Общество


Алег Груздзіловіч,

Зняволены бізнэсовец Юры Данькоў мае сказаць сваё апошняе слова ў судзе 17 снежня. 13 снежня ў судзе Маскоўскага раёна Менска скончыліся судовыя спрэчкі.

Раней была інфармацыя, што апошняе слова Данькова на закрытым працэсе прагучыць у пятніцу 13-га.

Аднак Натальля Данькова, жонка бізнэсоўца, паведаміла, што спрэчкі ў судзе скончыліся толькі сёння.

Данькова кажа, што пракурор ня зняў ніводнага пункту абвінавачвання і запатрабаваў пакараць яе мужа 9 гадамі турмы.

Сёньня Наталля Данькова на некалькі секундаў пабачыла мужа. Кажа, што ён выглядае схуднелым і стомленым.

Калі можна чакаць прысуду, не ведае ні жонка, ні адвакат падсуднага.

Паводле сваякоў Данькова, ён так і не прызнаў сваёй віны па большасці выстаўленых абвінавачанняў, у тым ліку ў арганізацыі ў клюбе прытону і схіленні да заняткаў прастытуцыяй. Усяго Юрыя Данькова абвінавачваюць паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Працэс над Юрыем Даньковым ідзе з верасня ў закрытым рэжыме. Судзіць бізнэсмэна суддзя суда Маскоўскага раёна Менска Наталля Кузняцова.