Ігар Карней,

Хто хоць аднойчы вырваўся з абдымкаў раку, можа лічыць, што яму неймаверна пашанцавала. Але сяго-таго лёс выпрабоўвае другім наваратам. Да іх ліку належыць і мянчук Анатоль Глушчанка: не паспеўшы адыйсці ад першай аперацыі, быў вымушаны класціся на паўторную, ужо з іншым дыягназам. Тым ня меней, дзякуючы ўласнаму жаданню і падтрымцы родных, ён зноў вярнуўся да паўнавартаснага жыцця.

За апошнія сем гадоў Анатоль Глушчанка двойчы пабываў на аперацыйным стале ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі ў Бараўлянах пад Мінскам. У 2006-м прычынай аперацыйнага ўмяшання стала злаякасная пухліна на нырцы, у 2010-м быў канстатаваны рак прастаты. За гэты адрэзак часу Анатоль Аляксеевіч сутыкнуўся з дзясяткамі пацыентаў, якія з розным поспехам супрацьстаялі страшнаму дыягназу. Але кажа, што назаўсёды запомніць, як два дзясяткі гадоў таму ўпершыню сутыкнуўся з анкалогіяй — у росквіце сіл захварэў сусед, таленавіты оперны спявак Юры Зорын:

"Практычна з ракам я сутыкнуўся першы раз, калі яшчэ жыў у Фаніпалі. Быў у мяне цудоўны сусед, дырэктар музычнай школы. Галасішча быў непаўторны — як казалі, на той час найлепшы бас у Беларусі. Ён скончыў кансерваторыю, спрабаваў сябе ў оперы, нібыта нармальна ўсё ішло, але вымушаны быў кінуць дзеля сямейных абставін. Вось і працаваў у музыкалцы. Ня ведаю, ці на гэтай дэпрэсіўнай глебе, ці на іншай, але — захварэў. І вось тады я ўпершыню сутыкнуўся і з Бараўлянамі, і з анкалогіяй, і з усімі спадарожнымі справамі. Карацей, ён за год, груба кажучы, згарэў. У 42 гады, у росквіце сіл. Дыягнаставалі рак страўніка, зрабілі аперацыю ў Бараўлянах. Але нягледзячы на тое, што яго асабіста курыраваў прафесар, адзін са свяцілаў сваёй справы, відаць, ужо было занадта позна. Карацей, разрэзалі, зашылі і сказалі чакаць. Але не атрымалася. Цяжка было паверыць, бо такі здаваўся здаровы мужык! Памятаю, адзін мой дзень нараджэння ў рэстаране адзначалі, дык ён як заспяваў, аж артысты з аркестру пачалі прасіць: мужчына, зрабіце паўзу, а то нас не чуваць, нават з апаратурай".

На радзіме, бераг Дону
На радзіме, бераг Дону

Анатоль Глушчанка нарадзіўся ў Растоўскай вобласці ў 1946 годзе. Пасля школы працаваў на мэблевай фабрыцы, а адслужыўшы ў войску, уладкаваўся на ваенны завод. Неўзабаве паступіў на факультэт матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Інстытуту народнай гаспадаркі ў Растове. Падчас вучобы ажаніўся, а ўжо пасля заканчэння інстытуту разам з жонкай Валянцінай быў размеркаваны ў Беларусь. Як выявілася, назаўсёды. Тут нарадзілася дачка Насця, а 10 гадоў таму з'явіўся на свет унук Косьця.

