Общество


Святлана Яскевіч,

Фото: Брестская газета
Фото: Брестская газета
Больш за дваццаць гадоў езджу са свайго спальнага раёна горада на працу, па сутнасці, адным транспартам. Некаторых хранічных безбілетнікаў, можна сказаць, ведаю ў твар. Ну, вось напрыклад, хударлявая самавітая жанчына гадоў 70 ніколі не прабівае талона.
 
Калі б не бачыла колькі разоў, як спрабуюць націснуць на яе сумленне кантралёры, падумала б, што цётачка едзе ў нейкі храм, дзе яна прыслужвае як актыўная прыхаджанка. Прынамсі, у яе такі выгляд. Але з кантралёрамі яна ніколі не спрачаецца. Зацята маўчыць і не рэагуе на іх патрабаванні. Не раз даводзілася быць сведкай, як спагадлівыя пасажыры прабівалі за яе талон і тым самым гасілі канфлікт. Але ж паспачуваць сталаму чалавеку можна раз, другі. А тут яўна праглядаецца пазіцыя: маўляў, плаціць за праезд не буду ні пад якім выглядам. Нядаўна адна кабета, яшчэ маладзейшая за гэтую, ганарліва распавядала ледзь не на ўвесь тралейбус:

"А я ніколі не плачу за праезд. Ну, можа, раз здзерлі штраф, а ў асноўным выкручваюся".

Тая ж пазіцыя назіраецца і на інтэрнэт-форумах, калі ідзе абмеркаванне паведамленняў аб чарговым выпадку агрэсіі ў дачыненні да кантралёраў грамадскага транспарту. Нядаўна ўсе сайты пісалі пра нападзенне на кантралёра пенсіянеркі з Баранавічаў. Мяне ўразіла, што абсалютная большасць людзей апраўдвае пенсіянерку. Аказваецца, як шмат у нас спачуваючых тым, у каго малая пенсія, цяжкае жыццё і непасільны цяжар аплаты за праезд у грамадскім транспарце. Ім, каментатарам, няўцям, што за "зайцоў" плацяць усе астатнія добрасумленныя пасажыры. Не з нябеснай жа канцылярыі фінансуецца транспарт канкрэтнага горада. І не варта, можа, было б нават звяртаць увагу на электронных крыкуноў: думаю, ніхто з іх не пайшоў бы хаця б дзень дабрачынна папрацаваць на карысць, напрыклад, тых жа пенсіянераў і іншых малазабяспечаных грамадзян. Не дадае аптымізму той факт, што названыя каментарыі адлюстроўваюць пазіцыю пэўнай часткі грамадства, якая і выліваецца потым у адкрытую агрэсію да работнікаў кантрольнай службы транспарту.

Літаральна ў гэтую нядзелю мае дзеці сталі сведкамі непрыемнага інцыдэнту на вуліцы Луцкай у Брэсце. З аўтобуса №18 на прыпынку выйшаў мужчына і стаў штурхаць кантралёра-жанчыну. У панядзелак раніцай пытаюся пра гэты выпадак у Маргарыты Бандуры, якая часова выконвае абавязкі начальніка кантрольнай службы "Брэстгартранса".

— Не ведаю, — кажа Маргарыта Ігараўна. — У нас такіх інцыдэнтаў — кожны дзень. Нашы супрацоўнікі дакладваюць аб асабліва прыкрых выпадках, калі даводзіцца выклікаць міліцыю. А калі абышлося без цялесных пашкоджанняў, безбілетнік абмежаваўся абразамі ці мінімальным рукапрыкладствам, то мы ўжо і не ўлічваем гэта як надзвычайнае здарэнне. Выдаткі прафесіі: страчаныя нервы ў справаздачы не адлюструеш.

Маргарыта Бандура расказала, што, згодна са штатам, у кантрольнай службе "Брэстгартранса" павінна працаваць 48 чалавек. Сёння працуе 33. І хоць зарплата ў супрацоўнікаў апошнім часам прыстойная, многія людзі не вытрымліваюць псіхалагічных перагрузаў, звальняюцца. Не кожны вытрывае, калі на яго пастаянна выліваецца паток грубасці, агрэсіі толькі за тое, што ён сумленна выконвае свае абавязкі. Спрабавалі прыцягваць да работы студэнтаў у вячэрні час, але, як правіла, яны праз месяц звальняюцца, не вытрымліваюць.

Два разы на тыдзень Маргарыта Бандура і начальнік службы Яўген Жалтоўскі выязджаюць у рэйды, пераважна ў вячэрні час.

"Некалі напішу мемуары, — жартуе Маргарыта Ігараўна. — Зусім як у Газданава "Начныя дарогі".

Але цяпер пасля такіх рэйдаў нават не заснеш доўга: занадта адмоўныя ўражанні перапаўняюць.

Што гаварыць, нядаўна да патыліцы жанчыны-кантралёра прыставілі пісталет. Ці сапраўдны, ці муляж — невядома. Потым хуліган хутка ўцёк, міліцыю выклікаць не паспелі. Нідзе гэты факт дакументальна не адлюстраваны, але можна сабе ўявіць, які стрэс перажыла супрацоўніца транспартнай службы.

