Общество


Аляксей Знаткевіч,

Пра хваробу свайго калегі, рэдактара англамоўнага сайта Радыё Свабода Люка Олната я даведаўся сёлета на пачатку красавіка з ягонай старонкі ў фэйсбуку.
Люк Олнат падчас хіміятэрапіі
Люк Олнат падчас хіміятэрапіі

Люк напісаў у сваёй звычайнай жартаўлівай манеры:
 
"Як некаторыя з вас ведаюць, у мяне дыягнаставалі рак кішэчніка. Не ідэальны варыянт, але больш за ўсё я шакаваны тым фактам, што мае кішкі не такія бездакорна чыстыя, як я думаў. Паколькі я крыху зашмат выстаўляю ўсё ў фэйсбуку, дык буду рэгулярна паведамляць пра свае навіны. Таму калі вы яшчэ не схавалі мяне ў сваіх стужках, цяпер напэўна вельмі добры час для гэтага. Але не адфрэнджвайце мяне. Адфрэндзіць кагосьці з ракам неяк ганебна, за гэта трапляюць у пекла. Відавочна, што ў мяне цяпер даволі паганыя часы, але мне пашанцавала мець цудоўных сяброў і сям'ю, якія мяне падтрымліваюць".
 
Неўзабаве пасля таго ў Люка Олната адбылася паспяховая аперацыя, а наступныя паўгода ён праходзіў курс хіміятэрапіі. Па яе выніках абследаванне паказала, што хвароба адступіла.
 
Падчас лячэньня Люк пісаў пра розныя аспекты хваробы на сваёй старонцы ў фэйсбуку і ў адмысловым блогу пад назвай "One Eyed Dog" (Аднавокі сабака). Такі сабака - любімая цацка яго малога сына, Томі.
 
"Некаторыя людзі вельмі адкрытыя наконт свайго дыягназу, некаторыя хочуць, каб гэта засталося прыватнай інфармацыяй. Я даволі адкрыты ў такіх пытаннях і даволі актыўны ў сацыяльных медыях, таму для мяне гэта было натуральным рашэннем. Я асабліва не вагаўся – толькі папярэдзіў сваякоў, каб яны пра гэта ведалі, бо я не хацеў, каб яны даведаліся пра гэта з сацыяльных медыяў".
 
Цягам лячэння ў блогу Люка Олната з'яўляліся запісы пра тое, як ён спрабуе не спыняць заняткаў спортам, як змагаецца з прыступамі злосці, як ягоны арганізм рэагуе на хіміятэрапію і як даводзіцца жыць з выведзенай з кішэчніка трубкай. Люк – ангелец, і я спытаўся ў яго, наколькі ў сучаснай ангельскай культуры распаўсюджаная такая адкрытасць сярод хворых на рак і ці даводзілася яму ў сваім блогу пазбягаць нейкіх тэмаў.
 
"Я думаю, што людзі сталі больш адкрытымі і больш арганізаванымі. Сацыяльныя медыі ў гэтым дапамаглі – ёсць інтэрнэт-форумы, групы ракавых пацыентаў ў твітэры, на фэйсбуку. Гэта дае магчымасць людзям абмяркоўваць свае хваробы між сабой, а ня толькі размаўляць пра іх з дактарамі. Я ня думаю, што я займаўся нейкай самацэнзурай. Калі ў цябе рак, бываюць жахлівыя пачуцці, якім ня хочацца дзяліцца з людзьмі, і з'яўляецца тэндэнцыя так бы мовіць "захоўваць усмешку". Але ў сваіх блогах я намагаўся быць шчырым і пісаць пра свае "цёмныя" пачуцці. Мне здаецца, людзі гэта добра ўспрымалі. Ёсць шмат блогаў ракавых пацыентаў у гэткай шчасліва-ружовай стылістыцы. Людзі пішуць пра рак, як падарунак, і пра тое, як ён змяніў іх жыццё да лепшага. У мяне не было такіх пачуццяў, і мне здаецца, што іх няма ў большасці  хворых на рак. Я ня маю нічога супраць такога падыходу, але гэта не была мая рэальнасць, гэта не было тое, праз што праходзіў я. Таму мне часта пісалі: Дзякуй, мне спадабаўся ваш блог, бо я сябе адчуваю гэтак жа".
 
Люк Олнат з жонкай Маркетай
Люк Олнат з жонкай Маркетай
 
 
На аперацыю ён паехаў з Чэхіі на радзіму, у Вялікабрытанію, і тамсама праходзіў і хіміятэрапію.
 
"Галоўная прычына, чаму я паехаў лячыцца ў Брытанію - гэта мова, бо так для мяне было прасцей камунікаваць. Для майго дыягназу  ў гэтай стадыі хваробы я б атрымаў у Чэхіі абсалютна той жа самы курс хіміятэрапіі. Адзіная розніца ў камунікацыі".
 