З жонкай Валянцінай і ўнукам Косцем
З жонкай Валянцінай і ўнукам Косцем

Спадар Анатоль кажа, што пакуль працаваў, то не было ні часу, ні імпэту пра лекараў нават згадваць. Але незаўважна падкралася пенсія, і ў нейкі момант адчуў, што пачаў сябе некамфортна адчуваць. Пазнейшы аналіз паказаў: трэба рыхтавацца да аперацыі на нырцы:

"Сапраўды, пакуль працаваў, апроч прастуды нічога мяне не трывожыла, у паліклінікі амаль не хадзіў. А пайшоў на пенсію — раптам пачаў разумець, што неяк няўтульна сябе адчуваю, нешта пастаянна ные ў баку. Тады жонка, Валянціна Фёдараўна, кажа: у цябе што, пенсіянера, часу мала? Вазмі ды схадзі на УЗІ. Звярнуўся ў камерцыйны медцэнтар. Запісаўся, прыйшоў, пачалі мяне глядзець. Яшчэ пажартаваў: ну што, напэўна, не знаходзіць органаў? Гэта ў маёй жонкі быў тэрапеўт, які яе агледзеў і выдаў: ну што ты галаву дурыш, тут органаў няма! Гумар не ацанілі, і лекарка кажа: нібыта ўсё нармальна, але з левай ныркай трэба ісці да ўролага. Прыходжу ў паліклініку. Нават ня гледзячы, не правяраючы, адсылаюць у дыспансэр, у анкалогію першага шпіталя. Відаць, перастрахаваліся па здымку, бо пухліна была бачная, але па УЗІ не маглі вызначыць, дабраякасная яна ці злаякасная. Пайшоў, там адразу накіравалі на аналізы. Мінуў літаральна тыдзень, і выносяць вердыкт: рэзаць. То бок — проста ставяць перад фактам. Але я падумаў, што ўсё ж недастаткова мяне, як кажуць, "пракруцілі".

З жонкай і дачкой на экскурсіі ў Ленінградзе, канец 1970-х
З жонкай і дачкой на экскурсіі ў Ленінградзе, канец 1970-х

Тым часам пачаў кансультавацца з людзьмі, якім быў пастаўлены аналагічны дыягназ і якія не скарыліся, упарта змагаліся за жыццё. Аказалася, што такіх нямала было нават сярод блізкіх знаёмых. Многія прызнаваліся, што фактычна вылечваліся дзякуючы ўжыванню народных сродкаў — гэта так званыя яды, настоі і г.д. Выйшаў на адмыслоўцаў, якія гатуюць рознае "варыва". І яшчэ да аперацыі прапіў першы курс:

"Пакуль лекары прыспешвалі, я падумаў, што ня буду асабліва дрыгацца. Карацей, у першым шпіталі адмовіўся, сказаў, што да іх не прыйду, а выправіўся ў Бараўляны. У гэты час там ляжала мая цешча, Марыя Мікалаеўна. У яе таксама была анкалогія па ўралагічнай частцы. Праз ейнага лекара наладзіў сувязі, яна крыху на яго паўздзейнічала. І ў выніку сказалі, каб прыяжджаў. Так я трапіў у Бараўляны. Мяне першым чынам абследавалі і знайшлі гэтую палачку, як гавораць. Аперыравалі, адрэзалі кавалак. Рэзэкцыя называецца — ня цалкам нырку выдалілі, а частку. Хірург тады папярэдзіў: выдаляць цалкам ці часткова — будзе зразумела толькі тады, калі разрэжам. То бок, ускрыем кліента — паглядзім. Натуральна, пасля аперацыі я ня ведаў, чым усё скончыцца. А перад гэтым быў такі момант, што цягам месяца, яшчэ да аперацыі, я піў лекі. Чаму, у тым ліку, і адмовіўся ад аперацыі ў шпіталі. Ну, і атрымалася, што ўрэшце не знайшлі нічога, што выклікала б заклапочанасьць. Лекар сказаў: вось бачыце, што значыць рана звярнуцца. А я думаю, што і тыя яды, магчыма, таксама дапамаглі. Дарэчы, швы дагэтуль пабольваюць. Як потым казаў хірург, напэўна, спайкі. Калі надвор’е змяняецца, калі нешта падыму, швы да гэтага часу цягне. Але гэта, мабыць, усе пасляаперацыйнікі адчуваюць".

