Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Аналягічная эўрапейская Тройка апошні раз была ў Беларусі роўна год таму - летась у сакавіку. Дарэчы, нават два яе сябры тыя ж самыя - Адрыян Сэвэрын і Ян Віерсма.

Парлямэнцкая Тройка зараз будзе рэпрэзэнтаваная спадаром Адрыянам Сэвэрынам, прэзыдэнтам Парлямэнцкай Асамблеі Арганізацыі Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе, спадаром Тэры Дэвісам, старшынём Камітэту палітычных пытаньняў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, і спадаром Янам Віерсмам, старшынём дэлегацыі Эўрапейскага Парлямэнту па стасунках з Украінай, Беларусьсю й Малдовай. Кіраўнікоў дэлегацыі будуць яшчэ суправаджаць сябры парлямэнцкіх сходаў і Эўрапейскага Парлямэнту.

У першую чаргу трэба адзначыць надзвычай высокі ўзровень дэлегацыі. Адрыян Сэвэрын раней у Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ачольваў спэцыяльную рабочую групу па Беларусі й цягам 1998-2000 гадоў наведваў Беларусь сем разоў. Дарэчы, мінулы раз у складзе аналягічнай Тройкі Адрыян Сэвэрын наведваў Беларусь на пачатку сакавіка 2000 году й тады сустракаўся з Лукашэнкам і гаварыў кіраўніку Беларусі пра 4 умовы эўрапейцаў, пры дакладным выкананьні якіх выбары могуць быць прызнаныя. Летам мінулага году спадар Сэвэрын быў абраны прэзыдэнтам Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, але на такой высокай пасадзе цікавасьці да падзеяў у Беларусі ня страціў і працягвае сур'ёзна займацца праблемамі Беларусі. Ён асабіста прымаў тыдзень таму, калі адбывалася паседжаньне Сталага Камітэту ў Вене, абедзьве беларускія дэлегацыі - і Вярхоўнага Савету, і Палаты Прадстаўнікоў.

Тэры Дэвіс, старшыня Палітычнага Камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, бываў у Беларусі ўжо 2 разы ў складзе эўрапейскіх троек, апошні раз - увесну летась. Ян Віерсма прыедзе ў Беларусь ужо трэці раз, а перад гэтым быў у нашай краіне ў сакавіку летась разам з Адрыянам Сэвэрынам. Мэта візыту парлямэнцкай Тройкі ранейшая - спрыяць разьвіцьцю дэмакратыі ў Беларусі напярэдадні будучых прэзыдэнцкіх выбараў.

Цягам трох дзён, з 5 да 7 сакавіка, эўрапейскія парлямэнтары маюць намер сустрэцца з прадстаўнікамі афіцыйнай заканадаўчай і выканаўчай уладаў (пакуль у плянах пэўны - Адміністрацыя Прэзыдэнта й Цэнтравыбаркам). Заплянаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі асноўных палітычных партыяў і праваабарончых арганізацыяў, з Каардынацыйнай радай назіраньня за выбарамі, з прафсаюзамі, трэцім сэктарам. Абавязкова адбудзецца сустрэча з кіраўнікамі акрэдытаваных у Беларусі дыпляматычных місіяў, з КНГ АБСЭ ў Беларусі. 7 сакавіка эўрапейскія парлямэнтары правядуць прэсавую канфэрэнцыю па выніках візыту.

Дарэчы, цягам бліжэйшага месяца Беларусь яшчэ наведаюць кіраўнік Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека АБСЭ Герард Штудман, а таксама Фраймунд Дувэ, упаўнаважаны АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ.



Іна Студзінская



Радыё Рацыя
0058648