Галіна Абакунчык,

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч на перадкаляднай сустрэчы з журналістамі выказаўся пра справу ксяндза Ўладзіслава Лазара, якога КДБ абвінаваціў у здрадзе дзяржаве, але пазней выставіў яму мякчэйшае абвінавачванне і выпусціў пад падпіску аб нявыездзе.



Цяпер айцец Лазар служыць у касьцёле ў Вялейцы, паведаміў мітрапаліт Кандрусевіч:

"Цяжкая падзея з жыцця касцёла ў Беларусі гэтага году, які завяршаецца, — гэта арышт ксяндза Ўладзіслава Лазара і абвінавачанне яго ў здрадзе дзяржаве. Тое, што каталіцкі касцёл падаў афіцыйна да ведама, мы падалі тады, калі нам паведамілі, у верасні. І пасля, зусім нядаўна, у снежні, таксама камунікат Апостальскай Нунцыятуры — пра вызваленне з-пад арышту пад падпіску аб нявыездзе ксяндза Ўладзіслава Лазара. Ён цяпер знаходзіцца ў парафіі ў Вялейцы, ведаем таксама, што справа працягваецца. Хацеў бы падзякаваць усім, хто спрыяў і далей спрыяе, каб гэтая справа з ксяндзом Лазарам вырашылася, і таксама дзякую за малітвы".

Ксёндз Уладзіслаў Лазар быў арыштаваны ў Менску ў канцы траўня і больш за паўгода ўтрымліваўся ў "амэрыканцы". У ліпені КДБ прызнаў, што ксёндз Лазар затрыманы і абвінавачваецца ў аказанні грашовай дапамогі чалавеку, які падазраецца ў шпіянажы. З вязніцы ксёндз Лазар пісаў сваякам, што ні ў чым не вінаваты і спадзяецца на хуткае вызваленне. На пачатку снежня ўва ўправе інфармацыі і сувязяў з грамадзкасцю КДБ паведамілі, што следзтва вырашыла вызваліць ксяндза Лазара пад падпіску з абавязкам штодня адзначацца ў міліцыі.

Мітрапаліт Кандрусевіч на сустрэчы з журналістамі таксама паведаміў, што адметнасцю 2013 году сталася святкаванне 400-годдзя з'яўлення абраза Маці Божай Будслаўскай і ўдзел ва ўрачыстасцях папскага легата Жана-Луі Тарана. Таксама значнай падзеяй сталася прызначэнне папам Францішкам трох новых біскупаў у Мінску, Гародні і Віцебску, што адбылося ўпершыню за апошнія чатырнаццаць гадоў.



Паводле Тадэвуша Кандрусевіча, ад 2014 году распачынаецца трохгадовая праграма падрыхтоўкі да 100-годдзя аб’яўлення Маці Божай у Фаціме. У Беларусь мае прыбыць адна з 12 копіяў фігуры Маці Божай Фацімскай. Тут яе будуць перадаваць па касцёлах і капліцах па ўсёй краіне. Таксама плануецца, што ў наступным годзе ў Назарэце ўсталююць абраз-мазаіку Маці Божай Будслаўскай паводле праекту, які ўжо распрацаваны і гатовы да выканання. Яшчэ адной адметнасцю будучага году стане VІІІ чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў, які пройдзе ў Лідзе 24-28 лютага і ў Беларусі адбудзецца ўпершыню. У ім возьмуць удзел футбольныя каманды святароў з 14 краін Еўропы. Сярод найбліжэйшых падзеяў — фэстываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграмаў "Magnificat", які пройдзе ў Чырвоным касцёле ў Мінску 4 і 5 студзеня. А ў бліжэйшую суботу, 21 снежня, беларускія скаўты давязуць у Мінск Віфлеемскі агонь.



На завяршэнне сустрэчы Тадэвуш Кандрусевіч традыцыйна падзяліўся з журналістамі аплаткам — кавалачкам белага хлеба, які сімвалізуе Хрыста — з узаемнымі віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі на Новы год.
0063042