Спадар Анатоль не выключае, што адным са штуршкоў для развіцця анкалагічнай хваробы сталі частыя камандзіроўкі ў забруджаныя раёны Гомельшчыны — адразу пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС ён курыраваў пастаўкі матэрыялаў пад будоўлю жылля. Ніякіх сродкаў радыяцыйнай засцярогі і заваду не было.

Тым ня меней разуменне таго, што ўдалося адносна лёгка перанесці складаную аперацыю, цешыла. Пасля выпіскі стаў на ўлік у анкадыспансэр, дзе падчас візітаў здаваў цэлы набор абавязковых аналізаў. Спачатку туды наведваўся кожныя тры месяцы, а потым, як не было рэцыдыву, тэрмін павялічылі. Паколькі сядзець бяз справы не хацелася, уладкаваўся на працу — у структуру аховы. Але праз чатыры гады, у 2010-м, зноў адчуў дыскамфорт. Новы дыягназ ашаламіў — рак прастаты:

"Другі выпадак здарыўся гэтак жа нечакана. Узнікла, скажам так, мужчынская праблема. Забалела раз, другі, я туды-сюды. Два дні цярпеў, потым зноў жонка кажа: што ты церпіш? Ідзі на абследаванне. Мяне лекар паглядзеў, кажа: у вас узнікла пухліна. Выпісаў мне адно, другое, трэцяе. Трэба сказаць, з увагай падышоў, прайшоў я ўсе аналізы. Але паступова неяк усё заціхла, і я бяз задняй думкі жыву далей. Як кажуць, прайшло-праехала, і добра. Лекар толькі папярэдзіў, каб праз год прыйшоў здаць аналізы ПСА (пухлінны маркер "прастатычны спэцыфічны антыген" — РС), бо кажуць, што лепш усё рабіць на ранняй стадыі. Прыйшоў праз год, а ў мяне ўжо дзясятку паказвае, пры норме чатыры. Ён зноў: давайце туды, у першы шпіталь. Думаю, туды ўжо не пайду, паеду адразу ў Бараўляны. Як такое пачалося, званю, мне лекар і кажа: прыяжджайце, праверым. Зноў здаў на ПСА, бо яны там нікому ня вераць, правяраюць ад самага пачатку. Карацей, аналізы здаў, ПСА пацвердзіўся. Таксама ўзяў у мяне пункцыю. І дзесці дні праз тры тэлефануе: трэба рэзаць. Але на дварэ лета, горача. Пачаў прасіць крыху пацягнуць. Ён і пагадзіўся: добра, пацерпім. Карацей, пачалося ў мяне ўсё ў ліпені, а аперацыю зрабілі ў кастрычніку".

Падчас камандзіроўкі ў ЗША
Падчас камандзіроўкі ў ЗША

І гэтым разам Анатоль Глушчанка таксама налягаў на народную "самадзейнасць". Паралельна з настоем грыба вясёлкі і ядамі піў травы — за прыкладам сябра, які пасля канстатацыі чацьвёртай ступені раку пражыў 10 гадоў і нават працаваў. Пры тым, што лекары развялі рукамі: разрэзалі, зашылі і выправілі дадому. Але надышоў час аперацыі:

"Абследавалі мяне яшчэ раз, зрабілі аперацыю. У палаце нас такіх былі тры пацыенты. Цяпер я ўжо ня ведаю іх лёс, але з адным з іх ляжаў спачатку ў агульнай палаце, потым ляжалі побач пасля аперацыі. Нам аперацыю літаральна аднаму за адным рабілі: спачатку зрабілі мне, а потым яму, літаральна 5 хвілін было паміж аперацыямі. Я ня ў курсе пра ягоны лёс, але сутнасць у тым, што ў яго злаякасныя рэшткі знайшлі, а ў мяне — не. У мяне чамусці вельмі доўга рабілі аналіз: яго выпісалі, а мяне яшчэ два дні трымалі, чакалі, калі будзе канчатковы вынік. Але ў такім выпадку, зразумела, лепш пацярпець, чым спяшацца. Нават мой лекар прыходзіць і кажа: зноў, Толя, табе падфарціла, зноў у цябе ўсё чыста. Урэшце я выпісаўся, нібыта ўсё сапраўды нармалізавалася. Зноў хаджу на ўсе запланаваныя мерапрыемствы, правяраюся. Спачатку хадзіў праз тры месяцы, потым праз паўгода, а цяпер ужо ўвогуле праз год".

