Былы настаўнік зачыненай сёлета Пяцігарскай школы Георгі Станкевіч спрабуе ўратаваць кнігі са школьнай бібліятэкі. Іх хочуць здаць у макулатуру, хоць у Бешанковіцкім раёне ёсць нямала ўстановаў, якім гэтыя кнігі лішнія не былі б.



Георгі Станкевіч працаваў у Пяцігарскай сярэдняй школе настаўнікам беларускай мовы. З 1 верасня ён працуе ў іншай школе, бо ўсіх настаўнікаў пераразмеркавалі. Часткова раздалі мэблю, іншую маёмасць. А вось кніжкі са школьнай бібліятэкі вырашылі здаць у макулатуру.

"Кніжкі ўжо спакавалі. Уся затрымка толькі ў адсутнасці трактара ці паліва для яго. А кнігі маглі б быць карыснымі для любой раённай установы. У Бешанковічах ёсць прытулкі для старых, бальніца і гэтак далей, дзе пры маленькай ініцыятыве чыноўнікаў кнігі змаглі б прадоўжыць сваё жыццё. Я тэлефанаваў на прамую лінію з раённым кіраўніцтвам, мне нічога канкрэтнага не адказалі. Паабяцалі разабрацца. Але пакуль тое будзе, кнігі могуць проста знішчыць",
- кажа спадар Станкевіч.  

Георгі — не толькі вясковы настаўнік, ён — паэт, удзельнік праекту "Барды Свабоды", сябар БАЖ, заснавальнік самвыдатаўскай газеты "Крывінка". Не заўважыць барбарскага стаўлення да кніг ён проста не змог.

"Там жа ня толькі падручнікі. Хоць і яны прыдаліся б у іншых школах. Там шмат мастацкай літаратуры, многа зусім новых кніжак. У тым ліку беларускамоўных. Кожная кніга каштуе цяпер немалых грошай. Дык ці можна дапусціць такое марнаванне сродкаў і такое нецывілізаванае стаўленне да кнігі — калі школьную бібліятэку здаюць у макулатуру?" - пытаецца настаўнік. 

Пяцігарская школа — не адзіная ў Бешанковіцкім раёне, якую ў апошнія гады зачынілі, бо там было мала вучняў. Але ў іншых школах, паводле звестак Георгія Станкевіча, з кнігамі паступалі больш цывілізавана — запрашалі ўсіх ахвотных узяць частку бібліятэкі сабе.
{banner_819}{banner_825}
-10%
-20%
-80%
-10%
-15%
-20%
-45%
-40%
-20%
-10%
-20%
0063408