У адным з нядаўніх рэйдаў кіраўніцтва кантрольнай службы парушальнікаў было столькі, што месца ў машыне не хапала. Проста не паспявалі забіраць у міліцыю ўсіх, хто вызначыўся "добрымі паводзінамі". З апошніх прыкрых выпадкаў можна згадаць нападзенне пасажыра на кантралёра. Аштрафавалі за безбілетны праезд дзяўчыну. І раптам мужчына пачаў яе апраўдваць. Пасля абмену "кампліментамі" ён падскочыў да кантралёра ззаду, паваліў яго на зямлю, стаў наносіць удары. Добра, што побач працавалі дзве брыгады — хулігана здолелі адцягнуць ад супрацоўніка кантрольнай службы. Потым, калі кантралёр здымаў пабоі, на руках яго зафіксавалі сляды зубоў.

За месяц кантрольная служба "Брэстгартранса" штрафуе прыблізна 2000 безбілетнікаў. І гэта далёка не ўсе, хто трапляецца як неплацельшчык за праезд. Адны проста "ўключаюць хуткасць" і ўцякаюць, як тыя сапраўдныя зайцы. Іншыя аказваюцца грамадзянамі замежных дзяржаў альбо асобамі без грамадзянства. Штраф зараз складае 65 тысяч рублёў — палова базавай велічыні. Калі ж парушальнік трапляе ў міліцыю, штраф складзе ад 5 да 8 базавых велічынь, можна атрымаць суткі ці больш арышту. Адказнасць як быццам бы не зусім умоўная, але колькасць агрэсіўных пасажыраў не змяншаецца.

Людміла Фралова 30 гадоў адпрацавала кантралёрам на брэсцкім грамадскім транспарце. Вось што яна сказала карэспандэнту газеты:

— Калі я прыйшла ў кантрольную службу маладой дзяўчынай, штрафы выпісвалі — 50 капеек. Але не гэта галоўнае. Была нейкая атмасфера ўзаемапавагі. Адзін чалавек спакойна заходзіў у аўтобус, правяраў білеты ва ўсіх пасажыраў. Калі ў каго праязнога дакумента не аказвалася, пасажыр плаціў штраф, нярэдка — са словамі прабачэння. Часам я думаю, што тады транспартам ездзіла пакаленне дысцыплінаваных і адказных людзей. Але ж і ў той час ездзілі пасажыры, каму сёння ад 50 да 70 гадоў. Гэта адна з самых агрэсіўных катэгорый цяперашніх безбілетнікаў. Пенсіянеры часта дазваляюць сабе абразу кантралёра, крык а то і абсурд кшталту "нам Прэзідэнт дазволіў". Вядома, многія з іх жывуць небагата, а штрафы цяпер немаленькія. Але людзі названага ўзросту павінны з жыццёвага вопыту ўсведамляць неабходнасць парадку ў грамадстве. А часта выходзіць — наадварот.

Ёсць яшчэ катэгорыя маладых — ім гадоў 25 — агрэсіўных "зайцоў". Такое ўражанне, што яны толькі адарваліся ад сваіх камп'ютарных стралялак і не зусім адэкватна ўспрымаюць рэальнасць. Таму і дапускаюць хамства, грубасць, а то і агрэсію. Ну а нецвярозыя пасажыры і лаюцца, і песні спяваюць, і абяцаюць, што больш не будуць ездзіць безбілетнікамі.

Пра нейкія прыкрыя выпадкі нават успамінаць не хачу, — сказала Людміла Канстанцінаўна, — іх так шмат апошнім часам, сітуацыя моцна змянілася да горшага. Здаецца, навучылася не рэагаваць на грубасць, хамства, навучылася ствараць асабістую псіхалагічную заслону. Але дакладна ведаю: каб вярнуць маладыя гады, не пайшла б на гэтую работу, выбрала б сабе нейкую іншую.


Эксперымент 

Некалькі месяцаў таму "Брэстгартранс" праводзіў эксперымент: з кожнай брыгадай кантралёраў працаваў міліцыянер. Вынікі не прымусілі сябе чакаць. Агрэсіўныя безбілетнікі прыкметна паспакайнелі, штрафы заплацілі значна больш грамадзян, чым за такі ж папярэдні адрэзак часу. Таму было прынята рашэнне перайсці да такой формы работы пастаянна. Як паведаміла Маргарыта Бандура, зараз выконваюцца фармальнасці па заключэнні дагавораў з аддзеламі міліцыі. Калі ўсе дакументы будуць узгоднены, ужо ў новым годзе на лінію выйдуць кантралёры ў суправаджэнні работнікаў міліцыі. Кажуць, што да кожнага парушальніка міліцыянера не прыставіш. Але бывае, што жыццё вымушае зрабіць менавіта так…

"Зайцы" з кулакамі

У Баранавічах завялі крымінальную справу ў дачыненні да пенсіянеркі, якая напала на кантралёра. Пасажырка аўтобуса паказала талон, які быў двойчы прабіты. Калі кантралёр прапанавала заплаціць штраф, пенсіянерка пусціла ў ход кулакі і тым самым нанесла цялесныя пашкоджанні супрацоўніцы аўтапарка. Зараз на агрэсіўную пасажырку заведзена крымінальная справа па артыкуле 366 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да службовай асобы). Дарэчы, гэта трэці выпадак агрэсіі пасажыраў у Баранавічах на працягу месяца. 22 і 29 лістапада безбілетныя пасажыры таксама адмовіліся плаціць штраф і аказалі супраціўленне работнікам кантрольнай службы. У першым выпадку гэта быў 60-гадовы пенсіянер, у другім — 26-гадовы мужчына. У дачыненні да абодвух аддзел Следчага камітэта завёў крымінальныя справы. 
{banner_819}{banner_825}
-10%
-20%
-35%
-40%
-50%
-30%
-10%
-50%
-15%
0061324