкамі менавіта аб гэтай кнізе, бо мой бацька — вядомы беларускі трэнер па скачках у вышыню. Супадзенне? Ды не! — разважае Леанід Міхайлавіч.

Ён упэўнены, што кожны можа стаць шчасліўчыкам. Трэба толькі паспрабаваць свае сілы ў конкурсах і гэтак далей. Калі не пашанцуе перамагчы, неабходна паўтарыць спробу. А калі ўсё атрымалася, трэба прытрымлівацца прынцыпу: "Я магу значна больш!"
{banner_819}{banner_825}
-20%
-20%
-15%
-64%
-10%
-15%
-25%
-25%
-25%
-20%