Люк Олнат мае міжнародную прыватную медычную страхоўку. Ці атрымаў бы брытанец без такой страхоўкі аднолькавыя з ім магчымасці для лячэння?
 
"У Брытаніі змяшаная медычная сістэма – мой хірург і анколаг на 95 працэнтаў працавалі ў межах дзяржаўнай сістэмы – Нацыянальнай сістэмы аховы здароўя. Мая прыватная страхоўка не давала нейкіх перавагаў у лячэнні, але былі дадатковыя магчымасці – асобная палата, больш увагі медсёстраў, бо ў гэтым выпадку на медсястру прыпадае меней пацыентаў. Медыкаменты і хірургічнае лячэнне не змяніліся б, калі б у мяне не было прыватнай страхоўкі. У маім выпадку была патрэбная тэрміновая аперацыя, бо пухліна блякавала кішэчнік, таму тэрміны аперацыі не залежалі ад страхоўкі. У дзяржаўнай сістэме, аднак, ёсць чэргі на лячэнне, якое ня лічыцца тэрміновым. Калі б я, напрыклад, ня меў ніякіх сімптомаў, а проста прафілактычна хацеў зрабіць калёнаскапію [зонд кішэчніка], дык давялося б чакаць 3-4 месяцы".
 
Што было найбольш цяжкім досведам падчас доўгага курсу лячэння?
 
"Самым цяжкім напэўна быў эмацыйны бок – адчуваць, што хвароба пагражае твайму жыццю. Пасля аперацыі мне трэба даволі доўгі час жыць са спецыяльным мяшочкам, ў які выведзеная трубка з кішэчніка. Гэта даволі нязручна, але эмацыйныя складанасці напэўна важнейшыя за фізічныя".
 
 
З сынам Томі
З сынам Томі
 
 
Некалькі гадоў таму ў бацькі Люка Олната ва ўзросце 67 гадоў знайшлі пухліну ў мозгу. Ён памёр праз некалькі месяцаў. Пра яго апошнія месяцы жыцця і пра гісторыю сваіх адносінаў з бацькам Люк напісаў кнігу "Unspoken" (Нявымаўленае), якая выйшла ў электронным выглядзе якраз прыблізна ў той час, калі яму самому паставілі дыягназ. Яго ўласны сын, Томі, мае толькі два гады ўзросту, і падчас курсу лячэння яму проста тлумачылі, што тата ў ад'ездзе. Пытаюся ў Люка, як рэагавалі на весткі пра ягоны дыягназ сваякі і знаёмыя.
 
"Некаторыя рэакцыі былі вельмі добрыя і паказалі, наколькі ў мяне цудоўныя прыяцелі. Некаторыя рэакцыі былі не настолькі добрыя. Мне здаецца, што сутыкненне з ракам прымушае людзей нэрвавацца. І калі ў твайго прыяцеля дыягназ "рак", людзі адчуваюць сябе неабароненымі і, магчыма, хвалююцца за сябе. Таму некаторыя з маіх прыяцеляў не хацелі пра гэта чуць, не хацелі пра гэта ведаць і фактычна рабілі выгляд, што гэтага няма, і мне часам было цяжка гэта ўспрымаць".
 
Адзін з запісаў у сёлетнім блогу Люка Олната меў назву "Правільны варыянт дзялення клетак" – у ім ён расказаў, што ягоная жонка, Маркета, чакае другое дзіця, і напісаў пра радасці і страхі звязаныя з бацькоўствам у ягонай сітуацыі. Ці было гэта свядомае рашэнне – мець яшчэ адно дзіця?
 
"Я нават сам да канца ня ведаю адказу на гэтае пытанне. Шмат у чым, так, гэта было свядомае рашэнне. Мы не казалі "Давай паспрабуем зрабіць дзіця", але напэўна з-за майго дыягназу мы не засцерагаліся так, як звычайна. Так, у гэтым быў намер стварыць новае жыццё". 

Чытайце таксама:

Жыццё пасля раку: "Я мусіў памерці тры гады таму"
Жыццё пасля раку: "Каханне — гэта лекі, лепшых за якія яшчэ не прыдумала медыцына"
Жыццё пасля раку: "Сваю шпітальную эпапею лічу своеасаблівым трамплінам у дарослае жыццё"
Жыццё пасля раку. Наталля Саматыя: "Боль забываецца"
Жыццё пасля раку. Барыс Шаравар. 15 гадоў без анкалагічнага рэцыдыву
Жыццё пасля раку. Галіна Старповіч: Муж ня даў мне памерці
Жыццё пасля раку. Анатоль Глушчанка на пенсіі за 7 гадоў перажыў дзве анкалагічныя аперацыі
0059804