У замежнай вандроўцы
У замежнай вандроўцы

Спадар Анатоль кажа, што дагэтуль, нават праз тры гады пасля апошняй аперацыі, дзеля прафілактыкі п’е настой вясёлкі. Хоць афіцыйная медыцына і глядзіць на такія захапленні скептычна, але сам ён перакананы, што прынамсі горш ад гэтага ня будзе:

"У звязку з гэтым я шмат гаварыў ня толькі з рознымі народнымі лекарамі, але і з медыкамі. Прыкладам, мой хірург збольшага нармальна рэагаваў. Я яму казаў і пра вясёлку, і пра яды, і пра настоі. Ён, вядома, хмыкнуў сабе пад нос, сказаў: у прынцыпе ня веру ў тое, што такім чынам можна вылечыцца, але наўрад ці гэта і зашкодзіць. У гэтай сітуацыі, кажа, найперш імунітэт трэба падтрымліваць арганізму. І калі гэта дасягаецца, то добра. Дарэчы, я потым пачаў корпацца ў інтэрнэце, і аказалася, што гэты самы настой вясёлкі — адзіны, скажам так, народны прэпарат, які Міністэрствам аховы здароўя быў ня тое што рэкамендаваны, але прынамсі дазволены да ўжывання".

Анатоль Глушчанка працягвае весьці актыўны лад жыцця
Анатоль Глушчанка працягвае весьці актыўны лад жыцця

Карэспандэнт: "Чаму з усіх варыянтаў выбралі менавіта вясёлку?"

"Калі шчыра сказаць, я траўніку, з якім мяне звялі, на нейкім адрэзку проста перастаў верыць. Ён у сваёй галіне чалавек вядомы, прынамсі ў Мінску. Кніга ў яго ёсць, іншыя працы. Але я чамусці расчараваўся. Можа, таму, што ў яго гэта цяпер больш бізнэс, чым лячэнне. На маю думку, якраз асноўнае, што перашкаджае лячэбнаму працэсу, палягае ў наступным: людзі, якія маюць да гэтага адносіны, з цягам часу пераўвасабляюцца. Як кажуць, залатое цяля на многіх робіць адваротны эфект. Ня я адзін гэта заўважыў, многія насцярожваюцца. Гэта нядобра і ў тым сэнсе, што людзі паступова пачынаюць займацца самалячэннем без патрэбных ведаў. Просты прыклад: мы ездзілі, набывалі ў людзей вясёлку. Для цешчы настой мы цягам васьмі гадоў набывалі ў аднаго дзеда. Потым ужо пачалі рабіць самастойна — куплялі на рынку гэтыя грыбы, самі настойвалі, у мяне і цяпер яшчэ пару трохлітровых слоікаў стаяць. Дык вось, тое, што я цяпер сам настойваю, зусім іншы смак мае. Відаць, ужо дзесці парушаю ці рэцэптуру, ці тэхналогію. А можа, гарэлку ня тую л'ю (смяецца). То бок важная першакрыніца, але таксама важна не старацца зарабіць на апошнім шанцы".

Як сталы кліент Бараўлянаў Анатоль Глушчанка высока ацэньвае лекараў, якія абралі сабе такі надзвычай складаны ўчастак працы. Але пры гэтым лічыць, што так званая ранняя стадыя дыягнаставання анкалагічных захворванняў пакуль застаецца не рэальнасцю, а толькі жаданнем:

