Алена Квяткоўская, доктар-эпідэміёлаг Вілейскага райЦГіЭ,

На тэрыторыі Вілейскага раёна 22 снежня зарэгістраваны выпадак смерці ад менінгакокавай інфекцыі 13-цігадовага дзіцяці.

На пачатковым этапе захворванне развівалася як ВРВІ, затым рэзка паднялася тэмпература, з'явіўся сып, які за лічаныя хвіліны пакрыў усё цела дзіцяці.

Менінгакокавая інфекцыя распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам – пры кашалі, чханні, размове, пры досыць цесных і працяглых зносінах. Небяспека захворвання ў тым, што яно можа развівацца ў лічаныя гадзіны і нават хвіліны (так званыя “вокамгненныя” формы захворвання), і выратаваць хворага атрымоўваецца не заўсёды.

Крыніцай ўзбуджальніка інфекцыі служыць хворы чалавек або бактэрыяносьбіт. Часцей за ўсё носьбітамі з'яўляюцца дарослыя, нават не падазраючы пра гэта.

Пачатковыя клінічныя праявы захворвання нагадваюць прастуду ці грып: запаляецца задняя сценка глоткі, хворыя пакашліваць, у іх закладзены нос, пяршыць у горле. На гэтым этапе пацыентам часцей за ўсё ставіцца дыягназ: вострае рэспіраторнае захворванне. Няправільная і несвоечасовая дыягностыка можа далей прывесці да запалення мазгавых абалонак.

Пры менінгакокавай інфекцыі з'яўляецца моцны галаўны боль, які не здымаецца звычайнымі абязбольвальнымі сродкамі. На працягу гадзіны звычайна падымаецца тэмпература да 39-40°, праз пяць-шэсць гадзін узнікае рвота, якая не прыносіць палягчэння хвораму. Але самы грозны сімптом, на які абавязкова трэба звярнуць увагу – з'яўленне сыпу.

І менавіта пры наяўнасці яго трэба абавязкова паўторна выклікаць доктара.

Якія меры прафілактыкі менінгакокавай інфекцыі?

-паколькі ўзбуджальнік няўстойлівы ў знешнім асяроддзі, актуальнымі з'яўляюцца рэжымы праветрывання, вільготнай уборкі з выкарыстаннем дэзінфекцыйных сродкаў.

- больш гуляць з дзіцём на адкрытым паветры, пазбягаць паездак у грамадскім транспарце, не знаходзіцца доўга ў памяшканнях, дзе маецца вялікая колькасць людзей (крамы, рынкі, цырульні і г. д.).

- пры доглядзе за маленькім дзіцём насіць марлевую маску ў перыяд захворвання дарослага.

- усе святочныя мерапрыемствы (хрэсьбіны), звязаныя з нараджэннем дзіцяці неабходна праводзіць па-за кватэрай, дзе ён знаходзіцца.

- каб не захварэць і не заразіць навакольных, трэба пазбаўляцца ад хранічных захворванняў насаглоткі:фарынгіту, танзіліту, ларынгіту.

- неадкладна выклікаць “хуткую” пры з'яўлення першых сімптомаў захворвання.

-да прыезду “хуткай” ізаляваць хворага, выдзеліць яму індывідуальныя сродкі асабістай гігіены і посуд.
0062016