Яўген Бяласін,

Літую чыгунную агароджу помніка гэтаму расійскаму афіцэру артылерыі здалі ў пункт прыёму металу.

Помнік Бергу паводле стану на лета 2013 года і з фрагментам агароджы на пачатак снежня
Помнік Бергу паводле стану на лета 2013 года і з фрагментам агароджы на пачатак снежня

Каб глянуць, давялося ехаць на месца. Агульныя ўражанні такія: тут дзеецца прыкладна тое самае, што і на брэсцкіх Трышынскіх могілках. Недагледжанасць, заняпад, расцяганне старавечных агароджаў і нават помнікаў на дробныя фрагменты. Не трэба быць звышразумнаму, каб здагадацца: не ў музей і нават не на сувеніры.

Ад агароджы памерлага ў 25 гадоў у 1848-м годзе падпаручніка Уладзіміра Карлавіча Берга (усё прапісана на помніку) застаўся невялікі фрагмент з тыльнага боку - прыкладна шостая частка. "Не змаглі выцягнуць з зямлі", - мяркуе мясцовы краязнаўца Леанід Патапчук, які адсочваў могілкавы гешэфт у рэальным часе. Спадар Патапчук распавядае пра факт канвертацыі агароджы ў грошы і яго акалічнасці:

- Убачыў, як прыгожую чыгунную агароджу здавалі ў металалом. Прымальнік сказаў, што здавалі пружанскія. Калі мясцовыя, дык я адразу зарыентаваўся, адкуль. Пайшоў на могілкі, "вылічыў", што агароджа ад гэтага помніка. У панядзелак пайшоў у рэдакцыю газеты "Пружанскія будні", (афіцыйная раёнка. - Я.Б.), паказаў фота. Тыя далі мой тэлефон участковаму. Ён распытаўся, потым тэлефануе: "Знайшлі мы, хто гэта зрабіў".

Агароджа ў металаломе
Агароджа ў металаломе

"Металістамі" апынулася сям"я, якая жыве каля могілак. Са словаў Леаніда Патапчука, людзі патлумачылі сваю акцыю тым, што з"яўляюцца родзічамі падпаручніка Берга(!!!) і такім чынам упарадкавалі магілу.

Краязнавец кажа, што сапраўды, цяпер прыбіраюць навадзелы з жалеза, агідныя высокія загародкі. "Але навошта разбіваць ліццё XIX стагоддзя? - здзіўлены Патапчук. - Могілкі ж наведваюць турысты. А ў нас амаль усе старыя чыгунныя агароджы пабітыя на кавалкі або знесеныя ў пункт прыёмкі пітушчымі людзьмі".

Леанід Патапчук кажа, што пытаўся ў старэйшых людзей з таго роду, які папрацаваў каля помніка падпаручніку артылерыі,- ніякага Берга яны не ведаюць. Пагатоў, што Уладзімір Карлавіч быў яўна не мясцовым чалавекам і памёр маладым. Але ці будзе нехта разбірацца ў генеалагічным дрэве "металістаў", краязнаўца сумняваецца.

Вырашыў пацікавіцца абставінамі справы ў тых, хто ахоўвае правапарадак. Справа была позна пад вечар, перад выходнымі. Назаўтра, па тэлефоне ўжо, з участковым аператыўны дзяжурны звязацца не дапамог. Перанакіраваў да кіраўніка аддзела аховы грамадскага парадку Пружанскага РАУС. Вось, думаю, якая ўдача. У суботу якраз адпаведны чалавек на працы. Але Аляксандр Карнялюк прапанаваў дачакацца панядзелка і звязацца, а найлепш прыехаць да яшчэ аднаго начальніка. Але навошта мне начальнік аддзела кадраў? Сам пракаментаваць здачу металалому з могілак афіцэр Карнялюк адмовіўся: "На гэта ёсць прэсавая служба".

Што можна было б зрабіць? Мяркую, трэба павялічваць колькасць неабыякавых людзей. Такіх, як Леанід Патапчук. Каб паветра не было для тых, хто разрабоўвае магілы. Нейкім двуадзіным рашэннем было б тут замацаваць за могілкамі якуюсьці гістарычную суполку школьнікаў. Такія суполкі зазвычай гуртуюцца вакол добрых настаўнікаў. Напэўна, такія ў Пружанах ёсць. Думаецца, цікавы быў бы такі факультатыў у духу еўрапейскага прынцыпу праектнасці навучання. Прыбралі за адно наведванне некалькі занядбаных месцаў, падрамантавалі нешта, а заадно паднялі каштоўны гістарычны матэрыял. Напісалі па выніках не з Інтэрнэту скачаную творчую працу. Абмеркавалі. Такая праца робіць жыццё сэнсоўным.  
{banner_819}{banner_825}
-15%
-15%
-20%
-11%
-12%
-30%
-25%
-50%
-15%
-10%
0063042