"Я вось пакруціўся ў гэтай сістэме, і што тычыцца ранняй дыягностыкі, то лічу так: цяперашняя сістэма аховы здароўя канкрэтна ў галіне анкалогіі папросту няздольная рабіць раннюю дыягностыку. Гэта хутчэй удача, чым нейкая заканамернасць. Што да майго выпадку, то, яшчэ раз кажу, ня выключана, што якраз паспрыяла народная медыцына. Ня ведаю, што мне дапамагло больш. Але тое, што я стараўся рабіць усё, што мне прапаноўвалі, гэта факт. Перадусім, сам шукаў, што толькі можна, рознымі выпадкамі аздараўлення цікавіўся. Цяжка сказаць, як гэта склалася, але за сем гадоў перажыў ужо дзве аперацыі. І хаджу, працую — і на дачы, і ўсюды. Вядома, перыядычна УЗІ праходжу, цукар, кроў — усё, што патрэбна. Цалкам усе аналізы: і агульны, і біяаналіз. Шчыра кажучы, я сабе сказаў: як будзе, так будзе. Прынамсі, буду старацца ўхапіцца за шанец. А як насамрэч здарыцца — ніхто нічога ня можа прагназаваць. Тым больш, самі лекары ніякіх не даюць гарантыяў. А за свае два заходы ў Бараўляны ўсяго нагледзеўся, якіх толькі людзей не было. Там проста канвеер. Яны ж ня лечаць, груба кажучы. Разразаюць і глядзяць: ёсць — на хіміятэрапію, няма — дадому".

Паводле суразмоўцы, беларускія хірургі паводле сваёй кваліфікацыі наўрад ці каму ў свеце саступаюць. Аднак сама сістэма, якая склалася ў медычным асяроддзі, не прадугледжвае, каб іхнія высілкі выходзілі за стандартныя рамкі:

"Тыя, каго я ведаю з "разакоў-хірургаў", — яны, па вялікім рахунку, высокакваліфікаваныя людзі. У асноўным усе як з інстытуту прыйшлі, яны там усе і ёсць, засталіся. І кваліфікацыю сваю з году ў год мацуюць, і методыкі адмысловыя распрацоўваюць. Усё гэта ёсць, без пытанняў. Ніяк ня скажаш, што тут нечага не хапае. Можа, яны б і ў пасляаперацыйным аднаўленні дапамаглі, але бяда ў тым, што ў іх гэтая сістэма склалася, зацвярдзела і працуе папросту па інэрцыі. Адна мая знаёмая, якая якраз займалася аднаўленчымі методыкамі, нават апавядала, што ёй так і сказалі: чаго ты лезеш, хочаш адарваць нечы кавалак хлеба? Ну, а потым сістэма яе ў нас існуе? Важная колькасць аперацыяў, сістэма аплаты і г.д. Вынікі недзе ідуць прычэпам. Безумоўна, яны ўсе аперацыі сумленна робяць, і кваліфікавана, і з хворымі нармальна. Але нечага не хапае. Найперш, ужо пасля таго, як выразалі і зашылі. Вядома, неспецыялісту цяжка на гэтую тэму разважаць. Але тое, што недапрацоўкі ёсць — гэта факт".

Нягледзячы на дзве анкалагічныя аперацыі, Анатоль Глушчанка так і не аформіў сабе інваліднасць. Кажа, што яму прапаноўвалі непрацоўную групу, але пасля кароткіх ваганняў адмовіўся ад "прывілеяў" на карысць працы. Дадатковы заробак дазваляе весьці актыўны лад жыцця, з жонкай і ўнукам часта выбіраюцца ў вандроўкі па Беларусі і за яе межы.

Чытайце таксама:

Жыццё пасля раку: "Я мусіў памерці тры гады таму"
Жыццё пасля раку: "Каханне — гэта лекі, лепшых за якія яшчэ не прыдумала медыцына"
Жыццё пасля раку: "Сваю шпітальную эпапею лічу своеасаблівым трамплінам у дарослае жыццё"
Жыццё пасля раку. Наталля Саматыя: "Боль забываецца"
Жыццё пасля раку. Барыс Шаравар. 15 гадоў без анкалагічнага рэцыдыву
Жыццё пасля раку. Галіна Старповіч: Муж ня даў мне памерці
0063042